«Слава працы» — о Великой Победе

Актуально Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Сёння перагорнем старонкі нумароў раённай газеты «Слава працы», прысвечаныя юбілеям Перамогі савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У іх расказвалася пра нашых землякоў, якія мужна змагаліся на франтах і ў партызанскіх атрадах, былі сувязнымі і падпольшчыкамі, здабывалі Перамогу над карычневай чумой ХХ стагоддзя.

1965. 20 год Перамогі. Былы камандзір партызанскага атрада імя Суворава У. Шпакоўскі расказаў пра Антона Пісарыка і Ігната Макаўчыка, якія былі аднымі з першых партызанскіх сувязных: «Прыпамінаецца 1941 год. Група першых партызан на Капыльшчыне спынілася на хутары Рэмезаўшчына, што непадалёку ад вёскі Какорычы. Камандаваў ёю генерал-маёр Канстанцінаў. А. Пісарык і І. Макаўчык за ноч, рызыкуючы жыццём, напяклі нам хлеба, далі на дарогу сала і іншых прадуктаў. Затым гэтыя таварышы, з’яўляючыся актыўнымі нашымі сувязнымі, дабывалі партызанам зброю, каштоўныя весткі, інфармавалі, што адбываецца ў Капылі і навакольных вёсках, дзе размяшчаліся нямецкія гарнізоны. Надзейнымі памочнікамі былі Васіль Заяц, Іосіф Кулеш, тт. Рымашэўскі, Лазарэвіч, Пукач і многія іншыя. Калі ў верасні 1941 года ля вёскі Савічы завязаўся бой з немцамі, Васіль Заяц быў цяжка паранены. Але нягледзячы на гэта, ён працягваў адстрэльвацца. Тры апошнія кулі ён ва ўпор пусціў у ненавісных ворагаў, чацвёртую пакінуў для сябе…»

1975. 30 год Перамогі.  На здымку — два маладыя камандзіры Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту.

Васіль і Рыгор Сямашкі
Васіль і Рыгор Сямашкі

Гэта родныя браты Васіль і Рыгор Сямашкі з вёскі Лешня. А здымак быў зроблены ў гады, калі наш народ вёў бязлітасную вайну з ненавісным ворагам. Пра іх на старонках «Слава працы» расказаў І. Кошманаў, былы загадчык кабінета партыйнай асветы РК КПБ. Вернымі сынамі Айчыны, мужнымі і стойкімі камандзірамі і воінамі праявілі сябе родныя браты. Старэйшы з іх Васіль закончыў ваеннае вучылішча і вайну сустрэў на пасадзе камандзіра стралковага палка. Яго полк змагаўся з ворагам на подступах да Ленінграда, удзельнічаў у прарыве варожай блакады. Летам 1944 года ў час выканання адказнага баявога задання ў баі пад Нарвай наш зямляк паў смерцю героя ад асколка нямецкага снарада. Палкоўнік Сямашка быў узнагароджаны ордэнам Леніна і іншымі высокімі ўрадавымі ўзнагародамі…

Яго брат Рыгор у гэты час граміў ворага на розных марскіх рубяжах Айчыны. У 1943 годзе ён быў назначаны камандзірам атрада марскіх хуткаходных караблёў, экіпажы якіх удзельнічалі ў разгроме гітлераўцаў пад Ленінградам, на Карэльскім перашыйку, вызвалялі Савецкую Прыбалтыку, тапілі нямецкія караблі ў заходняй акваторыі Балтыйскага мора. Герой узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ардэнамі Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі, адзінаццаццю баявымі медалямі.

1985. 40 год Перамогі. У рэдакцыю газеты трапіў ліст камандзіра вайсковага падраздзялення С. І. Колатава, у якім ён расказваў аб гераічных учынках братоў Васілеўскіх з вёскі Мыслі нашага раёна: «Праціўнік быў у шаленстве і ў пяты раз пераходзіў у контратаку. Да 50 танкаў і дзвюх соцень гітлераўцаў упарта лезлі на пазіцыю, якую абараняла некалькі мужных герояў. І вось ужо ў пяты раз захлынулася варожая атака. Пакінуўшы на полі да 120 трупаў і 12 падбітых танкаў, ворагі адкаціліся назад.

Ад салдата да салдата маланкай разляцелася звестка аб подзвігах, здзейсненых у гэты дзень Браніславам і Іосіфам Васілеўскімі. У той момант, калі з-за ўзгорка паказаліся варожыя танкі і самаходкі, за імі ішла нямецкая пяхота, слаўны воін Іосіф, глянуўшы на брата, сказаў: «Браніслаў, і мы павінны праявіць сябе як камсамольцы. Падрыхтуй гранаты і будзь нагатове». Браты абняліся, пацалаваліся, падрыхтаваліся да рашучай схваткі. У тым баі яны знішчылі больш за сто фашыстаў. А калі немцы наблізіліся ўшчыльную да нашых траншэяў, Іосіф першым узняўся над брустверам. «Таварышы! За мной у штыкавую на ворага!» — гучна выгукнуў ён. Дружнае «Ура!» скалыхнула паветра. Васілеўскія першымі, а за імі ўсе байцы рынуліся ў рукапашную схватку. Пад імклівым націскам жменькі смельчакоў немцы крута павярнулі назад…»

1995. 50 год Перамогі. Былая франтавічка, медыцынская сястра, М. Казючыц, якая служыла ў асобнай роце медыцынскага ўмацавання з першых дзён вайны, пісала ў раёнку аб тым, што страшныя дні ваеннага ліхалецця назаўсёды засталіся ў яе сэрцы, выказвала вялікую ўдзячнасць за клопат аб ветэранах. Вось яе ўспаміны аб адным з эпізодаў: «Асабліва цяжка было, калі нашы адступалі. Успамінаю, як пад Арлом сабралася шмат параненых. Прадстаяла эвакуацыя, бо немец быў ужо побач. Ляцелі снарады. Адбіта крыло памяшкання, дзе размяшчаліся раненыя. Добра, што паспелі вынесці іх у сад. Працягвалі грузіць на машыны пад моцным агнём. Але медыкі трымаліся. Пасля гэтага мяне ўзнагародзілі медалём «За баявыя заслугі» і прысвоілі званне малодшага лейтэнанта медыцынскай службы».

2005. 60 год Перамогі. Самай памятнай датай у сваім жыцці Аляксей Рыгоравіч Юргенеў са Старыцы заўсёды лічыў удзел у Парадзе Перамогі, які адбыўся 24 чэрвеня 1945 года на Краснай плошчы ў Маскве.

А. Р. Юргенеў
А. Р. Юргенеў

 

Пра гэта ветэран часта з захапленнем расказваў сваім дзецям і ўнукам, вучням Старыцкай адзінаццацігодкі, іншым удзячным слухачам, якія разам з ветэранам акуналіся ў атмасферу тых далёкіх часоў. Таццяна Гасанава, былы бібліятэкар Старыцкай сельскай бібліятэкі, расказала пра ветэрана на старонках раёнкі. Вестка пра тое,  што  ён будзе ўдзельнічаць у Парадзе Перамогі, застала Аляксея Юргенева ў Венгрыі. Цэлы тыдзень ехалі ў Маскву цягніком. 7 чэрвеня прыбылі ў Сакольнікі. Адразу пачалася падрыхтоўка да парада. Спачатку трэніраваліся днём, а затым, каб не перашкаджаць насельніцтву, займаліся страявой падрыхтоўкай з 2 гадзін ночы да 8 гадзін раніцы. І вось нарэшце гэты дзень настаў. Аляксей Рыгоравіч быў правафланговым у зводным палку 2-га Украінскага фронту пад камандаваннем генерал-маёра Паповіча. Камандаваў Парадам маршал Ракасоўскі, а прымаў яго маршал Жукаў. Перад Маўзалеем У. І. Леніна ўрачыстым маршам прайшлі авеяныя баявой славай зводныя палкі франтоў, флатоў і часці Маскоўскага гарнізона. Доблесныя і гераічныя воіны — салдаты, афіцэры, генералы, маршалы — горда, стройнымі радамі крочылі пад баявымі сцягамі, абпаленымі агнём жорсткіх бітваў. І яны мелі  на  гэта  поўнае  права,  паколькі здабылі ПЕРАМОГУ.

Падрыхтавала Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *