Крупский район: история и современность

Спадчына

Крупскі раён знаходзіцца на мяжы Мінскай і Віцебскай абласцей, сярод былінных лясоў, бязмежных палёў і празрыстых азёр. Менавіта там сабраліся прадстаўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, каб пазнаёміцца з гісторыяй і культурнымі здабыткамі, даведацца пра славутых людзей і дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці краю. А праходзіла мерапрыемства ў рамках выязной прэс-канферэнцыі старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры.

IMG_9972

Першая згадка пра горад Крупкі сустракаецца ў 1575 годзе. Рэчка Крупка, якая працякае праз увесь горад і з’яўляецца прытокам ракі Бобр, дала гораду сваю назву. На гербе горада — рака, а таксама «трава-кветка», якая часта сустракаецца на берагах рэк. Гэтую траву называюць «крупка дуброўная». Таксама на гербе намалявана кола вадзянога млына, таму што горад быў знакаміты яшчэ ў старадаўнія гады мукой высокай якасці, якую малолі на вадзяным млыне.

Ганарацца крупчане сваімі знакамітымі землякамі — двойчы Героем Савецкага Саюза, лётчыкам-касманаўтам Уладзімірам Кавалёнкам, двухразовай Алімпійскай чэмпіёнкай па акадэмічнай грэблі Кацярынай Карстэн. Гэты куток беларускай зямлі славіцца багатай гісторыяй, добрымі справамі працавітых людзей, легендамі. Адна з іх распавядае пра невялікае возера Стаячае, у якім французы пры адступленні ў лістападзе 1812 года нібыта затапілі залатую карэту з многімі іншымі скарбамі…

Як адзначыў падчас сустрэчы з журналістамі старшыня Крупскага райвыканкама Ігар Часнок, стратэгічная задача, якая стаіць перад мясцовай уладай, — мабілізацыя і эфектыўнае выкарыстанне інвестыцыйных рэсурсаў для рэалізацыі агульнадзяржаўных прыярытэтаў і перабудовы эканомікі ў адпаведнасці з запатрабаваннямі ўнутранага і знешняга рынкаў. Шмат ужо зроблена, але яшчэ больш чакае наперадзе.

Удзельнікі прэс-тура наведалі некаторыя гаспадарчыя і сацыяльныя аб’екты, і кожны з іх пакінуў незабыўнае ўражанне.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Р. Трухан (у цэнтры) на выставе народнай творчасці
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Р. Трухан (у цэнтры) на выставе народнай творчасці

Да спадобы прыйшлася і прыватная база адпачынку «Сялява-тур». Прадпрымальнік Яўген Драгун выкупіў у свой час паўразбураную нерухомасць ваенна-паляўнічага аб’яднання прама на беразе возера, зрабіў грунтоўную рэканструкцыю, надбудаваў другі паверх. Ёсць дзесяць неблагіх нумароў, аб’ект карыстаецца попытам сярод турыстаў. Тут з задавальненнем адпачываюць і беларусы, і замежныя госці: суботы-нядзелі ўжо распісаны да жніўня. Да паслуг гасцей — саўна, фітабар, арганізаваны паляванне і рыбалка. З тэрасы адкрываецца цудоўная панарама самага вялікага ў раёне возера Сялява, навакольнага сасновага лесу.

База адпачынку «Сялява-тур»
База адпачынку «Сялява-тур»

Удзельнікі прэс-канферэнцыі завіталі і на воінскае пахаванне Героя Савецкага Саюза Васіля Чабатарова, усклалі да помніка, які стаіць прама ў лесе, кветкі. Васіль Чабатароў быў снайперам, оперураўнаважаным контрразведкі «Смерш» танкавай брыгады. Удзельнічаў у вызваленні Крупскага раёна ў ходзе аперацыі «Баграціён». У адной з начных сутычак і праявіў гераізм лейтэнант Васіль Чабатароў. Прабраўшыся ў тыл ворага, ён асабіста знішчыў дзясятак гітлераўцаў, захапіў у якасці «языка» варожага обер-лейтэнанта. Аднак вярнуцца да сваіх яму не ўдалося, параненага афіцэра акружылі эсэсаўцы і па-зверску закатавалі. Цяпер на гэтым месцы праводзяцца мерапрыемствы па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі раёна.

Ля помніка В. Чабатарову
Ля помніка В. Чабатарову

Новыя безадходныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў мясаперапрацоўчым цэху ААТ «Кляновічы». За змену ён дае каля адзінаццаці тон прадукцыі 75 найменняў, якую адгружаюць у асноўным на Мінск і Жодзіна, знайшла яна свайго пакупніка і ў Расіі. Развіты фірменны гандаль, у райцэнтры працуюць магазіны «Кляночак» і «Добры сусед», у аграгарадку Замкі — «Шчодры колас»  з невялічкім рэстаранам, сталовай, хлебапякарняй. У акцыянерным таварыстве самую сур’ёзную ўвагу надаюць адраджэнню беларускай вёскі, наладжванню высокатэхналагічнай сельскагаспадарчай вытворчасці, стварэнню новых рабочых месцаў, набліжэнню жыццёвых стандартаў сельскага насельніцтва да гарадскіх.

На тэрыторыі мясаперапрацоўчага цэха ААТ «Кляновічы»
На тэрыторыі мясаперапрацоўчага цэха ААТ «Кляновічы»

У мінулым месяцы ўступіў у строй унікальны завод па перапрацоўцы адпрацаваных аўтамабільнага і індустрыяльнага маслаў. Узведзены ён інвестарамі па ізраільскай тэхналогіі. ТАА «ДВЧ-менеджмент» — унікальны для краін СНД комплекс, які разлічаны на перапрацоўку 15 тысяч тон «адпрацоўкі». Кіруючы партнёр кампаніі MDD BEL LTD Дзмітрый Чэрыкавер паведаміў журналістам, што ў краінах Еўропы аб’ём перапрацоўкі такіх адходаў складае 75%, у Беларусі – усяго толькі 10%. Такім чынам, штогод краіна губляе на мільёны долараў прадуктаў, якія ўтрымліваюць вуглевадарод, адпрацаванае масла проста зліваецца на зямлю, стварае экалагічную небяспеку для прыроды і чалавека.

Падчас наведвання завода
Падчас наведвання завода

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *