Сустракайце аўтаклуб

Культура

Аддзелу культуры Капыльскага раёна вельмі пашанцавала: напрыканцы 2009 года ён атрымаў новы аўтобус. Адразу на базе раённага Цэнтра культуры быў створаны аўтаклуб. Цяпер кваліфікаваныя спецыялісты РЦК могуць больш шчыльна супрацоўнічаць са сваімі калегамі ў раёне, многія з якіх не маюць спецыяльнай адукацыі ў сферы культуры і мастацтва. Кожны чацвер працаўнікі раённага Цэнтра культуры, цэнтральнай раённай бібліятэкі імя А. Астрэйкі, краязнаўчага музея, раённага Цэнтра ткацтва выязджаюць у сельскія ўстановы культуры, каб на месцы дапамагчы арганізаваць канцэрт, правесці рэпетыцыю, папрацаваць з наведвальнікамі гурткоў і калектываў.

Напярэдадні Дня жанчын з дапамогай аўтаклуба цудоўны святочны канцэрт змог адбыцца ў такой далёкай ад раённага цэнтра вёсцы, як Труханавічы. Вершамі і песнямі радавалі гледачоў удзельнікі мастацкай самадзейнасці Каменскага сельскага клуба — вучні сярэдняй школы, з якой цесна супрацоўнічае гэта ўстанова культуры.

Гледачы выказвалі шчырую падзяку артыстам і вельмі прасілі, каб такія канцэрты адбываліся як мага часцей. Спецыялісты раённага Цэнтра культуры ўпэўнены, што цяпер дзякуючы аўтаклубу такіх мерапрыемстваў будзе значна больш і праводзіцца яны будуць у розных установах нашага раёна.

Таццяна КАХАНОВІЧ,

загадчык аўтаклуба



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *