Дарагiя сэрцу трохкутнiкi

Память

 

Вялікая Айчынная вайна. Пра яе ўзгадваюць не толькі ветэраны, але і людзі, якія ніколі не былі на той вайне. Гэта таму, што для пакалення нашых дзядоў і бацькоў вайна была настолькі сур’ёзным узрушэннем, што і дзеці ведаюць, і на генетычным узроўні адчуваюць — гэта страшна. А яшчэ таму мы памятаем, што ёсць сярод нас людзі, якія захоўваюць памяць пра тых, хто некалі здабыў для нас Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.

Дзякуючы матэрыялам пра ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Трыгубава Мікалая Пятровіча, якія клапатліва захоўвае яго пляменніца Ірына Жанаўна Дземідовіч, у Капыльскім раённым краязнаўчым музеі пачала працаваць выстава. Асноўны матэрыял на ёй — гэта маленькія салдацкія трохкутнічкі. Якімі дарагімі яны былі для маці і родных Мікалая Трыгубава, што з вялікай надзеяй на хуткую Перамогу дзень і ноч чакалі хлопца, спадзяваліся на сустрэчу, з заміраннем сачылі за выразам твару і рукамі паштальёна, калі той вымаў з пашарпанай сумкі пісьмо. Сэрца трымцела ад невядомасці: што прыйшло — трохкутнічак са знаёмым почыркам ці казённы канверт са страшнай весткай…

У 1941-м годзе яму было 15 гадоў. Да вайны Мікалай закончыў восем класаў Грозаўскай сярэдняй школы, уступіў у камсамол. 3 маленства любіў маляваць. Занатоўваў алоўкам у сшытку выявы родных мясцін, не адмаўляўся накідаць штрыхамі партрэт аднакласніка ці каго-небудзь з аднавяскоўцаў. Тыя, пабачыўшы малюнкі, не хавалі свайго захаплення. Мікалай марыў атрымаць сярэднюю адукацыю і паступіць у Мінскі політэхнічны інстытут на інжынерны факультэт, каб стаць інжынерам-будаўніком. Але збыцца марам юнака перашкодзіла вайна. У першыя дні хлопцу прыйшлося бачыць усе яе жахі і пакуты. Юнак шукаў любыя магчымасці змагацца з ворагам, не жадаючы мірыцца з «новым парадкам». Па просьбее падпольшчыка Мікалая Аляксеева ён збіраў зброю і боепрыпасы. А калі вясной 1942 года на Капыльшчыне пачалі дзейнічаць партызанскія атрады, Мікалай Трыгубаў стаў сувязным. Яго часта пасылалі ў варожыя гарнізоны, адкуль ён прыносіў важныя звесткі. Летам 1943 года Мікалай Трыгубаў быў залічаны партызанам-кулямётчыкам атрада «25 год Кастрычніка». Атрад да студзеня 1943 года дзейнічаў самастойна, потым у скла- дзе 300-й брыгады імя К. Я. Варашылава. Разгром варожых гарнізонаў, засады, рэйкавая вайна, пуск пад адхон варожых цягнікоў, знішчэнне тэлефоннай сувязі, паходы ў разведку — гэта няпоўны пералік тых баявых аперацый, у якіх прымаў удзел малады партызан.

Летам 1944 года Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і Мікалай Трыгубаў добраахвотнікам пайшоў на фронт. Але вярнуцца ў сваю родную вёску Грозава яму так і не давялося. Загінуў 15 студзеня 1945 г. у Польшчы. А яму было ўсяго 19 гадоў… I ён, магчыма, мог стаць таленавітым мастаком ці інжынерам-будаўніком.

Таццяна ВАРАНЦОВА,

старшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *