Майстар-клас ад «Крыштальнага жураўля»

Актуально Образование

Восем педагогаў з розных рэгіёнаў рэспублікі дзяліліся вопытам работы з настаўнікамі Капыльшчыны.

Суперфіналіст конкурсу “Настаўнік года-2009” Вікторыя Бандарэнка падчас знаёмства з вучнямі СШ №3

Конкурс “Настаўнік года” праводзіцца з 1991 года. Кожны яго ўдзельнік зрабіў свой уклад у развіццё адукацыі рэспублікі. Рэзультаты іх работы – у штогадовых перамогах выхаванцаў на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, выніках паступлення выпускнікоў у вышэйшыя вучэбныя ўстановы, высокіх балах у цэнтралізаваным тэсціраванні. Ёсць сярод гэтых настаўнікаў тыя, хто сталі кандыдатамі педагагічных навук, выдалі вялікую колькасць метадычных і навуковых прац, займаюць высокія пасады ў розных сферах дзейнасці.

Адкрыты ўрок для калег у незнаёмай аўдыторыі – вышэйшы педагагічны пілатаж. Гэта майстэрства і дэманстравалі восем педагогаў з розных рэгіёнаў Беларусі – пераможцы і прызёры прэстыжнага рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” розных гадоў.

У першы дзень наведвання гасцінна расчыніла дзверы сярэдняя школа №3 г. Капыля, дзе ўдзельнікаў клуба па-сяброўску віталі адміністрацыя і выхаванцы навучальнай установы.

Назаўтра члены “Крыштальнага жураўля” правялі невялікую прэзентацыю членаў клуба, спявалі, жартавалі. У якасці памятнага падарунка начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ірына Багачова ўручыла начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Аляксею Абросімаву сімвалічнага жураўліка з намёкам на тое, каб капыльскія педагогі ў будучым мелі поспех у прэстыжным конкурсе. Пасля невялікага перапынку майстры педагагічнай справы правялі адкрытыя ўрокі і майстар-класы па рускай і англійскай мовах, беларускай літаратуры, матэматыцы, біялогіі, хіміі, чалавеку і свеце, грамадазнаўстве. Больш за сотню настаўнікаў з усіх вучэбных устаноў Капыльшчыны прынялі ўдзел у працы гэтай педагагічнай майстэрні.

Напрыканцы адбыўся семінарскі занятак “Сучасны ўрок – гэта…” і падвядзенне вынікаў насычанага дня.

Ужо ў апошні дзень члены клуба “Крыштальны журавель” на экскурсіі знаёміліся з Капылём, яго гісторыяй, а на прыёме ў старшыні райвыканкама Анатоля Жданені атрымалі памятны сувенір (гадзіннік з гербам Капыля), які доўга будзе нагадваць пра час, які правялі яны ў нашым старажытным горадзе.

Сяргей  ЛАЗОЎСКІ

Фота  аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *