Лавский бой

Актуально Алея Герояў Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Аб ім ведаюць не толькі на Капыльшчыне. Ён з’яўляецца яркай старонкай партызанскага руху на Беларусі і прыкладам мужнасці і гераізму. Пра герояў складзены вершы і песні. Народны мастак БССР Міхаіл Савіцкі напісаў карціну «Лаўскі бой», якая знаходзіцца ў Мінску ў музеі ДТСААФ.

Карціна Савіцкага Міхаіла "Лаўскі бой". 1950 г.
Карціна Савіцкага Міхаіла «Лаўскі бой». 1950 г.

…Гітлераўцаў даўно непакоілі партызаны, якія размяшчаліся ў лясах Капыльшчыны. Баі партызан з фашыстамі 9 мая ва ўрочышчы Гнілуха, 20 ліпеня ў Вялікараёўскім лесе і 7 лістапада ў Старыцкім, падрыў чыгуначных эшалонаў паказалі акупантам, што партызанскі рух ёсць грозная сіла народа.

Пасля Старыцкага бою брыгада імя Варашылава перайшла ў Лаўскі лес, тут і размясціліся партызанскі шпіталь і лагер.

Фашысты планавалі знішчыць партызан у Лаўскім лесе. Для гэтага немцы сцягнулі ўсю паліцыю з блізляжачых гарнізонаў Капыля, Нясвіжа, Узды і амаль полк рэгулярных нямецкіх войск з бронемашынамі і мінамётамі. Усяго налічвалася каля 7 тысяч чалавек.

У брыгадзе імя Варашылава было 9 партызанскіх атрадаў, прыкладна па 300 чалавек у атрадзе. Партызанская разведка даведалася аб планах фашыстаў. Камандзір  брыгады П. Капуста з камандзірамі атрадаў распрацавалі план затрымкі  немцаў і арганізацыі эвакуацыі шпіталя і лагера далей у лясы Уздзеншчыны.

Раніцай 3 снежня 1942 года немцы пачалі наступленне з вёсак Касцяшы, Пясочнае, Восава, Лоцвіны, Цялядавічы. Па загадзе камбрыга П. Капусты атрады занялі  кругавую абарону па краях лесу. Атрад імя Катоўскага (камандзір В. Яроменка) заняў абарону ў вёсцы Лавы. Яроменка адбірае самых смелых, гатовых змагацца да самага канца  ў  засаду на  могілкі каля в. Клецішча. Камандзірам гэтай групы ён назначае Вікенція Драздовіча. Задача групы — затрымліваць  фашыстаў, якія рваліся з Цялядавіч і Лоцвін да Лаўскага лесу. Група з 19 чалавек залегла на могілках.

Фашысты пакінулі машыны ў Цялядавічах і пайшлі ланцужком у напрамку Лаў і могілак.

Камандзір партызанскай засады Вікенцій Драздовіч загадаў падпусціць іх на блізкую адлегласць і падаў каманду «Агонь!». Пачаўся жорсткі, смяротны бой. Фашысты не  чакалі тут засады і адступілі, пакідаючы на полі дзясяткі забітых. Варожая мінамётная артылерыя адкрыла ўраганны агонь па могілках. Карнікі пачалі з двух бакоў абыходзіць могілкі, на якіх вяла бой група смельчакоў. Батарэя атрада імя Катоўскага адкрыла агонь па мінамётнай батарэі немцаў, тым самым яна адцягнула на сябе артылерыю ворага. А на могілках працягваўся жорсткі бой. Атакі немцаў паўтараліся. Замаўчаў адзін з партызанскіх кулямётаў, заканчваліся патроны, палавіны смельчакоў-партызан ужо не было ў жывых. В. І. Драздовіч пасылае ў атрад данясенне з партызанам I. Жыгалковічам. Як успамінае камандзір В. Яроменка, атрад не мог выйсці на выручку партызанскай засадзе па чыстым полі, немцы  напіралі з усіх бакоў. Засадзе быў дадзены сігнал адыходзіць, але ўжо было поз-на. Немцы акружылі могілкі, але адважныя партызаны біліся да апошняга патрона, а пасля зарылі ў снег кулямёт з запіскай у ствале «Не здаёмся, паміраем за Радзіму. Лічыце нас усіх камуністамі і камсамольцамі», і з гранатамі кінуліся ў рукапашную, дзе і загінулі ў няроўным баі геройскай смерцю, але і каля сотні фашыстаў загінулі ад куль герояў.

3 наступленнем цемры камбрыг даў каманду пакінуць Лаўскі лес.

Пакінулі і загінуўшых герояў на могілках каля вёскі Клецішча. Іх было 18. Большасць з іх — жыхары Капыльскага і Уздзенскага раёнаў.

Вось іх імёны: Драздовіч Вікенцій — в. Навасёлкі Бабаўнянскага сельсавета; Тартычны Мікалай — лётчык з Украіны; Шытыка Канстанцін  —  в. Касцяшы Уздзенскага раёна; Кароль Аляксей — в. Пясочнае; Астрэйка Васіль — в. Пясочнае; Нікановіч Рыгор — в. Пясочнае; Цітко Дзмітрый — в. Касцяшы; Лыч Павел — в. Касцяшы; Дзесюкевіч Міхаіл — в. Магільнае Уздзенскага раёна; Туміловіч Іван — в. Магільнае; Петрашэўскі Эдуард — в. Магільнае; Клімовіч Франц — в. Магільнае; Якімовіч Мікалай — в. Магільнае; Качаноўскі Уладзімір — в. Слабада-Кучынка; Ясючэня Аляксандр — в. Магільнае; Ждановіч Аляксандр — г. п. Капыль; Хартановіч Аляксандр — г. п. Капыль;  Сіневіч Мікалай — в. Быстрыца.

Мясцовае насельніцтва пахавала герояў-партызан на месцы іх апошняга бою, на ўскрайку могілак. У 1957 годзе астанкі загінуўшых партызан засады перазахавалі і паставілі часовы помнік з надпісам «Здесь похоронены партизаны — герои Лавского боя». У 1960 годзе была ўстаноўлена скульптура савецкага воіна і высечаны на помніку імёны 18 герояў-партызан, якія аддалі сваё жыццё ў імя Перамогі ў росквіце гадоў. Старэйшаму было 32 гады, малодшаму — 16.

Шмат гадоў, у дзень Перамогі, з усяго раёна збіраліся былыя партызаны, каб пакланіцца магіле. У 1965 годзе Указам Вярхоўнага Савета СССР Драздовічу Вікенцію Іосіфавічу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Астатніх загінуўшых партызан засады (17 чалавек) Вярхоўны Савет СССР пасмяротна ўзнагародзіў ордэнам   Айчыннай    вайны  І ступені.

Усе, хто бывае тут, на месцы бою, лічыць святым абавязкова ўшанаваць памяць загінуўшых, ускласці вянкі і  кветкі да падножжа помніка.

I як важна, што і сёння іх подзвіг не згас. На прыкла-дзе герояў Лаўскага бою ў Лясноўскай СШ выхоўваюцца новыя пакаленні юных грамадзян нашай Радзімы.

Пра подзвіг герояў Лаўскага бою напісаў Адам Русак:

Адважных васемнаццаць

3 арлінаю душой

Навекі абняліся

3 бацькоўскаю зямлёй…

I далей паэт упэўнена працягвае, звяртаючыся да нашага вольнага, светлага краю:

Ніхто не пераможа

Цябе навек — вякоў,

Калі ўзгадаваў ты

Вось такіх сыноў.

Яны навекі абнялiся з бацькоўскаю зямлёй

ДРАЗДОВІЧ Вікенцій Іосіфавіч

(1911 г. — 1942 г.)

Дроздович_Викентий_Иосифович

Нарадзіўся ў 1911 годзе ў в. Навасёлкі Бабаўнянскага сельсавета Капыльскага раёна ў сям’і батрака. Бацькі мелі вельмі мала зямлі і вымушаны былі працаваць на пана Ярашэвіча. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі сям’я атрымала свой надзел зямлі. Вікенцій паступіў вучыцца ў Навасёлкаўскую пачатковую школу і ў 1930 годзе закончыў яе. У сувязі з цяжкім становішчам у сям’і ён не змог працягваць вучобу ў Песачанскай школе. Часта хварэла маці, і Вікенцію прыходзілася дапамагаць бацьку па гаспадарцы. У 1931 годзе быў створаны калгас «Пахарь». У ліку першых бацькі ўступілі ў калгас. У 1932 годзе памерла маці Вікенція.

Акрамя Вікенція ў сям’і была малодшая сястра Валя. Праз некаторы час бацька ажаніўся на другой жанчыне. Ад другой жонкі нарадзіўся зводны брат Мікалай. У 1932 годзе памірае бацька. На плечы Вікенція легла ўся работа па гаспадарцы. Працуючы з раніцы да вечара на ферме ў в. Шамы, Вікенцій знаходзіў час памагчы па гаспадарцы, а затым і пачытаць кнігі. Ён быў вельмі дасціпны, хацеў усё ведаць.

У 1936 годзе Вікенцій быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію, дзе служыў у кавалерыйскім палку. За час службы Вікенція ў арміі камандаванне прысылала двойчы падзякі за службу.

3 успамінаў дваюраднай сястры В. Драздовіча Жук Любові Васільеўны: «У 1938 годзе Вікенцій быў дэмабілізаваны, і як харошага актывіста і добрасумленнага работніка яго накіравалі на работу ў Капыльскі аддзел міліцыі, дзе ён праявіў сябе як дысцыплінаваны і ўмелы супрацоўнік. У Капылі Вікенцій пазнаёміўся з маладою дзяўчынаю Калядой Любоўю Мікіцічнай, якая працавала ў друкарні раённай газеты «Калгаснік Капыльшчыны». Праз некаторы час яна стала яго жонкаю, у іх нарадзіўся сын Аляксандр».

У 1939 годзе, пасля вызвалення Заходняй Беларусі, Вікенція пасылаюць працаваць у Клецкі раён старшынёю Мажска-Слабадскога сельскага Савета.

Жонка, Любоў Мікіцічна, успамінала: «У цяжкіх умовах прыходзілася працаваць, асабліва ў першы час. Многа давялося перажыць. Але мой муж ніколі не падаў духам, не баяўся цяжкасцей. Паважлівыя адносіны да людзей, прастата і сціпласць паводзін далі магчымасць Вікенцію заваяваць аўтарытэт сярод мясцовага насельніцтва».

3 першых дзён вайны Вікенцій Драздовіч уключыўся ў барацьбу з фашыстамі. Ён быў камандзірам узвода ў атрадзе імя Катоўскага брыгады імя Варашылава, удзельнічаў у многіх баявых аперацыях. Як лепшага, вопытнага камандзіра, камуніста В. І. Драздовіча назначылі камандзірам засады на могілках в. Лавы. Вікенцій Драздовіч геройскі загінуў разам з групаю партызан у Лаўскім баі 3 снежня 1942 года.

Імем героя названы вуліцы ў г. Мінску, у аграгарадку Лясное, у цэнтры якога ўстаноўлены бюст Герою.

астрейко
Астрэйка Васіль (1921 — 1942 г.)
десюкевич
Дзесюкевіч Міхаіл (1922 — 1942 г.)
жданович
Ждановіч Аляксандр (1921 — 1942 г.)
качанощски
Качаноўскі Уладзімір (1926 — 1942 г.)
король
Кароль Аляксей (1921 — 1942 г.)
никонович
Нікановіч Рыгор (1920 — 1942 г.)
павел
Лыч Павел (1923 — 1942 г.)
петрашевский
Петрашэўскі Эдуард (1922 — 1942 г.)
тертичный
Тартычны Мікалай (1913-1942 г.)
титко
Цітко Дзмітрый (1922 — 1942 г.)
тумилович
Туміловіч Іван (1923 — 1942 г.)
харитонович
Хартановіч Аляксандр (1923 — 1942 г.)
шитыко
Шытыка Канстанцін (1910 — 1942 г.)
якимович
Якімовіч Мікалай (1921 — 1942 г.)
ясючэня
Ясючэня Аляксандр (1922 — 1942 г.)
Сіневіч Мікалай (1924 - 1942 г.)
Сіневіч Мікалай
(1924 — 1942 г.)

На жаль, адсутнічае фотаздымак васямнаццатага героя Лаўскага бою Клімовіча Франца (1922 — 1942 г.),  ураджэнца вёскі Магільнае Уздзенскага раёна.

Уладзімір КАРАЛЕНКА,

былы настаўнік гісторыі, кіраўнік краязнаўчага гуртка «Спадчына»

Праект падрыхтавала Марыя ШЭІНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *