На Капыльшчыне будуюць новыя сянажна-сіласныя траншэі

Экономика

Губернатарам вобласці Сямёнам Шапіра была пастаўлена задача: у кожным сельгаспрадпрыемстве пабудаваць не менш за дзве новыя сянажна-сіласныя траншэі. Гэта робіцца для таго, каб забяспечыць якаснае захоўванне кармоў і, адпаведна, павышэнне вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.

Паводле слоў першага намесніка старшыні райвыканкама начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Анатоля Ладыгі, гэта даручэнне будзе выканана ў тэрмін, і перад пачаткам уборкі кукурузы на сілас у раёне павінна з’явіцца 37 новых траншэй.

Падыходы да іх будаўніцтва ў кожнай гаспадарцы розныя. Хто мае магчымасць атрымаць крэдыт на закупку жалезабетонных канструкцый з СТАА “БетонБокс” альбо Слуцкага сельскага будаўнічага камбіната ДУП УП “Мінскаблсельбуд” (а гэта ААТ “Старыца-Агра”, “Піянер-Агра”, ЗАТ “Жыліхава”, рыхтуюцца дакументы ў КСУП “Доктаравічы”), той выкарыстоўвае новыя пліты. Пераважная ж большасць сельгас- прадпрыемстваў пускае ў ход канструкцыі, якія вызваляюцца пасля разборкі невыкарыстоўваемых будынкаў. Тым самым значна (у 5-6 разоў) зніжаюцца расходы на будаўніцтва. Акрамя таго, работы вядуцца пераважна гаспадарчым спосабам, без прыцягнення старонніх арганізацый, што таксама ўплывае на агульны сабекошт. Напрыклад, новая сянажна-сіласная траншэя абыходзіцца гаспадарцы ў 150-200 млн рублёў, з якіх на мантаж выкарыстоўваецца ад 30 да 40 млн рублёў (у залежнасці ад аб’ёму ямы), львіная ж доля расходаў ідзе на асфальтаванне траншэі.

Ужо пабудавана звыш 20 траншэй. Найбольш паспяхова працуе ў дадзеным кірунку ф-л “Лакнея”: тут ужо ёсць 5 новых збудаванняў, і што адметна – узведзены яны на балотах, дзе растуць шматгадовыя травы, каб скараціць транспартныя расходы на дастаўку зялёнай масы. Адзначыў Анатоль Міхайлавіч тактыку вядзення работ і ўвогуле адносін да рэканструкцыі ААТ “Старыца-Агра”, добра папрацавалі ў ААТ “Прагрэс 2010”, КСУП “Доктаравічы”, ёсць зрухі і ў іншых гаспадарках.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *