16 ноября исполнилось 110 лет со дня рождения нашего знаменитого земляка Янки Скрыгана

Культура

_skrygan

16 лістапада адзначаецца 110-годдзе з дня нараджэння нашага земляка, вядомага беларускага пісьменніка, заслужанага работніка культуры БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, ураджэнца вёскі Труханавічы Яна Скрыгана (Івана Аляксеевіча Скрыгана).

Ян Скрыган — адзін з першапраходцаў беларускага нарыса як новага літаратурнага жанру, і гэта малая форма стала ўзорам яго надзвычайна лінгвістычна багатай і глыбока нацыянальнай творчасці.

З нагоды юбілею знакамітага земляка запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Так, 18 лістапада дэлегацыя Капыльшчыны прыме ўдзел у літаратурнай вечарыне «Час робіць усё, што яму прыспявае», якая пройдзе ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Гэтымі днямі ў Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэцы імя А. Астрэйкі разгорнута выстава кніг пісьменніка, атрыманых у падарунак ад яго дачкі Галіны Скрыган. Тут жа можна азнаёміцца з матэрыяламі інфармацыйнага дайджэста, папкі і слайд-фільма, якія расказваюць пра жыццёвы і творчы шлях славутага земляка. Таксама запланавана правядзенне літаратурнага прывітання «Ян Скрыган у поўных імгненнях».

У Каменскім ВПК д/с-СШ, дзе працуе экспазіцыя краязнаўчага музея, прысвечаная Яну Скрыгану, пройдзе літаратурная дэкада. У яе рамках — тэматычна-інфармацыйная, літаратурная гадзіны, вусны часопіс, прэзентацыя новай экскурсіі «Сямейны партрэт Яна Скрыгана», а таксама даследчых работ навучэнцаў.

Ян СКРЫГАН

ПЯРЭГАЛАГ

— Кожны раз, калі спяваюць «Русское поле» ці «Белая Русь», у мяне замірае дыханне. Як многа ў гэтых песнях нечага вечна свайго, дарагога, роднага.

Так і не разумееш тайны слова. І музыкі. Як яны могуць несці ў сабе цэлую бацькаўшчыну.

—  Бог — гэта тое, у што верыш. Без бацькаўшчыны ў душы не будзе ніякага Бога.

—  Самыя дарагія мне мае дні, калі я хворы. Толькі тады я паспяваю падумаць, што вельмі мала зрабіў, што ўсё тое, што трэба зрабіць, — яшчэ наперадзе.

І хвалявацца гэтым, і перажываць. А ў творчым хваляванні можа самыя высокія хвіліны.

—  Кожны чалавек у некім пакідае ўспамін пра сябе. Хто быў знаёмы, хто блізкі, хто любы — кожнага ў свет павяла свая дарога. Як жа не хочацца думаць, што ў чыёй-небудзь памяці мог ты пакінуць горкі след.

— Паляванне. Рыбацтва. Колькі пра гэта напісана! А мне якраз прычына падумаць, як многа чаго ў жыцці астаецца ня- здзейсненым.

З самых юначых гадоў марыў стаць паляўнічым, а ніколі не ўдалося нават пахадзіць па лесе са стрэльбаю. Даўно чуў, што рыбацтва — найлепшы спорт і найлепшы адпачынак, што, седзячы за вудаю, можна забыцца на ўсё на свеце, а я нават не ведаю, як трэба закідваць тую вуду.

Ні на што не хапала часу.

А цяпер мару павандраваць па Беларусі. Каб сваім ходам дабрацца да мясцін, дзе здабываюць нафту, дзе гадуюць найлепшыя сады, сеюць найлепшы лён, дзе пяюць найгаласнейшыя песні.

Божа, якая гэта дабрыня — усюды самому быць, усё самому бачыць, пачуць. У гэтым жа — бацькаўшчына!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *