І гандлявалi, i свята сустракалi

Актуально Экономика

У мінулую суботу ў райцэнтры адбыўся традыцыйны святочны восеньскі кірмаш, прымеркаваны да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

Наш раён мае сельскагаспадарчую накіраванасць. Таму свята, якое адзначаецца ў трэцюю нядзелю лістапада, з’яўляецца адным з галоўных для большасці жыхароў Капыльшчыны. Па добрай традыцыі ў гэты дзень падводзяцца вынікі напружанай працы. Нягледзячы на цяжкія ўмовы, сельскія працаўнікі сабралі неблагі ўраджай збожжа, бульбы, агародніны. Словы ўдзячнасці за добрасумленную працу аграрыям раёна ў сваім віншаванні са святам выказала першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк.

На кірмаш капылян і гасцей горада песнямі, танцамі, гумарам заклікалі самадзейныя артысты раённага цэнтра культуры, а таксама іх калегі з Салігорска. Вясёлыя скамарохі прапаноўвалі паўдзельнічаць у розыгрышы прызоў. Свае ўдаласць і спрыт можна было паказаць у цікавых і пацешных конкурсах. На пляцоўцы побач з РЦК трапнасць і дакладнасць дэманстравалі аматары стральбы і кідання дроцікаў.

А тым часам на прыгожа аздобленых падворках сельгаспрадпрыемстваў, райспажыўтаварыства бойка ішоў гандаль. Мяса, збожжа, мёд, бульба, морква і капуста – толькі купляй! Ці то цэны былі надта нізкімі, ці то попыт быў вялікім, але не ўсе жадаючыя паспелі набыць некаторыя віды прадукцыі. Акрамя гандлю гаспадаркі прапаноўвалі і розныя пачастункі: дранікі, бліны, пірагі, каўбасы розных гатункаў, ялавічыну, шашлыкі – слінай можна зайсціся. Членам журы было нялёгка вызначыць лепшы сельскагаспадарчы падворак, бо ўдзельнікі конкурсу на розныя лады запрашалі да сябе гасцей. У МАУП “Доктаравічы” гэта атрымлівалася спраўней за іншых. Ім і прысуджана першая прэмія. Другая і трэцяя даста- ліся, адпаведна, ААТ “П-з “Дусаеўшчына” і СВК “Ціміразеўскі”, якія таксама гасцінна віталі і капылян, і, бясспрэчна, членаў журы.

Увогуле, на кірмашы кожны знайшоў сабе занятак па душы. Вось толькі сонца не хапала для вельмі добрага настрою.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *