Бывшему редактору газеты «Слава працы» Виктору Адамовичу Семенкевичу — 90 лет!

Актуально Асоба

IMG_ 111

Сёння, 28 кастрычніка, спаўняецца 90 год Віктару Адамавічу Семянкевічу. На працягу 24 гадоў ён узначальваў рэдакцыю газеты «Слава працы». Менавіта Віктару Адамавічу раёнка абавязана сваёй назвай, а шматлікія журналісты лічаць яго сапраўдным настаўнікам.

Камандаванне гвардзейскага палка ракетных войск стратэгічнага прызначэння не паскупілася на добрыя словы ў адрас сакратара камсамольскай арганізацыі падраздзяленняў кіравання, і ў адну з апошніх пятніц канца снежня 1972 года аўтар гэтых радкоў сядзеў у зале пасяджэнняў райкама партыі, куды былі сабраны ўсе нядаўна  звольненыя ў запас воіны з Капыльшчыны. У характарыстыцы-рэкамендацыі, што ляжала ва ўнутранай кішэні майго параднага вайсковага мундзіра, значылася мэтазгоднасць накіраваць мяне на работу ў камсамольскіх органах.

Сакратар райкама па ідэалогіі сказаў, што такая вакансія два тыдні  таму занята салдатам, які звольніўся са службы крыху раней.

– А як ты глядзіш на літаратурную працу? У нас у рэдакцыі раённай газеты ёсць месца. Калі будзеш адпавядаць патрабаванням, то можа рэдактар цябе і возьме.

Я адказаў, што школьныя сачыненні пісаў на «выдатна», асабліва на вольную тэму.

І вось я ў рэдакцыі (тады яна размяшчалася ў будынку цяперашняга магазіна «Сузор’е смаку»). У мініяцюрным кабінеціку, памерам дзесьці паўтара на два метры, за пісьмовым сталом сядзеў невысокі малажавы мужчына ў пыжыкавай шапцы – здаецца, толькі што вярнуўся з марознай вуліцы.

Ветліва павітаўшыся, Віктар Адамавіч пачаў дэталёва распытваць: адкуль родам, хто бацькі, дзе служыў, што ўмею, дзе цяпер жыву, якая адукацыя…

– Што ў час армейскага водпуску заходзіў у рэдакцыю і прыносіў свае вершы – памятаю. А ці ведаеш беларускую мову? Размаўляеш жа па-руску.

Удакладніўшы ўсе звесткі пра мяне, рэдактар заключыў: «Будзеш літаратурным супрацоўнікам. Пішы заяву, а ў панядзелак на работу. Тады ж і напішаш заяву ў адзінаццаты клас вячэрняй школы. А яшчэ – у нас карэктар захварэла. Пакуль і яе заменіш».

…Едучы дадому, здзіўляўся шчырасці, даверу і адкрытасці гэтага чалавека. Хоць яшчэ не ведаў, што дабрыня і спагадлівасць Віктара Адамавіча Семянкевіча будуць здзіўляць мяне яшчэ не адзін дзясятак гадоў.

Усевалад Гурыновіч, Рыгор Швец, Казімір Кухарчык і Віктар Семянкевіч, 1973 г.
Усевалад Гурыновіч, Рыгор Швец, Казімір Кухарчык і Віктар Семянкевіч, 1973 г.

За выхадныя поўнасцю падрыхтаваўся да рэдакцыйнай працы: зняў з шапкі зорачку, за пазычаныя ў сястры сорак рублёў купіў пінжак, начысціў боты…  Да арміі працаваў з 15 гадоў, камплект вопраткі быў, ды за два гады службы я з яе вырас. Адпрацаваў месяц, са старублёвага акладу (пасля ўтрымання падаходнага і халасцяцкага падаткаў) атрымаў 85. Не паспелі гэтыя грошы абагрэцца ў маёй кішэні, як да мяне падыходзіць рэдактар і кажа: «Хуценька апранайся і ідзі за мною».

Не разумеючы ў чым справа, я пайшоў за Віктарам Адамавічам на другі паверх капыльскага ўнівермага. Семянкевіч падышоў да прадаўца аддзела вопраткі і сказаў: «Прынясіце гэтаму хлопцу што-небудзь танней». Прадавец моўчкі паклала на прылавак порткі накшталт джынсаў і назвала кошт – сем рублёў. «Плаці», – прамовіў рэдактар, і я заплаціў. І толькі ўжо на сваім рабочым месцы ўсвядоміў, што зрабіў для мяне кіраўнік установы, у якой я стаў працаваць.

Далей «шэф» клапаціўся, каб маладыя супрацоўнікі не бегалі ў друкарню (цяперашні будынак магазіна «Прэм’ер») не апрануўшыся – «апраніся, бо прастудзішся», каб тыя, хто не мае ў Капылі жылля, знайшлі добрую кватэру, каб вялі здаровы лад жыцця…  Ды ці мала пра што яшчэ.

Вядома, што кожны творчы супрацоўнік газеты амаль не праз дзень выязджаў на раён для збору матэрыялаў для газеты. А выдзелены рэдакцыі фонд «дазваляў» аформіць не больш за дзве камандзіроўкі за месяц на чалавека, па тры рублі за кожную. Прыпамінаю такі эпізод з рэдакцыйных будняў, калі Віктар Адамавіч па ўласнай ініцыятыве даў указанне аформіць мне на адну камандзіроўку больш. На нечае здзіўленае запытанне «Чаму?» адказаў:

– Ён некалькі раз тэрмінова ездзіў па заданнях у далёкія ад райцэнтра гаспадаркі на сваім мотаролеры, а выдзеліць з рэдакцыйнага фонду бензіну мы не можам. Дык хоць часткова кампенсуе расходы.

… Час ішоў. Я паспяхова закончыў вячэрнюю школу, паступіў ва ўніверсітэт, нараджаліся дзеці, стаў расці па службовай лесвіцы, а свайго жылля не было. Кватэру атрымаць таксама было немагчыма. Мясцовае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне пачало будаваць і прадаваць насельніцтву «каробкі» зборна-шчытавых домікаў. Ды і такі катэджык аплаціць таксама праблематычна – бацькоў у мяне не было, а ў жонкі толькі маці з 60-рублёвым акладам.

Але і тут пашанцавала – нейкім чынам цешчы ўдалося знайсці дзве тысячы рублёў на задатак будаўнічай канторы, а нам сваімі вачыма ўбачыць чатыры сцяны свайго будучага жылля, якое ўзводзіла лепшая ў РБУ брыгада Князюка (яго жонка потым працавала прыбіральшчыцай у рэдакцыі). Як мы збіралі недастаючыя чатыры тысячы, лепш не расказваць. Скажу толькі, што з будупраўлення прыходзілі папярэджанні ў выпадку няўплаты праз суд перадаць домік іншаму ўладальніку. Але калі аб гэтым даведаўся Віктар Адамавіч, то да наступнага  водпуска выдзеліў мне з фонда рэдактара максімальна магчымую грашовую дапамогу.

З расказанага можа скласціся ўражанне, што толькі да мяне В. А. Семянкевіч адносіўся ўважліва і дабрадушна. Трэба сказаць, што адпаведную ўвагу ён удзяляў кожнаму свайму падначаленаму. А галоўнае, што ён фантастычна шмат часу і сіл надаваў газеце – ён ёю жыў, ён ёю існаваў. Але гэта ўжо – асобная тэма.

Не магу завяршыць гаворку, не сказаўшы пра адну з галоўных, на мой погляд, рысаў гэтага Чалавека з вялікай літары – нераўнадушша. Ён усё робіць ад душы, у любую карысную справу ўкладвае ўсю сваю энергію, паказвае ў гэтым прыклад іншым. Ніколі не забуду, як Віктар Адамавіч працаваў на шматлікіх  у той час сельгассуботніках: з энтузіязмам, без лішніх адпачынкаў, на поўную сілу. Аднойчы, калі мы ў канцы працоўнага дня загружалі апошнюю аўтамашыну цюкамі саломы, «шэф» літаральна ўгаварыў вадзіцеля зрабіць яшчэ адзін рэйс пасля заканчэння, каб звезці з поля апошнюю салому, і яна не засталася нанач пад хмурным небам. І такіх прыкладаў можна прыводзіць мноства.

У заключэнне скажу, што колькі б газетнай плошчы не выдзеліла рэдакцыя для ўшанавання нашага знакамітага юбіляра, яе будзе мала. Такі гэта чалавек. Можна сказаць, эксклюзіўны.

Казімір КУХАРЧЫК,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»



2 комментария по теме “Бывшему редактору газеты «Слава працы» Виктору Адамовичу Семенкевичу — 90 лет!

  1. Прыемна, што я з 1978 года чытаю газету, у якой працавау такі выдатны чалавек і кіраунік, і стараннямі якога газета зауседы была цікавай і патрэбнай людзям. А як аказалася ён яшчэ і Чалавек з вялікай літары. Дзякуй, шаноуны юбіляр. Здароуя.

  2. Помню всех содрудников редакции,здоровья Виктору Адамовичу,бывший секретарь райкома комсомола в 1975 г Варченя С.Г.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *