«Усё мне можна, але не ўсё прыносiць карысць…»

Зваротная сувязь

Штотыднёвую прэсу праглядаю заўсёды і пачынаю з раёнкі. Так здарылася і ў сераду, 17 лістапада. Асаблівую ўвагу звярнула на артыкул карэспандэнта Любові Пятровай “Пора задуматься: кто виноват в поступках наших детей?”

Ці ж можна быць абыякавым, калі размова ідзе пра алкагольна залежную моладзь? Пытанне рытарычнае. Адказ адназначны: нельга і граху падобна. Зразумела, у сем’ях гэтых падлеткаў клопат аб духоўнай моцы адсутнічае. Але ж у нашым раёне многа хрысціянскіх сем’яў, якія ведаюць цяпер пра Бога, імкнуцца пазнаць Бога. Вялікую дапамогу ў выратаванні малалетніх аматараў спіртнога і іх бацькоў могуць аказаць касцёл і царква, асабліва іх высокаадукаваныя пастыры. У ксяндза Аляксандра Вітко, напрыклад, няма ніводнай нядзельнай пропаведзі, дзе б ён не засяроджваў увагу вернікаў, бацькоў, маладых жанчын і мужчын, дзяцей на такой вельмі значнай акалічнасці, што алкаголіка можна выратаваць, калі стварыць асяроддзе, дзе не п’юць і не імкнуцца да піцця. Вельмі важна, кажа ксёндз, сфарміраваць і замацаваць новыя традыцыі ў грамадстве, вучыць адпачынку, прэзентацыі, імянінам, асабліва пахаванню памерлых, дзе няма месца алкагольным напоям.

Уражвае жудасны ўчынак капыльскіх падлеткаў на гарадскіх могілках. А ці лепш паводзяць сябе старэйшыя, калі распіваюць алкаголь каля святых магіл, пакідаючы там рэшткі недаедзенага, бутэлькі, шклянкі? І гэта ўбачыш заўсёды, калі б не наведаў святыя мясціны. Да такіх асоб можна адносіцца па-рознаму: ненавідзець, грэбаваць, не заўважаць у прынцыпе. І гэта лёгка… А любіць іх? Прабачаць іх, як вучыць Усявышні? Скажаце, нельга?! А ўсё ж ёсць такое месца і такія бліжнія, дзе дапамагаюць апрытомнець тым, хто збочыў з прамой дарогі, дзе яны любімы Богам. Гэта Цэнтральная Служба Ананімных Алкаголікаў, якая знаходзіцца ў Стайках пад Мінскам. 20-годдзе адзначыла гэта служба ў маі. Дарэчы, у жнівеньскім нумары часопіса “Дыялог”, які можна набыць у капыльскім касцёле св. Пятра і Паўла, адлюстраваны яскравыя вынікі яе работы.

Вяртаючыся да артыкула ў раёнцы, які так узрушыў мяне, хацелася б заклікаць усіх тых, каго называе аўтар публікацыі. Апамятайцеся! Яшчэ не позна! Святы Павел у І Пасланні да карыфіянаў падае вельмі добрую ідэю: “Усё мне можна, але не ўсё прыносіць карысць. Усё мне можна, але нішто не павінна валодаць мною”. Памятайце запавет мудрага Апостала Паўла: “Не напівайцеся віном… Напаўняйцеся Духам…”

Ганна АРЛОЎСКАЯ,

ветэран педагагічнай працы, прыхаджанка касцёла Святых Пятра і Паўла



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *