Копыляне приняли участие в праздновании дня города Минска

Культура Праздник

Шырока і радасна жыхары і госці Мінска адзначылі дзень нараджэння сталіцы нашай рэспублікі. Старажытнаму гораду ўжо споўнілася 948 гадоў. Святочныя мерапрыемствы праходзілі на ўсіх гарадскіх сцэнічных пляцоўках.

У парку Перамогі капыляне разгарнулі сваё імправізаванае падвор’е. Яно вельмі вабіла да сябе наведвальнікаў. Вось і першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Цэнтральнага раёна горада Мінска Аляксандр Тутыкін разам са старшынёй Капыльскага райвыканкама Анатолем Жданенем не змог прайсці міма ткацкага станка.

IMG_5492

Прадстаўнікі Капыльшчыны разам са сваімі мінскімі калегамі сталі непасрэднымі ўдзельнікамі мерапрыемства «Табе, мой горад, прысвячаем свята!». Па традыцыі гасцям падвор’я быў уручаны хлеб-соль, удзельнікі клуба нацыянальнай кухні «Лоцвінскія ўдалухі» гасцінна запрашалі паспытаць мясцовыя стравы, народны клуб майстроў «Скарбонка» знаёміў са шматлікімі вырабамі ўмельцаў Капыльшчыны. Асаблівае  месца на імправізаваным падвор’і займала створаная і з густам аформленая намаганнямі супрацоўнікаў раённага Цэнтра культуры і ААТ «Старыца-Агра» цікавая кампазіцыя з дароў капыльскіх садоў і агародаў. А ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Вячаслаў Курчык, Уладзімір Дрожжа, Іна Ладнюк і Юрый Шчарбіцкі дарылі цудоўныя песні, уздымалі настрой усім прысутным.

IMG_5447
Было весела на падвор’і Капыльскага раёна
IMG_5555
Пачастункі ад «Лоцвінскіх удалух»
IMG_5435
Мінчане цікавяцца вырабамі народных майстроў

Увогуле ж у гэты дзень на беразе Камсамольскага возера адначасова працавала мноства пляцовак. Паколькі асаблівасцю Цэнтральнага раёна з’яўляецца тое, што ён размешчаны ў гістарычнай частцы горада, арганізатары свята вялікую ўвагу звярнулі на гэты аспект. Непадалёку размясціўся рыцарскі гарадок, дзе да ўвагі гасцей былі прапанаваны рыцарскія даспехі і зброя, прадметы ўжытку Сярэднявечча, паказаны элементы рыцарскага бою, старадаўнія гульні. IMG_5509 IMG_5499 IMG_5451 IMG_5419 IMG_5432На адной з паркавых алей разгарнуўся «Горад майстроў» – выстава-продаж выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У «Дзіцячым гарадку» размясціліся гульнёвыя атракцыёны, там жа клоўны і роставыя лялькі ў выглядзе казачных персанажаў праводзілі гульні, конкурсы і вясёлыя спаборніцтвы для дзяцей і іх бацькоў. Увесь час з галоўнай сцэнічнай пляцоўкі даносіліся гукі музыкі: тут сваім майстэрствам мінчан радавалі спевакі, музыканты і танцоры. Таксама шырокі асартымент прадукцыі прапаноўвалі наведвальнікам гандлёвыя прадпрыемствы Цэнтральнага раёна г. Мінска.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *