Энергетики спешат на помощь

Актуально Да прафесійнага свята

22 снежня — Дзень энергетыка

Напярэдадні прафесійнага свята энергетыкі таварыства з абмежаванай адказнасцю «Капыльскі энергасэрвіс» адзначылі яшчэ і свой 40-гадовы юбілей. Менавіта 18 снежня 1975 года з’яўляецца датай заснавання іх прадпрыемства.

А стваралася яно для дапамогі сельгасарганізацыям  раёна  па  правядзенні  тэхнічнага абслугоўвання, рамонце электраабсталявання, будаўніцтве  новых  аб’ектаў  і  г.д.

Як расказаў дырэктар ТАА «Капыльскі энергасэрвіс» Міхаіл Бохан, абслугова-будаўнічае прадпрыемства і цяпер займаецца тэхнічным абслугоўваннем, бягучым рамонтам сетак і сістэм электразабеспячэння, электраасвятлення, а таксама электрамантажнымі і сантэхнічнымі работамі. У энергасэрвісе працуюць брыгады электрамантажнікаў і сантэхнікаў. Таксама ёсць лабараторыя, дзе пры дапамозе спецыяльных прыбораў праводзяць электрафізічныя вымярэнні. А яшчэ там працуюць інжынеры праектных работ, бухгалтары, эканамісты. У гэтым годзе прадпрыемства атрымала сертыфікат адпаведнасці, што дазваляе праводзіць работы згодна з неабходнымі патрабаваннямі.

IMG_8254
Дырэктар М. Бохан (першы справа) гутарыць з работнікамі М. Новікам, А. Рыжковым, Ю. Еўдакімавым і С. Пашкевічам

Сярод работ, выкананых сёлета, Міхаіл Бохан назваў удзел у будаўніцтве збожжасушыльнага комплексу ў ААТ «Старыца-Агра», даільна-малочнага блока ў РСУП «Бабоўня», жывёлагадоўчых аб’ектаў, а таксама жылых дамоў у ААТ «Прагрэс 2010» і «Піянер-Агра» і інш. Гэтымі днямі будзе ўведзена ў строй сістэма ацяплення на ферме ў ф-ле «В. Раёўка», да новага года павінен быць пабудаваны ўчастак лініі электраперадач 0,4 кВ для падключэння новых жылых дамоў у аграгарадку Пясочнае.

Галоўны бухгалтар В. Базыльчык (у цэнтры) абмяркоўвае планы з эканамістам В. Фіношынай, бухгалтарам А. Волкавай і інжынерам ПТР М. Бярновіч
Галоўны бухгалтар В. Базыльчык (у цэнтры) абмяркоўвае планы з эканамістам В. Фіношынай, бухгалтарам А. Волкавай і інжынерам ПТР М. Бярновіч

Акрамя таго ТАА «Капыльскі энергасэрвіс» выконвае работы па сваёй спецыялізацыі ў дамах шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама адзінокіх грамадзян па запыце ДУА «Капыльскі ТЦСАН».

Займаецца ўсім гэтым калектыў, які налічвае каля 30 чалавек. Сярод тых, хто вылучаецца сваімі адносінамі да працы, кіраўніцтва адзначыла спецыялістаў лабараторыі Аляксандра Рыжкова і Сяргея Пашкевіча, электрамантажнікаў Анатоля Лазюка, Юрыя Еўдакімава, Мікалая Новіка, электрагазазваршчыкаў Алега Сіцкага і Яўгена Кісяля, інжынера праектна-тэхнічных работ Марыну Бярновіч.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота Паўла ШЭІНА

***                            

 

Паважаныя работнікі энергасістэмы КАПЫЛЬСКАГА раёна, ветэраны вытворчасці!

Прыміце самыя шчырыя віншаванні з прафесійным святам.

Ад вашай штодзённай адказнай працы залежыць бесперабойнае энергазабеспячэнне народнай гаспадаркі і насельніцтва Капыльшчыны, што з’яўляецца адной з умоў стабілізацыі эканомікі, паляпшэння жыцця людзей.

Жадаем усім вам і вашым блізкім моцнага здароўя, шчасця, новых працоўных здзяйсненняў, радасці і дабрабыту.

Раённы выканаўчы камітэт

Раённы Савет дэпутатаў



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *