Объединение коллектива — важнейшая задача профсоюзов

Лідар Новости

001098_00000696434

Прафсаюзная арганізацыя абараняе працоўныя правы работнікаў, дабіваецца выканання сацыяльных гарантый, паляпшае мікраклімат у калектыве.

Згуртаванне калектыву — адна з галоўных задач прафсаюзнага камітэта ўстановы аховы здароўя «Капыльская цэнтральная раённая бальніца». Як адзначае старшыня прафкама Людміла Лагун, тут робіцца ўсё для таго, каб і адміністрацыя, і ўрачы, медыцынскі і тэхнічны персанал былі аб’яднаны не толькі прафесійнай дзейнасцю, але і вольным часам, каб калектыў удзельнічаў у жыцці кожнага супрацоўніка, дапамагаў вырашаць праблемы, радаваўся і засмучаўся ра- зам з калегамі. Словам, павінна быць каманда.

Асноўным інструментам сацыяльнага партнёрства паміж работадаўцам і прафсаюзнай арганізацыяй з’яўляецца Калектыўны дагавор, які рэгулюе пытанні ўмоў працы, арганізацыі адпачынку, прадастаўлення льгот і гарантый работнікам. Дагавор вельмі насычаны, мае выражаную сацыяльную накіраванасць. Ён дазваляе пашырыць рамкі дзеючага працоўнага заканадаўства, забяспечыць дадатковае фінансаванне мерапрыемстваў па ахове працы, палепшыць умовы працы і быту работнікаў, аказаць ім матэрыяльную дапамогу. На працягу года з прафкамам узгадняюцца загады і распараджэнні, якія тычацца сацыяльна-працоўных адносін работнікаў.

Прафсаюзная арганізацыя Капыльскай ЦРБ налічвае 680 чалавек, што складае 99,9% ад агульнай колькасці штатных работнікаў. Агульная колькасць прафсаюзнага актыву — дзевяць чалавек. У прафкаме сабраны найбольш актыўныя члены прафсаюза. Работа прафсаюзнай арганізацыі заключаецца ў асноўным у прадстаўленні інтарэсаў працоўных на ўсіх відах нарад, сходаў, распрацоўцы і зацвярджэнні Калектыўнага дагавора, удзеле ў раённых мерапрыемствах, абласных пленумах і г. д.

— Наш калектыў жыве пад дэвізам «За здаровы лад жыцця!» — падкрэслівае Людміла Лагун. — 224 чалавекі пастаянна наведваюць заняткі ў адпаведных групах здароўя. На фізкультурна-аздараўленчым комплексе мы арандуем басейн, трэнажорную, валейбольную, тэнісную залы. Члены прафсаюза маюць магчымасць наведваць іх чатыры разы ў месяц за кошт прафбюджэта. Сацыяльны партнёр у асобе галоўнага ўрача УАЗ «Капыльская ЦРБ» Аляксандра Гайдзеля падтрымлівае прафсаюзныя ідэі і пачынанні. Разам робіцца многае. Напрыклад, клопат пра ўмовы працы і адпачынку. Практычна ў кожным падраздзяленні ёсць пакой адпачынку і прыёму ежы. А для таго, каб спецыялісты маглі падтрымліваць добрую фізічную форму, прафкамам на чале са старшынёй камісіі па спартыўна-масавай рабоце Сяргеем Царуковым створана спартыўная каманда. У яе ўваходзяць 32 чалавекі. Яна славіцца сваімі поспехамі не толькі ў раёне, але з’яўляецца прызёрам шматлікіх абласных спаборніцтваў. Іна Шкірыч, Ганна Скуба, Наталля Пракапеня, Вольга Дубовік, Кацярына Ластачкіна, Сяргей Царукоў, Андрэй Мельнікаў, Аляксандр Пашкевіч, Мікалай Жгун, маладыя спецыялісты Кацярына Волчак, Настасся Насевіч, Таццяна Філіпчык, ветэраны працы, аматары шахмат і шашак Іван Цвірко, Уладзімір Раманчук і многія іншыя — актыўныя ўдзельнікі спартыўнага жыцця. Работа па  аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні медработнікаў і іх дзяцей аддадзена адпаведнай камісіі прафкама. Пажаданні ўсіх, хто меў патрэбу, задаволены.

А яшчэ славяцца капыльскія медыкі калектывам мастацкай самадзейнасці пад кіраўніцтвам Таццяны Хілько. Дарэчы, сёлета ён заняў другое месца ў вобласці. Без яго не абыходзіцца ніводнае мерапрыемства, што ладзіцца ва ўстанове да розных святаў. Самых цёплых слоў заслугоўваюць ветэраны працы Вольга Ліс, Валянціна Гарашчэня, заўсёды радуюць сваімі выступленнямі Аксана Дварэцкая, Жанна Міхалковіч, Святлана Майсюк, добра вядомы і харэаграфічныя нумары ў выкананні Мікалая Жгуна, Рамана Шыяна, Іны Шкірыч.

Шмат увагі ў прафсаюзнай арганізацыі надаецца тым членам калектыву, хто зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. У першую чаргу гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якіх засталося, на жаль, толькі тры, але пра іх ніколі не забываюць. Да знамянальных дат іх заўсёды наведваюць на даму, віншуюць, уручаюць харчовыя наборы і матэрыяльную дапамогу. А вось па выніках раённага конкурсу на лепшае ветэранскае падвор’е сёлета тры сям’і медыкаў прызнаны лепшымі, за што атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Да маладых спецыялістаў з увагай адносяцца з першага дня іх прыходу ва ўстанову. Калі яны не мясцовыя, дапамагаюць знайсці жыллё. Стала традыцыйным правядзенне штогадовых пасвячэнняў у прафесію. Моладзь у сваю чаргу таксама прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Вось і сёлета многія маладыя людзі з’яўляюцца назіральнікамі і членамі выбарчых камісій падчас выбарнай кампаніі. Маладымі талентамі папаўняецца калектыў мастацкай самадзейнасці, спартыўная каманда. Моладзь разам з астатнімі членамі прафсаюза прымае актыўны ўдзел у шматлікіх турыстычных паездках. Калектыў наведаў апошнім часам гістарычныя мясціны Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Чэхіі, Славакіі. Зараз прапрацоўваецца пытанне наконт паездкі ў Санкт-Пецярбург, на комплекс «Лінія Сталіна».

Як адзначыла Людміла Лагун, усе мерапрыемствы суправаджаюцца добрым настроем, аб’ядноўваюць калектыў, даюць станоўчы зарад энергіі на плённую работу непасрэдна на працоўным месцы.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *