Жыццём загартаваны

Чалавек і яго справа

Ніводзін чалавечы лёс не бывае лёгкім – так наканавана звыш. На долю Эдуарда Рыгоравіча Кароткіна з г. Капыля, 75-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца гэтымі днямі, прыйшлося нямала ліха, і тым не менш, ён змог знайсці сілы ўзняць галаву і смела паглядзець у твар няўмольнаму року.

Эдуард Рыгоравіч Кароткін

Родам Эдуард Рыгоравіч з Віцебшчыны, гадаваўся ў сялянскай сям’і, таму здольны быў да любой працы на зямлі. І вельмі хацеў вучыцца. Перажыўшы гады ваеннага ліхалецця, узнаўлення разбуранай гаспадаркі, пасля заканчэння васьмігодкі паступіў у Мінскую сярэднюю школу, якая рыхтавала старшынь калгасаў. Увесь далейшы яго лёс быў звязаны з сельскай гаспадаркай. Працаваў аграномам і завочна вучыўся у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Стаў камуністам, стварыў сям’ю, а ў 24 гады быў абраны старшынёй калгаса “1 Мая” на Капыльшчыне.

Адукаваны і ініцыятыўны, упарты і дысцыплінаваны, ён змог павесці за сабой калектыў і дабіцца вялікіх працоўных дасягненняў: калгас увайшоў у тройку лепшых гаспадарак раёна, а яго старшыня быў узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга, дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, медалямі “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”, “Ветэран працы” і шматлікімі падзякамі.

Жыццёвы і працоўны шлях ветэрана і сёння заслугоўвае самых высокіх слоў. Ён прыклад для моладзі, бо можа навучыць таму, на што не здольны нават лепшы настаўнік, а менавіта – мудрасці пражытых гадоў.

Эдуард Рыгоравіч і сёння, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, не здраджвае вёсцы. Летам з любай жонкай Надзеяй Кузьмінічнай праводзяць час у роднай Арэхаўцы, зімой – у Капылі. Юбіляр па-ранейшаму аптыміст, стараецца трымаць добры настрой. А гарант гэтаму настрою, міру і спакою – яго сям’я, унукі і праўнукі.

З юбілеем Вас, шаноўны Эдуард Рыгоравіч!

Любоў ПЯТРОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *