Беларусь. Копыльщина и Эдвард Войнилович

Актуально Асоба

Герой дадзенага артыкула — Эдвард Вайніловіч, карэнны беларускі шляхціц, пароднены са слуцкімі князямі Алелькавічамі, нясвіжскімі Радзівіламі, грушаўскімі Рэйтанамі і мінскімі Ваньковічамі.  Яго блізкія родзічы — кампазітар Станіслаў Манюшка і мастак Валянцін Ваньковіч.

костел1
Касцёл святых Сымона і Алены, 2015 г.

Эдварда Вайніловіча ведаюць як знакамітага грамадскага дзеяча, цудоўнага сем’яніна і сапраўднага мужчыну — прыклад для сучаснага пакалення. У 2014 годзе распачаўся працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча — далучэння яго да ліку святых.

Эдвард Вайніловіч, 1910 г.
Эдвард Вайніловіч, 1910 г.

Удзячныя нашчадкі

Сучаснікі па праве лічылі Эдварда Вайніловіча адукаваным і практычным памешчыкам, мудрым палітыкам. Такое меркаванне выказаў беларускі літаратуразнаўца, крытык, публіцыст, док-тар філалагічных навук, прафесар, ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусаў Адам Мальдзіс падчас навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь. Капыльшчына і Эдвард Вайніловіч», якая прайшла ў Капылі. У канферэнцыі прынялі ўдзел людзі, для якіх асоба Вайніловіча — прыклад служэння свайму народу. Перад прысутнымі — вучнямі гарадскіх школ, настаўнікамі, работнікамі ўстаноў культуры раёна — выступілі супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, БДПУ імя М. Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны расказвалі пра асобу Вайніловіча, яго ўплыў на падзеі, якія адбываліся ў тагачаснай Беларусі. У канферэнцыі прынялі ўдзел і шаноўныя госці — арцыбіскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Юрый Касабуцкі, ксёндз-магістр, пробашч касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк.

Вайніловіч і Капыльшчына

Што ж звязвае Эдварда Вайніловіча з Капыльшчынай? Яго былыя сядзібы знаходзяцца на тэрыторыі цяперашняга Капыльскага раёна. У 1846 г. дзядуля Эдварда Антон Адамавіч Вайніловіч, з’яўляючыся старым чалавекам і хворым на ногі, перадаў кіраванне гаспадаркай сваім дзецям, падзяліўшы свае маёнткі паміж двума сынамі (Тадэвушу — Кларымонт, Каралін; Адаму — Савічы, Пузаў і Браткава), вырашыў, што будзе жыць у сына Адама ў палацы ў Савічах на прыбыткі з дробнага маёнтка Дучава (Душава), які Вайніловіч набыў у паноў Грыцкевічаў. Адышоўшы ад кіравання маёнткамі, стары Антон Вайніловіч заставаўся галоўнай асобай у доме, усім кіраваў, і ўсё падпарадкоўвалася яго загадам.

У апошнія гады жыцця Адам Вайніловіч вельмі хварэў на атэрасклероз сасудаў ног, ад чаго ў свой час пакутавалі і яго бацька, і дзед. Хвароба не адступіла, хоць лячыўся і ў Варшаве. 22 снежня 1874 г., калі Эдварда не было пэўны час дома, Адам Вайніловіч памёр у палацы ў Савічах. Ад атэрасклерозу сасудаў ног пазней памрэ і Эдвард. Жонка Адама Ганна Эдвардаўна Вайніловіч памерла 31 снежня 1893 г. у Савічах. Увогуле, у Савічах знаходзіліся скляпенні, дзе былі пахаваны продкі Эдварда Вайніловіча, а таксама заўчасна памерлыя дзеці — дачка Алена і сын Сымон.

У 2010 годзе ў Капыльскім раёне з’явіўся новы экскурсійны маршрут — «Па сядзібах Эдварда Вайніловіча», распрацаваны міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Адукацыя без межаў» і Капыльскім раённым краязнаўчым музеем. Экскурсанты наведваюць вёску Савічы, каб пакланіцца крыжам, устаноўленым на месцы радавых могілак. У пачатку снежня 2014 года вернікі Чырвонага касцёла разам з архібіскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім завіталі ў Капыль. У гэты ж дзень на радавых могілках адбылося асвячэнне крыжоў, сімвалічнай Галгофы, дзе прысутныя пакінулі запаленыя лампадкі — вобраз вечнага Святла.

Звязаны з сям’ёй Вайніловічаў і іншыя населеныя пункты раёна. Напрыклад, некалі ў сутарэннях касцёла святога Міхаіла Архангела ў Цімкавічах знаходзіліся фамільныя грабніцы роду Вайніловічаў. Сядзіба «Лапухі» (цяпер в. Дунаева) да 1846 года належала Тамашу Ёдку. Сям’я Вайніловічаў купіла яе ў другой палове XIX стагоддзя. Складаліся «Лапухі» з аднапавярховага сядзібнага дома, парку, саду і некалькіх вадаёмаў, гаспадарчага двара, піваварні, маслазавода, пральні, гаспадарчых і службовых пабудоў. На тэрыторыі сядзібы знаходзіліся пейзажны парк, шматлікія алеі з розных парод дрэў і кустоў. У 1903 годзе (пасля смерці дачкі) Эдвард Вайніловіч прадаў «Лапухі» Людвігу Наркевічу-Ёдку. Гэтыя сродкі (каля 300 тысяч рублёў) і леглі ў аснову будаўніцтва знака нашай сталіцы, цудоўнага храма ў памяць аб сваіх памерлых дзецях —  Сымона і Алены.

У Макранах захаваўся бровар, царква, вадасховішча і капліца.

Яго карані

Эдвард Вайніловіч нарадзіўся ў 1847 годзе ў маёнтку Сляпянка каля Мінска. Яго бацька Адам паходзіў са старажытнага шляхецкага роду, які заснаваў у XIV стагоддзі шляхціц Вайніла. Род меў свой герб («Сыракомля») і дзяліўся на тры галіны. Маці — Ганна Манюшка-Ваньковіч са старадаўняга шляхецкага роду Манюшка. Выхаванне ў радавым маёнтку Савічы Слуцкага павета ў традыцыйнай шляхецкай годнасці, якую Эдвард Вайніловіч засвоіў і пранёс у сваёй душы праз усё сваё жыццё, і якая заключалася ў высакароднай прастаце і сумленнасці, набожнасці і шчырай веры, зычлівасці і гасціннасці, шанаванні продкаў і ахвярнай любові да Айчыны, пачалося бацькамі і працягвалася настаўнікамі. Вялікім прыкладам для Эдварда заўсёды быў працавіты і мудры бацька, а таксама пакаленні памерлых продкаў.

Маёнтак "Савічы", пачатак XX ст.
Маёнтак «Савічы», пачатак XX ст.

Атрыманыя ў спадчыну ўладанні, большасць з якіх знаходзілася ў межах Слуцкага павета, ператварылі Эдварда Вайніловіча ў аднаго з багацейшых памешчыкаў Мінскай губерні. Да пачатку ХХ стагоддзя Эдвард Вайніловіч стаў буйным прадпрымальнікам і валодаў шматлікімі землямі і фабрыкамі ў Мінскай губерні. Гарадскі суддзя, прадпрымальнік, стацкі саветнік, дэпутат расійскай Дзяржаўнай думы, старшыня Мінскага сельскагаспадарчага таварыства — Эдвард Вайніловіч дасягнуў усяго сваімі намаганнямі. Ён з залатым медалём скончыў Слуцкую Кальвінскую гімназію, якая лічылася адной з самых лепшых у краі. У 1865 годзе паступіў, маючы ўсяго 17 гадоў, без экзаменаў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, дзе, удзельнічаючы ў студэнцкіх сходках, навучыўся «ўсіх людзей лічыць роўнымі сабе — як перад законам, так і перад Богам». Працаваў інжынерам-тэхнолагам на Пуцілаўскім заводзе. Удасканальваў веды ў Італіі, у Германіі, у Польшчы. Сам Пётр Сталыпін, які за здольнасці і рэфарматарскія адносіны да працы называў Вайніловіча «мінскім Бісмаркам», прапаноўваў яму заняць у сваім урадзе на выбар пасаду віцэ-прэм’ера або міністра сельскай гаспадаркі Расіі. Але Эдвард прыклаў намаганні для падняцця эканомікі і дабрабыту свайго краю.

Любячы муж, клапатлівы бацька

Сымон Вайніловіч
Сымон Вайніловіч
Алена Вайніловіч
Алена Вайніловіч

Ажаніўся Эдвард Вайніловіч у трыццаць пяць гадоў, забяспечыўшы да таго часу дабрабыт чатырох сясцёр і цвёрда стаўшы на ногі. Яго абранніцай стала любімая дзяўчына Алімпія Узлоўская. Жаніцьба Эдварда з Алімпіяй прынесла ў яго дом цяпло і самую лепшую з уцех — гэта дзіцячы смех. Сына Эдварда Вайніловіча назвалі ў гонар Апостала Сымона, дачку назвалі ў гонар Св. Алены — маці імператара Канстанціна, які ў 325 годзе прызнаў хрысціян і забараніў іх праследаванне. Аднак сямейнае жыццё стала цяжкім выпрабаваннем для мужа і жонкі.

У ваеннай віхуры

Кастрычніцкая рэвалюцыя, сусветная, грамадзянская, польска-савецкая войны спынілі гаспадарчую дзейнасць прадпрыемстваў Эдварда Вайніловіча. 19-21 лютага 1918 г. хваля пагромаў дакацілася і да Савіч, роднага маёнтка Эдварда. Сямейныя партрэты і архіў, вялікая бібліятэка на 5000 тамоў, мэбля, шафы, рэдкія гістарычныя экспанаты… Нічога не засталося. Каб аднавіць страты падчас нямецкай акупацыі, Вайніловіч стварыў супольнасць мінскіх сялян. Узначаліўшы яе, ён прад’явіў ваенным уладам патрабаванне абараніць маёмасць вяскоўцаў, якая бессэнсоўна знішчалася рознага роду рэквізіцыямі. Аднак уласны маёнтак Вайніловіча, размешчаны на шляху з Баранавічаў у Бабруйск, пастаянна падвяргаўся разбурэнням.
У 1921 годзе быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, які пазбавіў Вайніловіча сродкаў да існавання. У 1920 годзе Эдвард Вайніловіч разам з жонкай ад’ехаў у польскі горад Быдгашч, дзе на свае сродкі пабудаваў шматпавярховы дом для дзяцей-сірот, за што заслужыў вялікую павагу жыхароў месца. У гэтым горадзе быў пахаваны пасля смерці ў 1928 годзе.

У служэнні Айчыне

Эдвард Вайніловіч з’яўляўся членам і прымаў удзел у працы трох Дзяржаўных дум Расіі. На працягу 35 гадоў быў ганаровым суддзёй Слуцкага павета. Узначальваў Таварыства дабрачыннасці Слуцкага павета. На аснове навейшых дасягненняў у сваіх маёнтках арганізоўваў сельскагаспадарчую працу. З 1878 года стаў членам, віцэ-старшынёй, а потым і старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Падтрымліваў і фінансаваў беларускія зямляцтвы ў Вільні і Пецярбургу, фінансаваў першае легальнае беларускае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца».

Дзелавыя інтарэсы Вайніловіча былі шматбаковымі. На яго землях праводзіліся розныя сельскагаспадарчыя эксперыменты. У Клецку Вайніловіч стварыў банк дапамогі сялянам. У Слуцку ён узначальваў таварыства дабрачыннасці, пры якім была адкрыта сярэдняя гандлёвая школа. Па ініцыятыве Вайніловіча выплачвалі стыпендыі маламаёмасным навучэнцам. Быў сапраўдным хрысціянінам: ахвяраваў грошы на будаўніцтва храмаў, цэркваў, сінагог і мячэцяў, пабудовы інтэрнатаў для дзяцей-сірот у Клецку і Капылі. Сучаснікі па праве лічылі Эдварда Вайніловіча адукаваным і практычным памешчыкам, мудрым палітыкам.

Каля Чырвонага касцёла…

На канец ХІХ ст. на 90 тысяч мінчан быў усяго адзін каталіцкі храм, пры тым, што пятую частку насельніцтва складалі католікі. Эдвард Вайніловіч разам са сваёй жонкай Алімпіяй падахвоціўся ўзвесці культавы будынак за ўласны кошт у памяць пра памерлага сына Сымона, які пражыў толькі дванаццаць гадоў. У 1903 годзе ў Мінскую гарадскую думу была накіравана заява прыха-джан Кафедральнага касцёла. Пад лістом, у якім даказвалася неабходнасць будаўніцтва новай святыні, было сабрана больш за 2 тысячы подпісаў.

Пакуль расійскае чынавенства разбіралася з просьбамі вернікаў, Вайніловічаў напаткала яшчэ адна трагедыя. У гэтым жа годзе, не дажыўшы ўсяго адзін дзень да свайго дзевятнаццацігоддзя, памерла іх дачка Алена-Бянігна. Яе бацька запісаў у дзённіку: «З некалі моцнага дрэва майго роду ападалі лісток за лістком, і я застаўся як адзінокая галінка, асуджаны на смерць, нібы абпаленае громам дрэва, якое ўжо ніякая вясна не ажывіць».

Эдвард і Алімпія Вайніловічы вырашылі пабудаваць храм у гонар святых Сымона і Алены — як памяць пра сваіх дзяцей. Кошт храма склаў больш за 300 тысяч рублёў, што раўнялася палове гадавога даходу горада Мінска.

Існуе паданне, што выгляд касцёла прысніўся дачцэ Вайніловічаў Алене, калі яна захварэла. 25 верасня 1906 года ўрачыстае адкрыццё краевугольнага каменю храма зрабіў ксёндз-дэкан К. Міхалкевіч. Сучаснікі былі вельмі здзіўлены надзвычай высокай якасцю будаўнічых работ. Дастаткова сказаць, што спецыяльную чырвоную цэглу разнастайнай канфігурацыі прывозілі ў асобных скрынях з Чэнстаховы, а чарапіцу з Вроцлава. Для калон і алтароў быў падрыхтаваны ружовы пясчанік і келецкі мармур. 21 лістапада 1910 года адбылося ўрачыстае асвячэнне храма.

Касцёл святых Сымона і Алены, як і многія святыні Беларусі, напаткаў сумны лёс. Але ў 1990 годзе храм аддадзены вернікам. Цяпер будынак Чырвонага касцёла з’яўляецца своеасаблівай візітнай карткай нашай сталіцы.

Спавядалі Эдвард і Алімпія Вайніловічы каталіцызм, але да ўсіх веравызнанняў ставіліся паважліва. Шматлікія сведчанні гавораць пра апякунства і ахвяраванні Вайніловічаў храмам розных канфесій. Напрыклад, у сваіх Макранах ён узвёў праваслаўную Георгіеўскую царкву, а побач, непадалёку — каталіцкі касцёл. У Клецку для яўрэяў пабудаваў сінагогу. Добразычліва ставіўся да татар — мусульманаў.

Жыццё пасля смерці

Яго прах вярнуўся на радзіму, а душа знайшла спакой у мілай сэрцу Беларусі. 11 чэрвеня 2006 года ў касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоным касцёле) адбылося жалобнае богаслужэнне і перапахаванне астанкаў заснавацеля храма, мецэната, грамадскага і палітычнага дзеяча Эдварда Вайніловіча. Настаяцель храма, магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук Уладзіслаў Завальнюк падчас богаслужэння адзначыў, што Эдвард Вайніловіч праз усё сваё жыццё пранёс словы: «Няхай веруючыя людзі розных канфесій, кожны ў сваёй святыні на зямлі Беларусі, славяць аднаго Бога на небе!»

Падрыхтавала Маргарыта САКОВІЧ

Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА і з інтэрнэт-крыніц

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *