Фронтовик и партизан

Да 70-годдзя Вялікай Перамогі Память

«Кудрэвіч – франтавік і партызан! Выдатны сын беларускага народа. Вайна забрала ў яго маладосць і здароўе. Але ён  ніколі ад дзяржавы не прасіў ні капейкі, ні цвіка, ні цаглінкі», –  так некалі  пра нашага земляка сказаў былы старшыня ветэранскай арганізацыі Капыльшчыны Абрамчык Фёдар.

Нарадзіўся Мікалай Якаўлевіч Кудрэвіч 9 мая 1919 года ў г. Капылі. Бацька яго трымаў невялічкую гарбарню і пасля рэвалюцыі збыў усё, каб не трапіць пад кола рэпрэсій. У сям’і выхоўвалася сямёра дзяцей. Старэйшыя атрымалі добрую адукацыю. Мікалай скончыў пачатковую школу і пайшоў працаваць у арцель «Новы шлях» па вытворчасці ганчарных вырабаў. У 1939 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у Арлоўскай ваеннай акрузе пад Курскам. Скончыў школу малодшых камандзіраў па спецыяльнасці «начальнік кулямётнага разліку станкавага кулямёта», атрымаў званне сяржанта. Мікалай стаў выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі. Метка страляў. Яшчэ да арміі атрымаў значок «Варашылаўскі стралок». Вучылі там і скачкам з парашутам. Спачатку з вышкі. У пачатку ліпеня 1941 года планаваліся першыя скачкі з самалёта, а восенню павінен быў звольніцца са службы. Але пачалася вайна.

Фото-0641Фото-0642

403-і полк 145-й стралковай дывізіі спачатку знаходзіўся ў рэзерве Стаўкі. 10 ліпеня 1941 года вайскоўцаў перакінулі на Заходні фронт. Ішла Смаленская бітва. Кулямётчык Кудрэвіч выкідваў свой «Максім» са спецыяльным шчытом уперад і трапна касіў варожыя ланцугі.

Адбілі адну атаку, другую: адразу з’явілася ўпэўненасць. На абаронцаў рушылі танкі і бронемашыны. Пайшлі ў ход гранаты і бутэлькі з запальваючай сумессю. Кола акружэння змыкалася. Камандзір (лейтэнант) даў каманду:

– Будзем прарывацца наперад!

12 чалавек з гранатамі кінуліся на гітлераўцаў і прарвалі акружэнне. Беглі, колькі маглі. Увечары дабраліся да жытнёвага поля. Стомленыя і галодныя чырвонаармейцы  зваліліся,  як забітыя. Раніцай іх пабудзіла нямецкая мова і брэх аўчарак. Калону ваеннапалонных пагналі на Смаленск. Трапіў Мікалай Кудрэвіч у лагер для ваеннапалонных у канцы жніўня 1941 года. Прайшоў месяц. Ганялі на розныя работы. Моцна здзекаваліся. Ахова жорсткая. Але думка ўцячы не пакідала ніколі. Аднаго разу ноччу пагналі на аэрадром разгружаць машыны з авіябомбамі. Мікалай з напарнікам выбралі момант, пралезлі праз калючы дрот і – у лес. Беглі доўга, затым ішлі, блытаючы сляды. У грудзях моцна і адчайна тахкала сэрца. Вакол усё было незнаёмае. Стомленыя дарогай і голадам, прыпыніліся на начлег у нейкай вёсцы, у кустах. Але раніцай прачнуліся ад нямецкай гаворкі. Праз хвіліну выявілася, што ўцекачы аказаліся побач з нямецкай камендатурай. Ваенная вывучка не прапала дарма: прыгнуліся, уціснуліся да зямлі і паўзлі больш за кіламетр. Дарогу перагароджваў шлагбаўм. Побач будка для аховы, дзе пільна несла службу ўзброеная варта. Не ведаючы дакладна, куды ўцякаць, хлопцы падаліся ў розныя бакі. Шляхі іх разышліся.

Кудрэвіч вырашыў вярнуцца ў родны дом на Міншчыне, за сотні кіламетраў ад Смаленшчыны. Вялікія вёскі, буйныя шляхі, варожыя пасты абыходзіў, начаваў у лесе. Майстраваў шалашы з лапак ельніку. У ежу ўжываў дзікія яблыкі, грыбы, каласы збожжа. Заходзіў у невялічкія вёскі, каб прагнаць голад. Тры месяцы Мікалай прабіраўся на радзіму.

Усю зіму і пачатак вясны 1942 года салдат залечваў раны. Хадзілі чуткі пра партызанскія групы на Капыльшчыне. Чакаў пэўнага часу, каб далучыцца да народных мсціўцаў. Хацеў зрабіць гэта непрыкметна, каб не падставіць сям’ю. Але яго ўжо заўважылі новыя ўлады. Нейкі «дабрадзей» данёс, што Кудрэвіч былы ваенны. А ў акупантаў пачаўся набор ў паліцыю. Сабралі 3–4 машыны маладых хлопцаў з Капыля і навакольных вёсак і адправілі пад аховай на Мінск. Там Мікалай сустрэўся з Сяргеем Красуцкім. Як толькі Мікалай і Сяргей атрымалі абмундзіраванне, зброю і трапілі на ахову ваеннага склада, то адразу адправіліся да партызан. Прыхапілі з сабой два аўтаматы, два штык-нажы, чатыры гранаты, кулямёт з поўным боекамплектам.

Раніцай фашысты заўважылі прапажу. Маці Кудрэвіча і Красуцкага сталі заложніцамі і апынуліся ў турме г. Слуцка. Выпусцілі іх за недахопам звестак, што іх сыны перайшлі да партызан. А тым часам хлопцы дабраліся да Старыцкага лесу. У атрадзе імя Чапаева іх адразу сустрэлі з недаверам: летам 1942 года фашысты пачалі закідваць у партызанскую зону шпіёнаў. Таму Мікалай з сябрам прайшлі праверку ў асобым аддзеле атрада і актыўна ўключыліся ў барацьбу з акупантамі. Сустракаўся Мікалай з братам Уладзімірам, які застаўся на сувязі ў Капылі. Аднак знайшоўся здраднік, які данёс у  паліцыю, што Уладзімір падпольшчык. Фашысты вывезлі яго ў Германію. 20-гадовы юнак загінуў у канцлагеры, а бацькоўскую хату паліцаі спалілі.

Камандзір кулямётнага ўзвода Кудрэвіч удзельнічаў у Старыцкім баі, дзе прыкрываў адыход партызан у Вялешынскі лес. Затым сфарміраваўся  атрад імя Жукава пад камандаваннем Льва Гільчыка і перадыслацыраваўся ў Баранавіцкую вобласць. Мікалая прызначылі камадзірам дыверсійнага ўзвода падрыўнікоў. Ён умела рабіў самаробныя міны і іншыя «сюрпрызы» для праціўніка. А сам меў чэшскую вінтоўку, да якой мясцовы Кулібін змайстраваў «ражок» на 25 патронаў. На рахунку групы Кудрэвіча 18 узарваных эшалонаў. Пад адхон ляцелі паравозы, платформы з тэхнікай, цыстэрны з бензінам, вагоны з боепрыпасамі, харчаваннем і жывой сілай. Выводзілі са строю чыгуначныя шляхі. У адной вёсцы тройчы спальвалі мост, які акупанты зноў аднаўлялі, а затым насыпалі дамбу, перакрыўшы невялічкі ручэй. Вада пачала падтапляць вёску. Дамбу таксама знішчылі, выратаваўшы мясцовых жыхароў.

Партызанскія дыверсіі прыводзілі гітлераўцаў у ярасць. Каб папярэдзіць падрыў эшалона, наперадзе саставу пускалі адну ці некалькі чыгуначных платформ з пяском, якія ноччу на асобных перагонах рухаліся 8–10 кіламетраў у гадзіну. Фашысты ўзмацнілі ахову, мініравалі падыходы да чыгункі, пабудавалі бункеры-дзоты, нацягнулі калючы дрот. Нашы падрыўнікі аказаліся ў цяжкім становішчы. Неабходна было перабудоўваць тактыку, таму ўзрыўчатку закладвалі непасрэдна перад рухам эшалонаў ворага. Партызанская разведка данесла аб руху буйнога эшалона, які небходна было затрымаць любой цаной. Днём да чыгункі не падысці. Ліпеньскія ночы кароткія. Кудрэвіч пайшоў на хітрасць. У пустую бляшанку з-пад кансерваў загнаў патрон, сагнуў і замацаваў алюмініевую лыжку, уставіў капсуль. Бляшанку падклалі пад рэльсу. Абходчыкі знайшлі «пустышку», нарабілі ляманту і вызвалі сапёраў. Пакуль тыя правяралі, рух цягнікоў спыніўся на палову сутак.

За мужнасць і адвагу Мікалай Кудрэвіч адзін з першых партызан на Клеччыне  11 снежня 1943 года быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Прыходзілася трапляць у варожыя засады і блакады. Аднаго разу акружылі ворагі ў Ляхавіцкім раёне. Партызаны днём, у балоце, стаялі па шыю ў вадзе. На галовы клалі зброю, прыкрываліся галінамі дрэў і мохам. Ноччу выбіраліся на купіны. Прыходзілася есці жаб. Вогнішча не раскладзеш. Карнікі на невялічкую іскру ці на трэск галля адкрывалі кулямётна-мінамётны агонь. Асабліва цяжка было змагацца з паліцаямі. Тыя ведалі ўсе сцяжынкі. Перапраўляўся Мікалай праз глыбокія рэкі і азёры, хаця плаваць не ўмеў. Выручала кемлівасць. Узрыўчатку хаваў у скураны мяшок. Дапамагала мясцовае насельніцтва, якое  давала прытулак для адпачынку, ежу і сухое адзенне.

Вызваленне Беларусі партызан сустрэў у Ляхавіцкім раёне. Гэта быў бой за вызваленне раённага цэнтра, які стаў апошнім для яго. Сарваўся кідок самаробнай гранаты. Выбух адбыўся ў двух метрах. Партызану адарвала ўказальны палец на правай руцэ, асколкі пасяклі ўсё цела, засталіся ў галаве і плячы. Трапіў у шпіталь, з якога праз некалькі месяцаў выйшаў інвалідам ІІІ групы. Атрымаў адпаведную даведку, якую выпісалі на шпалерах (не было паперы). Недзе ў канцы 1960-х гадоў хірург паспрабаваў выдаліць смяротны метал з цела. Аказалася, што аперацыю праводзіць нельга: можна страціць руку, а хірургічнае ўмяшальніцтва ў галаву прывядзе да смерці. Вельмі пакутаваў Кудрэвіч ад галаўнога болю восенню і вясною, але нікому не скардзіўся – моцная сіла волі і вытрымка.

Мікалай восенню 1944 года ўладкаваўся ў ганчарны цэх на цагляным заводзе, што знаходзіўся за Нясвіжам. Там і сустрэў сваю адзіную каханую. Ксенія Піліпаўна родам з Гомельшчыны, прайшла фашысцкі канцлагер у Чэхаславакіі і цудам выжыла. У 1948 годзе нарадзіўся першы сын Уладзімір. Так пацягнула на радзіму, што на сямейным савеце вырашылі перабрацца ў родны Капыль. Там якраз адкрыўся ганчарны цэх. Ляпіў збаны, гаршкі, макатры, глякі. Жонка дапамагала, драла на тарцы гліну. Жыла маладая сям’я ў кузні, дзе ў 1950 годзе нарадзіўся  другі сын Аляксандр. Адначасова Мікалай будаваў цагляны дом. Спачатку адзін пакой з земляной падлогай і без ганка. Там убачыў свет і трэці сын Міхаіл. Невялічкую пенсію праз тры гады знялі і адмянілі групу інваліднасці, хаця ў целе ўдзельніка вайны заставаліся тры асколкі. А мужчына і не крыўдзіўся, лічыў, што так і трэба. Радаваўся нараджэнню дзяцей. Сыноў выхоўвалі добразычлівымі, працавітымі і адкрытымі, як бацька. І сёння старэйшае пакаленне капылян і навакольных вёсак помніць з удзячнасцю яго залатыя рукі. А ганчарныя вырабы Кудрэвіча  захоўваюцца ў музеях Капыльшчыны. Разам з жонкай ва ўзаемаразуменні і каханні пражылі 51 год, выхавалі трох сыноў працавітымі і добразычлівымі. Аб сціпласці і дабрыні гэтага чалавека гаворыць тое, што доўгі час адмаўляўся ад групы інваліднасці. Толькі ў 1990 годзе, праз 45 гадоў пасля заканчэння вайны, ветэран атрымаў ваенную пенсію. Сямейныя святы (Дзень Перамогі, Дзень вызвалення і Міколу) адзначалі ўсе разам. Першы тост – «За Перамогу!». Заўсёды над домам вывешваў сцяг Рэспублікі Беларусь і наказваў гэта рабіць сваім унукам. Сярод іх два педагогі, аграном, будаўнік і навуковы супрацоўнік.

Пайшоў з жыцця Мікалай Якаўлевіч у знамянальны для яго дзень – 3 ліпеня 2003 года. За свае баявыя подзвігі ён узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені і іншымі.

Барыс ДЗЕНІСЮК,

пазаштатны карэспандэнт



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *