Новы цэх на МЗС уступiў у строй

Актуально Эканоміка

У мінулую сераду адбыўся пробны пуск цэха па перапрацоўцы сыроваткі на ААТ “Капыльскі масласырзавод”.

Чырвоную стужку пераразаюць С. Гарбацэвіч, І. Горбач, А. Жданеня, С.Крыштаповіч

Чырвоную стужку пераразаюць С. Гарбацэвіч, І. Горбач, А. Жданеня, С.Крыштаповіч

Гэтым  была пастаўлена кропка ў рэалізацыі інвестыцыйнага праекта коштам звыш 23 млрд рублёў. Падзея доўгачаканая і мае вялікае значэнне як для самога прадпрыемства, так для эканомікі нашага раёна і ўсёй рэспублікі. Акрамя таго, гэта дазволіць заводу павялічыць вытворчасць прадукцыі на 100 млрд рублёў і больш шырока супрацоўнічаць з замежнымі пакупнікамі.

На ўрачыстасці прысутнічалі людзі, якія ўнеслі вялікі ўклад у тое, каб пасля доўгага перапынку (будаўніцтва было распачата 19 год таму) задуманае стала явай. Традыцыйна свята пачалося пераразаннем чырвонай стужкі: такі гонар атрымалі старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня, дырэктар ДУ “Мінаблмясамалпрам” Сяргей Крыштаповіч, генеральны дырэктар ААТ “Трэст “Шахтспецбуд” Сяргей Гарбацэвіч, дырэктар ААТ “Капыльскі масласырзавод” Іван Горбач.

Затым прадстаўнік генеральнага падрадчыка С. Гарбацэвіч уручыў кіраўніку перапрацоўчага прадпрыемства сімвалічны ключ ад новай пабудовы. Падчас экскурсіі па новым цэху, якую правяла галоўны інжынер завода Ніна Кузьміч, яе ўдзельнікі шмат даведаліся пра перавагі новай вытворчасці, пазнаёміліся з тэхналагічным працэсам, змаглі паназіраць за яго ходам. Вельмі ўразілі і бытавыя ўмовы, створаныя для работнікаў цэха.

[/caption]

Усяго ў новым структурным падраздзяленні створаны 24 працоўныя месцы. Як адзначыла Ніна Яўгенаўна — гэта маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў з ліку работнікаў прадпрыемства. Тым не менш, можна з поўнай адказнасцю гаварыць пра тое, што ўвядзенне ў строй новага цэха — гэта пэўны ўклад у рэалізацыю Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх населеных пунктаў на 2007 — 2010 гг. і Праграмы перапрацоўкі сухой малочнай сыроваткі і вытворчасці малочных прадуктаў.

Як адзначылі ўдзельнікі мерапраемства, працэс рэалізацыі інвестцыйнага праекта простым не назавеш. Давялося сутыкнуцца з мноствам праблем як фінансавага, так і тэхнічнага характару. І адна з іх — складанасць увязкі агульнабудаўнічых работ з тэхналагічным абсталяваннем еўрапейскага ўзроўню, устаноўкай і наладкай якога займаліся замежныя партнёры са Славакіі і Германіі. Яны ж зараз ажыццяўляюць навучанне рабочых.

Самыя шчырыя словы ўдзячнасці гучалі ў гэты дзень у адрас усіх тых, хто дапамог здзейсніцца гэтай задумцы, а таксама надзея на тое, што Капыльскі масласырзавод будзе і надалей развівацца і імкнуцца да дасягнення вялікіх поспехаў на карысць нашай краіны.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *