Уютный мир Зинаиды Белаш

Галоўныя падзеі Общество

У свой час вясковая руплівіца падняла на ногі пяцярых дзетак. А цяпер, калі настаў час вяртаць даўгі, — яна не ў страце.

…Жыццё не песціла Зінаіду Валянцінаўну Белаш (дзявочае прозвішча Шчарбінская). Расла лічы што без бацькі. Яго, Валянціна Уладзіміравіча, мясцовага ўчастковага міліцыі, падпільнавалі на лясной дарозе бандыты і паранілі, а затым са звязанымі рукамі 10 км цягнулі на вяроўцы за канём. Міліцыянер цудам выжыў, але з-за вялікага стрэсу захварэў на эпілепсію. Калі ляжаў у бальніцы, даймалі галаўныя болі і прыступы. Аднойчы выйшаў з палаты на вуліцу. Ці ад свежага паветра, ці ад хваробы раптам пахіснуўся, упаў і ўдарыўся галавою аб бетонны бардзюр. Урачы не змаглі выратаваць бацьку…

У школе Зіна вучылася добра, марыла аб далейшай вучобе. Але ў пасляваенныя гады не так лёгка было вырвацца з вёскі. Праўдамі і няпраўдамі атрымала пашпарт і паехала ажно ў Карэлію, бо туды ахвотна вербавалі хлопцаў і дзяўчат. Зіна трапіла ў Петразаводск, дзе адразу паступіла ў кулінарны тэхнікум. Два гады адпрацавала кухаркай на дрэваапрацоўчым заводзе. Тут і пазнаёмілася са сваім будучым мужам.

DSCN0684

— Можна было б жыць і працаваць, але дужа цягнула дадому, мілыя сэрцу Комсічы часта сніліся, — расказвае Зінаіда Валянцінаўна, — а таксама матуля.

Доўга мужа не прыйшлося ўгаворваць, і неўзабаве маладая сям’я пераехала ў родныя мясціны. Хутка нарадзіўся сын Генадзь, праз тры гады другі — Саша. Цеснавата стала ў невялічкай хаціне маладым, і яны пераехалі ў Кіявічы. Тут і нарадзіліся Аксана, Наташа і Галя. Дом, які яны набылі ў вёсцы, быў не надта ўтульны і зручны, таму адразу ўзяліся за яго рамонт, які зацягнуўся на дзесяць гадоў — то грошай не хапала, то часу. Да таго ж цяжка захварэў муж: 15 гадоў змагаўся ён з каварнай немаччу, але пераадолець яе не змог.

Падрасталі дзеці, старэйшыя даглядалі малых, дапамагалі маці па хатняй гаспадарцы. Зінаіда Валянцінаўна пайшла працаваць даяркай у мясцовы калгас. Даілі тады кароў уручную, малако насілі ў вёдрах і бідонах. Стамлялася, вядома, а яшчэ ж трэба было і дома гаспадарку глядзець.

— Не ведаю, як бы справілася з усім гэтым, калі б не дапамога дзяцей. Гуляць ім не было калі, бо, вядома ж, гаспадарка, — успамінае Зінаіда Валянцінаўна.

Цяжкая праца на ферме адбілася на здароўі жанчыны, і яна перайшла на больш лёгкую: стала сацыяльным работнікам.

…Прыемна зайсці на яе падвор’е. Усюды — і ў хаце, і ў двары, і ў гаспадарчых прыбудовах — чысціня і парадак. З першых цёплых дзён да замаразкаў усё патанае ў кветках, якія растуць уздоўж плота на вуліцы, у кветніку, двары. А вось у доме квецень буяе на падаконніках круглы год. Відаў і гатункаў гэтай прыгажосці некалькі дзясяткаў.

Прыгожыя платы, пафарбаваны веснічкі і вароты, калодзеж. За загарадкай  рохкае парсючок, квохчуць у вальеры хахлаткі. Агарод дае добрыя ўраджаі бульбы, агародніны. Сад адорвае крамянымі яблыкамі, салодкімі слівамі.

— У гэтым мне дапамагаюць дзеці, — з задавальненнем тлумачыць Зінаіда Валянцінаўна. — Кожныя выхадныя ў мяне яны ў гасцях: то сыны з нявесткамі, то дочкі з мужамі. Унукі таксама прыязджаюць. Я нават у магазін ці да аўталаўкі не хаджу — усё, што трэба, прывозяць дзеці.

І яшчэ хацелася б дадаць адну дэталь да характару Зінаіды Валянцінаўны. Нягледзячы на сталыя гады яна не па-старэчаму прыгожая. І гэтую прыгажосць прымнажае мяккі, прыемны голас.  Ды яшчэ ўсмешка — цёплая, шчырая, сапраўды мацярынская. І мяне ўразіла яе прыроднае пачуццё гумару. Яна нават над сваімі балячкамі смяецца…

Іван СУРМАН,

няштатны карэспандэнт «СП»

Фота Дзіяны ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *