Будзьце добрымi, i свет вакол вас напоўнiцца дабрыней

Галоўныя падзеі

Як гэта важна — умець правільна паводзіць сябе ў грамадстве. Для гэтага мала проста ведаць і выконваць правілы этыкету, неабходна паважаць іншых і быць уважлівым да тых, хто побач.

Вельмі прыемна, калі малады чалавек у аўтобусе саступае сваё месца цяжарнай жанчыне. Адразу бачна, у якой сям’і ён выхоўваўся. I вельмі прыкра назіраць адваротныя сітуацыі.

Каму прыемна, зайшоўшы ў магазін, адчуць на сабе нядобразычлівасць і агрэсію прадаўца? Мяне ў падобным выпадку зусім не супакойвае, што жанчына апраўдвае такія свае адносіны да пакупніка стомленасцю, загружанасцю, асабістымі праблемамі і г.д. Я пераканана, гэта вынікі адсутнасці элементарнай культуры паводзін і ўзаемаадносін.

Вучыць правілам паводзін неабходна ў сям’і, школе, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Веды ў спалучэнні з культурай паводзін дапамогуць дабіцца многіх пастаўленых перад сабой мэт, заслужыць аўтарытэт, наогул, дасягнуць многага ў жыцці.

Нашы мудрыя продкі заўважылі: якім будзе прывітанне, такім будзе і адказ. На справе так і атрымліваецца: калі ставішся да чалавека прыветна, з павагай, то і яго адносіны да цябе адпаведныя.

Усім неабходна часцей задумвацца над сваімі паводзінамі, над тым, што сказалі і што зрабілі, наколькі зручна, лёгка і прыемна з намі іншым людзям. Будзьце добрымі, і свет вакол вас напоўніцца дабрынёй.

Ганна ЛЯХ,

студэнтка 2 курса БДПУ імя М.Танка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *