В Потейках праздновать умеют

Галоўныя падзеі Праздник

Яшчэ летась, праводзячы ў Пацейках свята вёскі, вырашылі, што яно стане традыцыйным і будзе ладзіцца ў суботу напярэдадні Дня Незалежнасці. Так адбылося і сёлета.

З тым, што пацейкаўцы — людзі вельмі гасцінныя, любяць і ўмеюць прымаць гасцей, нельга не пагадзіцца. На свята былі запрошаны старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Царкова, дырэктары ААТ «Прагрэс 2010» Валерый Тароцька і «Душава» Аляксандр Кажура. Усім ім былі ўручаны духмяныя караваі. Частаваліся святочным караваем і ўсе прысутныя.

Ушанаванне шматдзетнай сям’і Мініч
Ушанаванне шматдзетнай сям’і Мініч

Напачатку шаноўныя госці і ўсе гледачы мелі магчымасць азнаёміцца з выставай, якая разгарнулася ў мясцовым маладзёжным парку адпачынку. Яе падрыхтавалі работнікі сельгаспрадпрыемства, сельвыканкама, устаноў, размешчаных у аграгарадку, а таксама народныя ўмельцы і гаспадары лепшых сядзіб.

З гісторыяй Пацеек пазнаёміла старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ «Прагрэс 2010» і цудоўны краязнаўца Раіса Лянько. З нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі нельга было не ўзгадаць і пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Іванавіча Козела, вязняў канцлагераў Валянціну Іванаўну Хартановіч і Мікалая Рыгоравіча Бойку. Ім была адрасавана асаблівая ўдзячнасць.

А святочнае дзейства ладзілі вядучая (Настасся Гірко), Кумачка (Таццяна Вошкат) і… сам старшыня сельвыканкама Сяргей Цвірко. Яны для кожнага з ушанаваных знаходзілі доб-рыя словы, узнімалі настрой дасціпным гумарам, уручалі каштоўныя падарункі. У ліку тых, хто быў адзначаны, — маладая сям’я Івана і Надзеі Каляда, у якіх сёлета на свет з’явілася дзяўчынка, дбайныя гаспадары Мікалай і Галіна Жэлянгоўскія, Аляксандр і Таццяна Чарнякі, Канстанцін і Вольга Астроўскія, Мікалай і Вікторыя Скуратовічы, Арцём і Вікторыя Філончыкі, Павел і Ульяна Тароцькі (менавіта іх сядзібы прызнаны лепшымі па выніках агляду-конкурсу). Былі ўшанаваны таксама ўсе, хто прымаў удзел у афармленні выстаў, як індывідуальных, так і калектыўных, асобна адзначана і мнагадзетная сям’я Мініч (дарэчы, нагадаем, што сёлета Наталля была ўзнагароджана ордэнам Маці).

Сям’я Міхед падчас конкурсу «Залатая падкова»
Сям’я Міхед падчас конкурсу «Залатая падкова»

Яшчэ адным пацвярджэннем пацейкаўскай гасціннасці паслужыла тое, што падчас свята вёскі тут прымалі ўдзельнікаў раённага этапа сельскагаспадарчага маладзёжнага праекта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «Уладар вёскі». Па традыцыі маладыя сем’і паказвалі сябе і праяўлялі свае здольнасці ў конкурсах: «Візітная картка», «Дрывасекі», «Залатая падкова», «Сельская спартыўная эстафета», «Свет сямейных захапленняў».

Найбольш удалым стала выступленне сям’і Сяргея і Валянціны Міхед з Бабаўнянскага сельсавета, якія будуць прадстаўляць Капыльшчыну на абласным этапе. Добра вядомая сям’я па мінулагоднім удзеле ў праекце Івана і Наталлі Мініч з Пацейкаўскага сельсавета і дэбютанты Сяргей і Дар’я Апанасчыкі са Слабада-Кучынскага сельсавета атрымалі граматы і каштоўныя падарункі.

Святочны настрой на працягу ўсяго дня стваралі самадзейныя артысты Пацейкаўскага СДК Таццяна Вошкат, Андрэй Загорскі, Уладзіслаў Капыток, артысты-землякі з Капыля Любоў Галубовіч і Вячаслаў Курчык, удзельнікі ансамбля валанцёраў Чырвонага Крыжа «Дабрадзеі» пад кіраўніцтвам Валянціны Зарамбоўскай. Для юнага пакалення працавалі надзіманыя атракцыёны, была магчымасць купіць разнастайныя цацкі і пакатацца на падводзе. Увечары пацейкаўцаў і гасцей аграгарадка чакала танцавальна-забаўляльная праграма з конкурсамі і феерверк.

Дарэчы, свята не было б такім яскравым і запамінальным, калі б не матэрыяльная падтрымка ААТ «Прагрэс 2010», прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі, райкама прафсаюза работнікаў АПК, раённага аб’яднання прафсаюзаў, фермерскай гаспадаркі «Бандыка», грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь»,  «БРСМ», раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *