Прадукцыя смачная i карысная для здароўя

Калейдаскоп

 ААТ “Капыльскі масласырзавод” выпускае шырокі спектр малочных прадуктаў, вядомых не толькі ў Беларусі, але і краінах блізкага і далёкага замежжа. Чым знамянальны быў сёлетні год для аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці Міншчыны? На гэта і іншыя пытанні адказвае дырэктар, дэлегат ІV Усебеларускага народнага сходу Іван Віктаравіч ГОРБАЧ:

У сырасховішчы - майстар па паспяванні сыроў С. Вярбіла і начальнік сыраробчага ўчастка М. Гайдук

— Самая значная падзея – рэалізацыя новага інвестыцыйнага праекта па асваенні вытворчасці сухой сыроваткі і сухога малака. Запушчаны новы цэх, які забяспечыць прадпрыемства больш поўнай перапрацоўкай малака за кошт укаранення тэхналагічнага працэсу сушкі малочнай сыроваткі. За суткі новы аб’ект прыме да 300 тон.

Масласырзавод сёння – гэта стабільнае, сучаснае, высокатэхналагічнае прадпрыемства. Працягваецца нарошчванне вытворчых магутнасцей, выпуск новых відаў прадукцыі. Праводзіцца актыўная работа па прасоўванні сваёй гандлёвай маркі “Сузор’е смаку” на міжнародныя рынкі збыту. Нашы сыры, масла з задавальненнем купляюць не толькі ў Беларусі, але і Расіі, Казахстане, Азербайджане, Грузіі, казеін – у Германіі, Польшчы, ЗША.

— Якая ўвага надаецца якасці і бяспецы выпускаемай прадукцыі?

— Якасць прадукцыі прадпрыемства пацверджана сертыфікатам на адпаведнасць патрабаванням СТБ ІSО 9001-2009. У красавіку гэтага года атрыманы сертыфікат на адпаведнасць сістэмы кіравання якасцю і бяспекі вытворчасці і захоўвання сыроў сычужных на аснове аналізу рызыкі і крытычных кантрольных кропак (НАССР), патрабаванням міжнароднага стандарту СТБ 1470-2004. Масласырзавод мае 18 сертыфікатаў адпаведнасці як нацыянальнай сістэмы, так і сістэмы сертыфікацыі Дзяржстандарту Расійскай Федэрацыі, 26 пасведчанняў аб дзяржаўнай гігіенічнай рэгістрацыі, якія пацвярджаюць і якасць, і бяспеку прадукцыі. У сучасны момант завяршаецца работа па ўкараненні сістэмы кіравання навакольным асяроддзем (СУОС) і сістэмы кіравання аховай працы (СУОТ).

Майстры-масларобы М. Юрчэня і Т. Удовіна

Сёлета мы ўкаранілі відэасістэму. Назіранне за кожным цэхам не толькі дысцыплінуе людзей, але і дазваляе трымаць увесь тэхналагічны працэс пад кантролем, што немалаважна для бяспекі вытворчасці.

— Ці радуюць Вас як кіраўніка эканамічныя паказчыкі?

— Калі летась мы выйшлі на рэнтабельнасць з мінусам, то сёлета за тры кварталы яна склала 26,2% пры прагнозным паказчыку 6%, чысты прыбытак – 9920 мільёнаў рублёў. Аб’ём вытворчасці да ўзроўню мінулага года ў супастаўных цэнах склаў 109,9% (прагнозны паказчык – 109,5%), вытворчасць тавараў народнага спажывання – 118,1% (прагноз – 109,5%). Экспарт прадукцыі роўны 19 090 тыс. долараў ЗША. Тэмп росту да ўзроўню мінулага года – 180,7% (прагнозны паказчык – 125%). І самае галоўнае – павысілася заработная плата. Да канца года яе сярэдні памер складзе адзін мільён рублёў. Таму невыпадкова  вакансіі ў нас адсутнічаюць.

— Іван Віктаравіч, некалькі слоў пра перспектыву развіцця прадпрыемства.

— Пашыраць асартымент прадукцыі і рынкі збыту. Неабходна будаваць ачышчальныя збудаванні, нягледзячы на тое, што запушчаны цэх па перапрацоўцы сыроваткі. Але ж і павялічваецца прыём малака ад гаспадарак. А ўвогуле будзем будаваць работу так, каб прадпрыемства, як кажуць, ішло ў нагу з часам і задавальняла попыт насельніцтва. У “Сузор’і смаку” ўсё павінна быць смачным і карысным для здароўя чалавека. Пра гэта і клапоціцца наш калектыў, якому я зычу моцнага здароўя, дабрабыту, спаўнення ўсіх задум.

Марыя ШЭІНА

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *