Встреча с молодыми специалистами состоялась в Копыльском райисполкоме

Маладзёжная палітыка

У форме даверлівай размовы адбылася сустрэча маладых спецыялістаў — выпускнікоў 2013 і 2014 гадоў сельскагаспадарчых навучальных устаноў —  з першым намеснікам старшыні райвыканкама начальнікам упраўлення райсельгасхарчу Анатолем Ладыгам.

— Тое, што на Капыльшчыну прыходзяць маладыя кадры, азначае, што ў раёне ёсць перспектыўная замена, ідзе працэс абнаўлення спецыялістаў, — падкрэсліў Анатоль Ладыга. — Вам адкрыты ўсе шляхі для атрымання ведаў і навыкаў. Удасканальвайцеся, набірайцеся вопыту, чытайце больш літаратуры — усё гэта дапаможа вам у прафесійным росце. На жаль, сустракаюцца такія выпадкі, калі не ўсе кіраўнікі могуць раскрыць ваш патэнцыял. Вядома, што адразу вы не можаце быць прафесіяналамі: гэта прыходзіць з часам. Калі будзеце адчуваць неабароненасць, напрамую звяртайцеся да мяне — разам мы вырашым вашы праблемы. Прыемна адзначаць, што ў раёне фарміруецца каманда перспектыўных, паспяховых маладых людзей.

Пра работу з маладымі кадрамі гаварыў у сваім выступленні і начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Аляксандр Ліпніцкі, а тэму баўлення вольнага часу і занятасці сельскай моладзі закранула першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Вікторыя Шостак.

Шмат расказалі пра сябе і некаторыя маладыя спецыялісты. Напрыклад, намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача па лабараторнай дыягностыцы райветстанцыі Таццяна Стральчэня адзначыла:

У 2013 годзе з адзнакай закончыла Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Разам з мужам (ён родам з Капыля) былі накіраваны ў райветстанцыю, дзе нас вельмі цёпла сустрэлі. Плануем тут застацца. Адчуваем вялікую падтрымку ад кіраўніцтва нашай установы і раёна ўвогуле.

Па накіраванні я летась прыбыў на працу аграномам у ААТ “Семежава”, — гаворыць Яўген Ігнатчык. — у Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы знайшоў сваю другую палавінку, ажаніліся, цяпер жывём у Чырвонай Дубраве, хутка чакаем папаўнення ў сям’і. Праца ў сельскай гаспадарцы мне вельмі падабаецца: любоў да зямлі прывівалася з самага дзяцінства. Хачу звязаць свой лёс з вёскай і надалей.

Справу па душы выбраў і Арцём Казак з в. Садкі. Пасля заканчэння Смілавіцкага аграрнага каледжа ён сёлета па размеркаванні прыбыў у родную гаспадарку — ААТ “Старыца-Агра”, дзе працуе ветфельчарам. Гэтай справе мяркуе прысвяціць сваё жыццё.

Ветурач ААТ “Капыльскае” Таццяна Данчанка:

— Летась  закончыла  Віцебскую ветакадэмію. Родам з Капыля, сюды ж вярнулася і на працу. Лячыць жывёлу мне вельмі падабаецца. Ёсць чаму і ў каго вучыцца. У калектыве вельмі добрыя адносіны да нас, маладых. Цяпер галоўнае — зарэкамендаваць сябе.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *