В районе проходит смотр-конкурс коллективов художественной самодеятельности клубных учреждений

Актуально

Прысвечаны ён 70-годдзю Вялікай Перамогі. Мэты і задачы, якія ставяць перад сабой спецыялісты творчай сферы дзейнасці, заключаюцца найперш у выяўленні новых калектываў і асобных выканаўцаў, развіцці аматарскай мастацкай творчасці і традыцыйнай культуры, удасканаленні работы сельскіх устаноў культуры па забеспячэнні высокага ўзроўню і якасці арганізацыі вольнага часу насельніцтва і — што вельмі важна — у захаванні і зберажэнні мясцовых музычных і песенных традыцый.

Семежаўскі ЦКіВЧ
Семежаўскі ЦКіВЧ

Кампетэнтнае журы ацэньвае выканальніцкае майстэрства і сцэнічную культуру, выкарыстанне мясцовых традыцый і асаблівасцей музычных твораў, выкананне ўсіх умоў агляду-конкурсу. Рабіць канчатковыя вынікі пакуль яшчэ рана, яны будуць падведзены пасля выступлення ўсіх калектываў. Аднак варта сказаць, што літаральна кожная ўстанова культуры вызначаецца своеасаблівым падыходам да раскрыцця тэмы выступлення, мясцовых талентаў, прадстаўляючы на суд гледачоў і журы арыгінальныя творчыя справаздачы.

Пацейкаўскі СДК
Пацейкаўскі СДК

У адзін з вечароў на сцэне раённага Цэнтра культуры на працягу амаль чатырох гадзін свае тэматычныя праграмы прадстаўлялі шэсць клубных устаноў раёна. Адразу трэба адзначыць, што яны былі прасякнуты патрыятызмам і вярнулі гледачоў у падзеі ваеннага ліхалецця.

Скабінскі сельскі клуб-бібліятэка
Скабінскі сельскі клуб-бібліятэка

Прыемна, што ва ўсіх літаратурна-музычных кампазіцыях акрамя работнікаў культуры прымалі ўдзел і самыя актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці розных узростаў. Увесь вечар са сцэны гучалі песні ваенных гадоў, амаль у кожнай праграме было ўзгадана пра пачатак вайны і радасць ад доўгачаканай перамогі.

Лоцвінскі цэнтр аматарскай творчасці
Лоцвінскі цэнтр аматарскай творчасці

Напрыклад, самадзейныя артысты з Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу ў сваёй кампазіцыі расказалі пра тое, якія падзеі адбываліся падчас зацішша ў ваенны час на прывале. Выпускны баль, першыя дні вайны, мінута маўчання, ушанаванне ветэранаў — усё гэта было адзначана ў выступленні прадстаўнікоў Пацейкаўскага СДК. «Ведай, я цябе чакаю» — такі лейтматыў інсцэніроўкі, якую прадставіў Скабінскі сельскі клуб-бібліятэка. Яна вызначалася прыгожай беларускай мовай, успамінамі бабулі па фотаздымках, якія знайшлі ўнукі ў старым альбоме… Пра тое, як дапамагала песня на вайне, паказалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з Лоцвінскага цэнтра аматарскай творчасці. Як і павінна быць, іх прадстаўленне вызначалася высокім рэжысёрскім падыходам, ды і без нотак весялосці тут не абышлося. Выступленне Ляшнянскага сельскага клуба-бібліятэкі было адметна папуры з песень ваенных гадоў. А вось кампазіцыя Навасёлкаўскага СДК заклікала берагчы франтавыя пісьмы.

Ляшнянскі сельскі клуб-бібліятэка
Ляшнянскі сельскі клуб-бібліятэка

Гэта толькі адзін дзень агляду, наперадзе — выступленне іншых калектываў і падвядзенне вынікаў.

У. Острыкаў (Навасёлкаўскі СДК)
У. Острыкаў (Навасёлкаўскі СДК)

Сяргей КОЗЕЛ

Фота Паўла ШЭІНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.