Капыльшчына адзначыла галоўнае свята

Актуально Галоўныя падзеі

3 ліпеня жыхары Беларусі прызналіся ёй у бязмежнай сваёй любові. Гэта прызнанне гучала ў песнях і свяцілася ва ўсмешках, схілялася ў паклоне перад помнікам загінуўшым землякам і звінела хвілінай маўчання. Сёлета ў Капылі ў гэты дзень панаваў асабліва святочны настрой: разам з Днём Незалежнасці і 70-й гадавінай вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў жыхары райцэнтра шырока адзначылі 740-годдзе з дня першага ўпамінання горада ў Галіцка-Валынскім летапісе.

Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!

За гадзіну да святочных мерапрыемстваў у райвыканкаме адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з дэлегацыямі гарадоў-пабрацімаў — Чэхава Маскоўскай вобласці (Расія) і Ёнішкіс (Літоўская Рэспубліка), гасцямі з Цэнтральнага раёна г. Мінска. Падчас гутаркі госці даведаліся пра ўклад капыльскіх патрыётаў у Перамогу, ахвяры, якія панесла Капыльшчына падчас Вялікай Айчыннай вайны. Напрыканцы сустрэчы дэлегацыі абмяня- ліся памятнымі сувенірамі.

Пашана вызваліцелям

Памяць. Яна сапраўды жыве ў нашых сэрцах. І мы асабліва ярка адчуваем гэта менавіта ў такія дні, як 3 ліпеня. І не саромеемся ў гэты дзень прызнавацца сваёй Ра- дзіме ў любові, абяцаць яе абаронцам быць такімі ж моцнымі ў сваёй адданасці Айчыне. І таму святкаванні Дня Рэспублікі мы пачынаем з мітынгаў ля абеліскаў.

А палове адзінаццай гадзіны ля помніка воінам-вызваліцелям Капыля адбыўся ўрачысты мітынг з удзелам кіраўніцтва раёна, ветэранаў вайны і працы, прадстаўнікоў працоўных калектываў.

Адкрыла мітынг старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк. У сваёй прамове яна падкрэсліла, што гэта ўсенароднае свята адлюстроўвае вернасць служэння Радзіме, аб’ядноўвае ўсіх, хто сваёй стваральнай працай умацоўвае працвітанне і незалежнасць краіны. Складаны шлях прайшоў наш народ, каб сёння жыць свабодна, адзначыла Ірына Мікалаеўна. Невыпадкова мы святкуем Дзень Незалежнасці і Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у адзін і той жа дзень. Гэтыя дзве даты непадзельныя, яны сведчаць аб тым, якой вялікай цаной здабываліся святыя паняцці — “вызваленне”, “перамога” і “незалежнасць”.

Удзячнасць ветэранам вайны, працаўнікам тылу прагучала і ад настаўніцы замежнай мовы гімназіі №1 г. Капыля Юліі Бурак, Паўла Савінава — пляменніка гвардыі капітана Ф. П. Іванова, які вызваляў Капыль, намесніка раённага ваеннага камісара Капыльскага раёна начальніка мабілізацыйнай групы маёра Сяргея Маргаліка. Да помніка землякам і Вечнага агню ганаровыя госці, прадстаўнікі працоўных калектываў усклалі вянкі і жывыя кветкі.

Багатыя традыцыямі і душой

Дзякуючы тым, хто абараняў гэты мірны дзень, мы маем права на свята. І свята ў разгары. Яно, як вітраж, складаецца з мноства яркіх прыгожых часцінак. У цэлым рэжысёрам свята выдатна ўдалося падкрэсліць яго галоўную лінію: мы — беларусы, мы багатыя памяццю, багатыя традыцыямі, багатыя душой. Гэта вельмі ярка адчувалася на выставе-продажы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Вытокі зямлі нашай”, якая размясцілася ля ўвахода на фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

Як расказала дырэктар раённага Цэнтра традыцыйнай культуры Галіна Гурло, у выставе прынялі ўдзел каля 20 капыльскіх майстроў, якія займаюцца рознымі напрамкамі дзейнасці, а таксама аматарскія калектывы: народны клуб майстроў “Скарбонка”, аб’яднанне нацыянальнай кухні “Лоцвінскія ўдалухі”, традыцыйнай семежаўскай кухні — “Семяжовачка”. З цікавасцю назіралі капыляне і госці горада за тым, як пляцецца пояс. Тут свае ўменні прадэманстравалі навучэнцы Цімкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў разам са сваімі педагогамі, дырэктар раённага Цэнтра ткацтва Таццяна Волкава.

Нельга было не захапляцца вырабамі ткачых, якія прадэманстраваў раённы Цэнтр ткацтва, вышыванкамі Аліцыі Заворы з в. Камсамольская, Наталлі Чаркас з Быстрыцы, Ларысы Бохан са Скабіна, драўлянымі скульптурамі капыляніна Івана Васілевіча, вырабамі ў тэхніцы “дэкупаж” Наталлі Карпучок з в. Камсамольская. На суд гледачоў прапанавала свае роспісы па шкле Ала Раеўская з Капыля, вялікае захапленне выклікалі аб’ёмныя модульныя арыгамі, прадстаўленыя настаўніцай гімназіі № 1 Валянцінай Мяцельскай, сярод якіх асабліва вылучаўся макет Спаса-Узнясенскага храма г. Капыля. Старанна рыхтаваліся да свята і выхаванцы аддзялення для маладых інвалідаў Капыльскага ТЦСАН.

Пералік майстроў можна працягваць, але ўсіх іх аб’ядноўвала вялікая любоў да справы, якой яны займаюцца, імкненне зрабіць свой уклад у стварэнне па-сапраўднаму святочнай атмасферы.

Урачыстае шэсце

Святочную праграму, прысвечаную юбілею Капыля, распачало ўрачыстае шэсце прадстаўнікоў працоўных калектываў горада і раёна. Пад гукі марша калона, упрыгожаная рознакаляровымі паветранымі шарамі, флажкамі і транспарантамі, рушыла па бегавой дарожцы стадыёна. Яе сустракаюць гарачымі апладысментамі шматлікія гледачы на трыбунах. Многія калектывы — у адзінай форме. Адкрывае шэсце кіраўніцтва раёна, за імі — шаноўныя госці свята, работнікі раённага і сельскіх выканаўчых камітэтаў, працаўнікі, якія паказалі свой прафесіяналізм у розных галінах дзейнасці, члены раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Сардэчна вітаюць прысутныя маладыя і шматдзетныя сем’і, супрацоўнікаў РАНС. За імі ідуць прадстаўнікі прамы- словасці, сель- скай гаспадаркі, сферы паслуг, адукацыі і спорту, медыцыны і культуры.

Яны выстройваюцца насупраць трыбун, каб разам з усімі праспяваць у гэты святочны дзень Гімн горада Капыля.

Самыя шчырыя віншаванні

Са словамі шчырага прывітання да ўдзельнікаў свята звяртаецца старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Жданеня. Анатоль Іосіфавіч зрабіў кароткі экскурс у мінулае нашага горада, спыніўшыся на самых галоўных вехах яго гісторыі. “Цудоўная капыльская зямля, — адзначае выступоўца, — але самая вялікая яе каштоўнасць — гэта людзі, якія жывуць на ёй і працуюць”. Нездарма расце і спіс самых шаноўных, самых паважаных жыхароў Капыльшчыны, імёны якіх навечна занесены ў Кнігу працоўнай славы Капыльскага раёна. Сёлета яго папоўнілі яшчэ дзевяць чалавек. На свяце з рук старшыні райвыканкама яны атрымалі адпаведныя пасведчанні.

Самыя шчырыя віншаванні і сардэчныя пажаданні жыхарам Капыльшчыны выказалі ў гэты дзень дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Бойка, намеснік кіраўніка адміністрацыі Чэхаўскага муніцыпальнага раёна Маскоўскай вобласці Галіна Смірнова, прадстаўнік дэлегацыі Ёнішкскага раёна Літоўскай Рэспублікі дэпутат гарадскога Савета Рымантэ Місіўніене, Благачынны цэркваў Капыльскай акругі протаіерэй Сергій Чарны.

Варта дадаць, што на свяце прысутнічалі кіраўнікі, якія ўзначальвалі раён у розныя гады, Уладзімір Сасноўскі і Міхаіл Бода. Прыехалі на Капыльшчыну і госці з Ра- сійскай Федэрацыі — родныя воінаў, якія загінулі пры вызваленні горада Капыля: дачка гвардыі старшага сяржанта Аляксандра Аляксандравіча Краснабаева Таццяна Аляксандраўна Палякова і пляменнік гвардыі капітана Фёдара Паўлавіча Іванова Павел Сяргеевіч Савінаў з жонкай Ірынай Аляксандраўнай.

“Капыль мой — святая радзіма”

Сапраўдным падарункам жыхарам і гасцям горада ад лепшых творчых калектываў і асобных выканаўцаў стаў канцэрт “Капыль мой — святая радзіма”.

Асобна трэба сказаць пра літаратурна-музычную кампазіцыю “Калі б камяні маглі гаварыць…” Перад вачыма гледачоў нібы прагарнулі старонкі гісторыі, звязаныя з падзеямі, якія адбываліся на тэрыторыі Капыльскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны: партызанскі рух, мабілізацыі мужчын у Чырвоную Армію пасля вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў, радасць перамогі і гора ад страты самых блізкіх людзей.

Упрыгожылі свята, скарылі капыльскага слухача сваёй творчасцю такія добра вядомыя народныя калектывы як “Капыльскія дудары”, “Спадчына”, вакальны жаночы ансамбль пад кіраўніцтвам Таццяны Хілько, узорны дзіцячы аркестр пад кіраўніцтвам Льва Канапляніка. Гарачымі апладысментамі сустракалі гледачы выступленні харэаграфічных калектываў дзіцячай школы мастацтваў, раённага Цэнтра культуры, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна.

Толькі самыя станоўчыя эмоцыі выклікалі выступленні вакальнага ансамбля клуба “Ветэран”, салістаў Вячаслава Курчыка, Вольгі Даманскай, Валянціны Зарамбоўскай, Насці Карповіч, Веранікі Шахновіч, гуртоў “Ілона”, “Фасолькі” і “Элегія”. Ці пра каханне, ці пра Радзіму спяваюць артысты — песні адгукаюцца радасцю ў сэрцы кожнага, хто разам з усёй краінай адзначае Дзень Незалежнасці.

Дзеці самі – свята

Свае кветкі ў прыгожы вянок свята ўплятаюць дзеці. Асабліва яркай і прыгожай была праграма “Горад дзяцінства”, арганізаваная спецыяльна для самых маленькіх капылян.  Пачаліся мерапрыемствы з гульнёвай пляцоўкі, якая размясцілася ў скверы па вуліцы Партызанскай. Там дзеткі змаглі паспаборнічаць у трох конкурсах — “Рыбаловы”, “Хто хутчэй” і “Самы трапны”. Самым спрытным і хуткім былі ўручаны салодкія прызы.

Далей забаўляльна-гульнёвыя пляцоўкі перамясціліся на плошчу Леніна, дзе да ўвагі дзяцей і іх бацькоў была прадстаўлена насычаная канцэртная праграма “Сем колераў вясёлкі”. Віялета Туравец падарыла гледачам прыгожую песню “Баявыя ордэны”, Юлія Анікеева — душэўную “Баладу”, Ганна Засімовіч — вясёлую кампазіцыю “Фарбамі рознымі”. Таксама прысутных са святам павіншавалі іншыя юныя артысты — вакальная група “Элегія”, Валерыя Кашуба, Настасся Карповіч, Яна Канько, Ульяна Дубовік, Кацярына і Лізавета Жук, групы “Почемучки”, “Подружки”, выхаванцы ясляў-садоў №1 і №3, іншыя юныя спевакі.

Падчас канцэртнай праграмы на плошчы працавалі гандлёвыя павільёны і праходзіла выстава-продаж макетаў самалётаў, якія сваімі рукамі рабіў педагог дадатковага выхавання Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна Іван Жаланны. Разам з ім дзеці змаглі запусціць самалёт, а таксама паветраных змеяў. У гэты самы час праходзіла акцыя “Фатографы — дзецям”. Усе жадаючыя змаглі пафатаграфаваць сваіх сыноў і дачок. Сабраныя падчас акцыі грошы пойдуць на дабрачыннасць.

Пасля канцэрта жадаючыя змаглі паўдзельнічаць у конкурснай праграме для дзяцей “Хвіліна славы”:  паказаць свае здольнасці ў чытанні вершаў, спяванні песень і нават у паказванні фокусаў.

Цікавым і насычаным атрымалася свята для самых маленькіх жыхароў горада, пасля заканчэння якога на плошчы Леніна пачалі працаваць конкурсна-забаўляльныя пляцоўкі і была арганізавана святочная праграма “Са святам, капыляне!” для дарослых. Можна было нават сфатаграфавацца з байкерамі, якія з матацыкламі выстраіліся на плошчы на стаянцы для аўтамабіляў.

Потым усе прысутныя паўдзельнічалі ў акцыі “Спяваем гімн разам”, выканаўшы Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

І неба радавалася

Феерверкам шыкоўным фінішуе святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Капылі. Бадай, і гэтай святочнай ноччу на плошчы не менш шматлюдна, як днём. Усе чакалі феерыі, і ніхто не памыліўся ў сваіх спадзяваннях. Неба над горадам узарвалася тысячамі яскравых выбухаў, загарэлася яркімі іскрыстымі букетамі на радасць дзецям і дарослым.

Закончылася свята танцавальнай праграмай. Можна сказаць з упэўненасцю: гэты дзень для капылян атрымаўся цікавым і насычаным і запомніцца надоўга.

Рэпартаж падрыхтавалі Сяргей Лазоўскі, Маргарыта САКОВІЧ, Крысціна ЖОГАЛЬ.

НА ЗДЫМКАХ: моманты свята.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *