И воспоминание во время дождя…

Актуально Асоба

Час напярэдадні юбілею…  Кроплі лістападаўскага дажджу пакідаюць на аконных шыбах сцежкі-дарожкі. Старшыня раённага Савета ветэранаў Казіміра Мікалаеўна Ганчар глядзіць на вуліцу і нібы праз лінзу часу пераглядвае ўсё сваё жыццё. Пераглядвае і аналізуе. Жаночая мудрасць і амаль юнацкі максімалізм сталі фундаментам яе характару. Яны дапамагалі адстойваць свой пункт гледжання, калі гэта было неабходна, дапамаглі выхаваць годнага сына.

гон

Дзяцінства прайшло ў сям’і працаўнікоў калгаса «На варце» ў вёсцы Выня, дзе ў 1945 годзе і нарадзілася наша гераіня. Сваё такое незвычайнае для жанчыны імя атрымала ў спадчыну ад матулі, Міхаліны Казіміраўны, якая, дарэчы, была рэўнаснай каталічкай і жыцця  без веры не ўяўляла. Таму пешшу часта хадзіла ў касцёл у Нясвіж. Некалькі разоў брала з сабой і маленькую Казіміру. Калі дзяўчынка падрасла і стала піянеркай, спрабавала перавыхаваць бацькоў. Нават і зараз чуе, як старэйшы брат Эдуард кажа ёй: «Кінь, Казя, усё роўна ты з іх піянераў не зробіш!».

Адносіны паміж старэйшымі братам Эдуардам і сястрой Ядвігай, а таксама малодшай Марыяй у Казіміры засноўваліся на павазе і разуменні. Калі трэба было, Эдуард абараняў сястру ад надакучлівых аднакласнікаў-хлапчукоў Вынянскай сямігодкі. Для таго ён меў рацыю: у класе Казіміра была адзінай дзяўчынкай сярод 11 вучняў ды яшчэ з неверагодна беленькімі валасамі. Не звярнуць на яе ўвагу хлопчыкі проста не маглі. Але нягледзячы на такі да сябе інтарэс, Казіміра вучылася добра.

З пачуццём асаблівай цеплыні і жалю жанчына ўспамінае старэйшага за яе на два гады аднакласніка Іосіфа. Ужо тады, у юнацтве, Казіміра разумела, што прыйшлася яму даспадобы. Аднойчы разам з сяброўкамі яна адправілася на танцы. Зайграла папулярная песня «На позицию девушка провожала бойца…» Іосіф запрасіў Казіміру на танец, але пачуў у адказ: «Адыдзі! Ты п’яны». Вось ён, юнацкі максімалізм: як жа можна танцаваць з п’яным! Настрой знік, таму дзяўчына раней пайшла дадому. Здарылася так, што ў той жа вечар, вяртаючыся дадому, Іосіф трапіў пад колы аўтамабіля, за рулём якога сядзеў нецвярозы вадзіцель. Выратаваць юнака не змаглі. Хіба ж забудзеш такое! Не аднойчы, ужо стаўшы дарослай і самадастатковай жанчынай, Казіміра Мікалаеўна ўспомніць яго і скажа сабе: толькі б не зрабіць нікога нешчаслівым, толькі б нікому не нашкодзіць!

Маленькая Казіміра на каленях у маці, 1948 г.
Маленькая Казіміра на каленях у маці, 1948 г.

Вучобу ў Пружанскім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі Казіміра пачала ў 14-гадовым узросце разам з сяброўкамі Ганнай Козел і Валянцінай Лукашэвіч. Выбар прафесіі агранома не быў выпадковым. Перад вачыма і зараз узнікае вобраз прыгожай жанчыны-агранома, якая шчыравала ў роднай вёсцы. Прывабнай была не толькі яна сама, але і яе праца. Казіміра бачыла і адчувала, з якой любоўю і шчырасцю тая адносілася да раслін. Зараз, адпрацаваўшы ў сельскай гаспадарцы больш за 30 гадоў, Казіміра Мікалаеўна ўпэўнена: толькі аддаўшы зямлі ўсяго сябе без астатку, можна спадзявацца на добрыя вынікі.

Там, у Пружанах, дзяўчына пачала адкрываць для сябе жыццё: кіно, бібліятэкі, танцы. Хацелася спазнаць свет і лю-дзей. Усё навокал — мужчын і жанчын, іх учынкі, грамадскія з’явы — яна дзяліла толькі на чорныя і белыя, дрэнныя і добрыя. Трэцяга не было. Ніякіх адценняў шэрага яна не прызнавала.

Жыццё самастойнае пачалося пасля заканчэння ў 1964 го-дзе тэхнікума, калі па размеркаванні Казіміра трапіла ў адну з гаспадарак Баранавіцкага раёна. Маладосць, імкненне кахаць і быць каханай. Казіміры пашанцавала: самае таямнічае пачуццё сустрэлася і ёй. Праз пэўны час дзяўчына даведалася, што чакае дзіця. Але парадавацца гэтай падзеі ў поўнай меры не дазволіла крыўда на каханага, якую так і не змагла дараваць. Толькі не зрабіць нікога нешчаслівым, толькі б нікому не нашкодзіць! Ізноў юнацкі максімалізм. Але зараз жанчына разумее, што менавіта ён ды яшчэ прынцыповасць дапамаглі выгадаваць сына Ігара, які нарадзіўся ўлетку 1966 года, сумленным і мэтанакіраваным, як кажуць, сапраўдным мужчынам.

На Капыльшчыну Казіміра Мікалаеўна вярнулася ў 1969 го-дзе. Працу пачала ў райнарыхтлёне, узначальваў які Бохан Канстанцін Аляксеевіч. Хутка яе як добрага спецыяліста прыкмецілі ў райвыканкаме і запрасілі на пасаду інжынера-меліяратара. Скончыўшы працу, жанчына кожны вечар спяшалася ў родную вёску, дзе разам з бацькамі яе чакаў маленькі Ігарочак. Як сёння бачыць: вось яна, родная хударлявая фігурка пяцігадовага хлопчыка, які сустракае матулю ля месца прыпынку аўтобуса.

Ігар - курсант Яраслаўскага вышэйшага ваенна-фінансавага вучылішча разам з Казімірай Мікалаеўнай, 1987 г.
Ігар — курсант Яраслаўскага вышэйшага ваенна-фінансавага вучылішча разам з Казімірай Мікалаеўнай, 1987 г.

Праца для Казіміры Мікалаеўны была сапраўдным сэнсам жыцця. У той час меліярацыі ўдзялялася шмат увагі. Асушвалі па 1000 га ў год. Зараз аб тым, патрэбна меліярацыя ці не, спрачаюцца і спецыялісты, і звычайныя вяскоўцы. Але Казіміра Мікалаеўна памятае, як у роднай Выні, каб вынесці нарыхтаванае для каровы сена, прыходзілася хадзіць па сапраўдным балоце. Таму яна ўпэўнена: усё, што зроблена, зроблена на карысць чалавека і сельскай гаспадаркі. Каб не тыя землі, што некалі былі непраходнымі балотамі, ці змаглі б мы пракарміць самі сябе? Сажалкі ў Мажы і Садках, Астраўку і Багушах — ці не лепшая адзнака за сваю працу? Менавіта гэтыя прыгожыя вадаёмы з’явіліся на Капыльшчыне дзякуючы дзейнасці меліяратараў не без удзелу Казіміры Мікалаеўны. Але меліярацыя не зусім жаночая справа: трэба зрабіць чарцёж будучага возера і накіраваць усю патрэбную дакументацыю ў праектны інстытут. Толькі максімалізм і прынцыповасць дапамаглі гэтай прыгожай жанчыне працаваць на роўных разам з раённым кіраўніцтвам, старшынямі гаспадарак. Мікалай Фёдаравіч Кульбіцкі, Уладзімір Віктаравіч Сасноўскі, Яўген Васільевіч Сівец — усе яны ў розныя часы з’яўляліся начальнікамі ўпраўлення райсельгасхарчу. Кожнаму з іх Казіміра Мікалаеўна ўдзячна за сумесную працу. Сямнаццаць гадоў амаль аднадумцам быў начальнік землеўпарадкавальнай службы Аляксандр Іванавіч Саханцоў. Давялося супрацоўнічаць і з Анатолем Іосіфавічам Жданенем, які на той час узначальваў калгас «Авангард». Працаваць з імі заўсёды было плённа і цікава.

Адначасова з працай ва ўпраўленні Казіміра Мікалаеўна вучылася ў сельгасакадэміі. Гэта ўсё той жа характар даваў і сілы, і час, каб добрасумленна выконваць абавязкі на рабоце, рыхтавацца да вучобы і, канешне ж, з ласкавай усмешкай вяртацца да сына.

Толькі ў 1978 годзе Казіміра Мікалаеўна змагла перавезці Ігара ў Капыль: яна атрымала кватэру. Хлопчык пайшоў у 7 клас СШ № 2 г. Капыля. Класным кіраўніком стала Зоя Аляксандраўна Барысава. Адносіны з аднакласнікамі і настаўнікамі ў Ігара склаліся шчырыя. Яны і зараз сустракаюцца, каб павіншаваць любімую класную.

Больш за 30 гадоў дзейнасць Казіміры Мікалаеўны была звязана з сельскай гаспадаркай.

На заслужаны адпачынак у  2003 годзе яна выйшла. Але хіба ж можна сядзець без занятку, асабліва калі значную частку жыцця быў у віхуры падзей і спраў? Таму, калі ў кастрычніку таго ж 2003-га прапанавалі ўзначаліць раённы Савет ветэранаў, згадзілася без усялякіх сумненняў. Калі працуеш з людзьмі паважанага ўзросту, патрэбны разуменне і суперажыванне, здольнасць прыняць чужы боль, як свой уласны. Добрымі настаўнікамі ў гэтай высакароднай справе сталі Сяргей Іванавіч Уэльскі, Віктар Пракоф’евіч Губіч, Віктар Адамавіч Семянкевіч, Міхаіл Міхайлавіч Касінскі. Значную дапамогу аказваюць актывісты — старшыні пярвічак Леанід Міхайлавіч Вілейка і Часлава Феліксаўна Грыгаровіч. Не застаецца ўбаку і раённая ўлада: усе пытанні вырашаюцца пры яе падтрымцы і таксама грамадскіх фарміраванняў.

За самаадданую працу Казіміра Мікалаеўна мае шмат узнагарод, самай значнай сярод якіх з’яўляецца Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, атрыманая ў 2010 годзе.

…Час не стаіць на месцы. Сын, яе любімы Ігарок, зараз таксама на заслужаным адпачынку, але працягвае працаваць. Пасля таго, як у званні палкоўніка пагранічных войскаў Ігар Яўгенавіч выйшаў у запас, яго ў якасці кансультанта запрасілі ў Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь. Часта да бабулі з Масквы прыязджае 20-гадовая ўнучка Алеся.

— Яны не такія, як мы, — без жалю падагульняе Казіміра Мікалаеўна. — Не такія наіўныя, не такія максімалістычныя. Яны — іншыя. Але наша жыццё не было горшым. І пражылі яго мы годна. Мы імкнуліся ўсіх зрабіць шчаслівымі…

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота з сямейнага архіва і Сяргея ЛАЗОЎСКАГА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *