У Капыльскім раённым краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы мастака Леаніда Гурбо

Культура

Дарэчы, да нас палотны выставы “Міфы і рэальнасць” прывёз са Слуцка сам аўтар — сябра Беларускага саюза мастакоўЛеанід Міхайлавіч, дзе іх прэзентацыя адбылася крыху раней. Персанальныя выставы Леаніда Міхайлавіча праходзяць на працягу амаль 40 гадоў. Адметнай рысай яго твораў з’яўляецца міфалагічнасць сюжэтаў: вось зіхаціць крыламі птушка Фенікс, вабіць сваёй загадкавасцю Чорная панна Нясвіжа, плыве ў вечнасць карабель містыкі. Таксама знайшлі сваё адлюстраванне і сюжэты некаторых літаратурных твораў: менавіта так убачыў мастак з’яўленне Майстра ў Маргарыты, на другім палотнішчы — сустрэча Понція Пілата і Іешуа, спяшаюцца некуды Дон Кіхот і яго верны сябра Санча Панса, пяшчотна паглядаюць адзін на аднаго Рамэо і Джульета.

Л. Гурбо гутарыць з В. Шураковай
Л. Гурбо гутарыць з В. Шураковай

Вельмі любіць Леанід Гурбо маляваць і кветкі: як напамін пра рознакаляровыя веснавыя і летнія дзянькі — нацюрморты з бэзам, з гваздзікамі, са сціплымі ў сваёй прыгажосці палявымі кветачкамі.

— Я люблю маляваць прыгажосць, — адзначыў Леанід Міхайлавіч, звяртаючыся да наведвальнікаў выставы. — Але асабліва цікавяць мяне міфалагічныя і рэлігіёзныя тэмы. Таму кожная карціна — гэта менавіта мае адносіны да таго ці іншага сюжэта або падзеі. Напрыклад, анёл. Хочацца паказаць яго так, як яго ўяўляю я. Вельмі не люблю вайну. У дзяцінстве прыйшлося перажыць і пабачыць шмат жудаснага, звязанага з ваеннымі падзеямі. Таму і прысвячаю сваю творчасць прыгажосці ў розных яе праяўленнях.

Дырэктар музея Валянціна Шуракова ў знак удзячнасці ад наведвальнікаў выставы, якіх, дарэчы, на адкрыццё сабралася даволі шмат, падарыла Леаніду Гурбо кнігу “Памяць. Капыльскі раён”, выказала словы падзякі за прадстаўленыя карціны. Кожны жадаючы зможа пазнаёміцца з творчасцю мастака да 10 лістапада.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *