Салдат Вызвалення

Да 70-годдзя вызвалення Беларусі

На вайне ў кожнага чалавека складваўся свой лёс. Гэтая адметнасць непадобнасці баявых дарог з’яўляецца непаўторнай старонкай жывой гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ён – адзін з тых, каму мы ўдзячны за мірнае неба над любімай краінай.

Нарадзіўся Сцяпан Андрэевіч Клюйка ў 1901 годзе ў вёсцы Слабада-Кучынка Капыльскага раёна. У сям’і селяніна-бедняка расло пяцёра дзяцей, таму з самага маленства старэйшаму Сцяпану прыйшлося дапамагаць бацькам зарабляць на хлеб, працуючы ў заможных сялян. Здольны да навук хлопчык скончыў двухкласнае народнае вучылішча. Перад вачыма хутка праляцелі Першая сусветная вайна, дзве рэвалюцыі, Грамадзянская вайна, польская акупацыя.

Служба ў Чырвонай Арміі  (1922-1924 гг.) у Перакопскай дывізіі №51 151-га стралковага палка, які размяшчаўся ў Адэскай вобласці, не прайшла дарэмна – сфарміравала перадавую жыццёвую пазіцыю. Адтуль малады чалавек вярнуўся членам ВЛКСМ. Прадоўжыў адукацыю ў вячэрняй школе. У 1930 годзе адным з першых уступае ў калгас “Зара свабоды”. Праз год актыўнага і пісьменнага работніка выбіраюць сакратаром Слабада-Кучынскага сельсавета. Затым два гады Клюйка ўзначальвае ўладу ў роднай вёсцы.

1 студзеня 1934 года Сцяпана прызначаюць сельскім участковым, а ў канцы 1939 года – участковым упаўнаважаным Капыльскага раённага аддзела НКУС. Участак немалы, каля 15 вёсак. Выдалі форму, рэвальвер, коніка. Адзін з першых участковых Капыльшчыны, мужчына  добрасумленна адносіўся да сваіх абавязкаў. Работа сярод насельніцтва, пастаянныя зносіны з людзьмі, рашэнне розных жыццёвых праблем – усё гэта прад’яўляла да ўчастковага ўпаўнаважанага павышаныя патрабаванні. Усяго хапала, але многія пытанні імкнуўся вырашаць мірна і ў згодзе.

У Клюйкі склалася шчаслівае сямейнае жыццё: жонка, тры дачушкі, сын. Але ўсё парушыла раніца 22 чэрвеня 1941-га. Усіх работнікаў міліцыі вызвалі ў Капыль. Паступіў загад Народнага камісара ўнутраных спраў СССР Л. П. Берыі: “Асабістаму складу РА НКУС адыходзіць на захад!”. У пачатку вайны акупанты ў першую чаргу знішчалі не толькі камандзіраў і камісараў, а і пагранічнікаў, міліцыянераў, якія стаялі на смерць, у палон не здаваліся. 24 чэрвеня, абняўшы жонку і пацалаваўшы дзетак, Сцяпан рушыў на Шышчыцы, затым на Асіповічы і Магілёў. Праз некалькі дзён атрымаў прызначэнне ў раённы аддзел  унутраных спраў г. Касцюковічы.

Ва ўмовах вайны ў дадатак да асноўных задач па ахове грамадскага парадку і барацьбе са злачыннасцю з’явіліся новыя: барацьба з парушальнікамі ваеннага ўліку, дэзерцірамі, марадзёрамі, панікёрамі. Удзельнічае Сцяпан у выяўленні варожых агентаў, правакатараў, сігнальшчыкаў-ракетчыкаў, якія ў час налётаў фашысцкай авіяцыі падавалі светлавыя сігналы, наводзячы самалёты праціўніка на важныя аб’екты. Неаднаразова прыходзілася ўступаць у бой.

У ліпені пачалася гераічная абарона Магілёва. Там Чырвоная Армія ў поўным акружэнні на тры тыдні скавала значныя сілы ворага. Спачатку міліцыянер Клюйка ваяваў у 8-й брыгадзе НКУС Заходняга фронту. А затым трапіў у батальён, які быў сфарміраваны з работнікаў міліцыі 11 ліпеня 1941 года, у дапамогу 172-й стралковай дывізіі, што абараняла Магілёў. 12 ліпеня работнікі міліцыі занялі акопы на адным з самых цяжкіх участкаў абароны: раён вёсак Старое Пашкава і Гаі, якія знаходзіліся на паўночна-заходняй ускраіне Магілёва. Неабходна было прыкрываць чыгуначны вузел з боку Шклоўскай шашы. Узбраенне слабое: вінтоўкі, рэвальверы, бутэлькі з гаручай вадкасцю.

Раніцай 13 ліпеня разгарэўся жорсткі бой. Два батальёны мотапяхоты нямецка-фашысцкіх войск занялі вёску Старое Пашкава. Міліцыянеры адышлі ў запасныя акопы. Ім удалося  ў рукапашным баі захапіць першыя трафеі: станкавы кулямёт, аўтаматы, многа гранат. Ноччу батальёну ўдалося адбіць вёску і да вечара 14 ліпеня ўтрымліваць у сваіх руках. Толькі з дапамогай мінамётнага абстрэлу і танкаў фашысты зноў змаглі захапіць вёску. Камандзір батальёна капітан Уладзіміраў пайшоў на хітрасць. Загадаў пакінуць вёску Гаі, па якой моцна білі ворагі, пакінуўшы некалькі байцоў у акопах, якія зрабілі выгляд, што асноўныя сілы абараняючых на месцы. Немцы, не заўважыўшы перагрупоўку работнікаў міліцыі, абрушылі на вёску шквал агню, сотні мін і снарадаў былі імі выпушчаны ўхаластую. А калі фашысты падышлі бліжэй, іх сустрэлі кінжальныя кулямётна-вінтовачныя чэргі з флангаў. Вораг у паніцы ўцякаў назад.

15 ліпеня з самага ранку немцы з дапамогай танкаў пайшлі ў наступленне. Адзін танк воіны падпалілі, астатнія павярнулі назад. Яшчэ некалькі варожых атак не дапамаглі захапіць вышыню. Але і ў батальёна міліцыі былі значныя страты, таму вымушаны былі заняць пазіцыі бліжэй да вёскі Гаі, якую байцы гераічна абаранялі. Толькі 17 ліпеня міліцыянеры адбілі 7 варожых атак, падбілі некалькі бронетранспарцёраў і дзясяткі гітлераўцаў захапілі ў палон.

18 ліпеня фашысты адкрылі па пазіцыях смельчакоў такі гарматна-мінамётны агонь, што не ўцалела ні аднаго дрэўца, вышыня ператварылася ў груды ўзрытай апаленай зямлі. Браніраваная лавіна рынулася на парадзелы міліцэйскі батальён, стварыўшы пагрозу прарыву да чыгуначнай станцыі. Паранены капітан Уладзіміраў падняў  астаткі  батальёна ў контратаку:

– Уперад, за Радзіму!

Усе, хто мог стаяць на нагах і трымаць зброю, а гэта 50 байцоў (сярод іх і Сцяпан Клюйка), падняліся ў апошнюю атаку. З 250 байцоў батальёна ў жывых засталося каля 30, але і тыя ўсе – цяжкапараненыя.

Пасля гэтай атакі вораг не адважыўся ўзяць вышыню. На яе схілах сінелі міліцэйскія касцюмы абаронцаў. Частка параненых міліцыянераў трапіла ў палон, частка засталася залечваць раны ў бліжэйшых вёсках і толькі адзінкі выйшлі з акружэння. Кантужаны і паранены ў правую нагу Сцяпан Клюйка трапіў у лагер ваеннапалонных пад Смаленскам. Ён верыў, што выжыве і будзе біць ворага яшчэ мацней. Вытрымаў холад, голад і моцныя здзекі аховы.

У лістападзе 1941 года мужны воін уцёк з палону. Доўга хаваўся на балотах. Цэлы месяц ішоў ляснымі сцяжынкамі на Капыльшчыну. Начаваў у стагах сена, закінутых будынках. У вёскі заходзіў рэдка, толькі для таго, каб папрасіць паесці. Часта рабіў прыпынкі. Кульгаў. Моцна балела і гніла нага. Калі пастукаўся ў родную хату, то яго не адразу пазналі. Перад імі стаяў худы, хворы і заросшы шчаціннем “шкілет”. Адзін Бог ведае, якія пакуты перажыў Сцяпан. Каб не падвяргаць рызыцы сям’ю, днём хаваўся ў лесе, а ноччу прыходзіў дамоў. Пад хатай выкапалі невялічкае сховішча. Дачушка Соня настолькі адвыкла ад бацькі, што пытала ў маці:

– Што гэта за барадаты дзядзька?

Дарэчы, дзяцей удзень таксама хавалі па ўсёй вёсцы. А некаторы час ад-праўлялі ў Лоцвіны да сваякоў. Думалі, як з’явяцца фашысты, то схопяць не ўсіх і нехта застанецца ў жывых. Але здраднікаў і даносчыкаў у Слабада-Кучынцы не знайшлося.

Амаль шэсць месяцаў залечваў раны адважны міліцыянер. У гэты час наладзіў сувязь з мясцовымі патрыётамі і партызанскімі групамі. У маі 1942 года Сцяпан Клюйка становіцца партызанам атрада імя В. І. Чапаева, а затым імя Дунаева партызанскай брыгады № 27 імя В. І. Чапаева. Спачатку радавы баец, а затым старшына роты, ён удзельнічае ў многіх баявых аперацыях, займаецца разведкай, здабываючы стратэгічна важную інфармацыю. Дзякуючы яго ўмелым дзеянням выяўляліся варожыя лазутчыкі, зрываліся планы акупантаў, праводзіліся дыверсіі на дарогах, мастах, чыгунцы, прадпрыемствах. Ён умела расстаўляў пасты вакол партызанскага лагера, бо з дзяцінства добра ведаў усе сцяжынкі ў Старыцкім лесе. Добра ведаў і характар сваіх байцоў. Да кожнага знаходзіў падыход. Ніколі нікога не пакрыўдзіў. Гэта быў настолькі сціплы чалавек і строгі камандзір, што не ўзяў у атрад сваю сям’ю, хаця камандаванне брыгады давала загад і дазвол.

– Будзем жыць, як і ўсе, –  казаў Клюйка.

І вось наступіла доўгачаканае вызваленне Капыльшчыны. Яшчэ ў лясах бадзяліся недабітыя фашысты, паліцэйскія, а слабадакучынскі ўчастковы зноў прыступіў да сваіх службовых абавязкаў. А колькі зброі і небяспечных боепрыпасаў валялася навокал!

Неаднойчы па ім стралялі з засады здраднікі. Цёмным восеньскім вечарам 1944 года Сцяпан вяртаўся з Капыля пасля нарады. У Падгорцаўскім лесе яго ўжо чакалі. З двух бакоў грымнулі выстралы. Добры конь хутка вынес свайго ездака ў родную вёску (за тры кіламетры). Мог бы застацца дома, але толькі не ён.

– Не ў такіх пераплётах бываў, – падумаў мужны міліцыянер.

У хаце яго чакаў аўтамат ППШ. Хутка вярнуўся да Падгорцаў і выпусціў некалькі аўтаматных чэргаў у тое месца, дзе была засада. Нападаўшых і след прастыў.

У лістападзе 1945 года ўчастковаму ўпаўнаважанаму прысвоена званне малодшага лейтэнанта, а ў 1952 – лейтэнанта. У 1959 годзе, пасля чвэрці стагоддзя службы, звольніўся ў запас. За храбрасць, стойкасць і мужнасць наш зямляк узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі “Партызану Айчыннай вайны” 1-й ступені, двума медалямі “За баявыя заслугі” і інш. Адзін з апошніх баявых медалёў уручаны ў мірны час. Выдатнаму міліцыянеру прысвоена званне “Заслужаны работнік МУС”. Але свае ўзнагароды гэты просты па жыцці чалавек амаль ніколі не насіў, а званні і дасягненні не выпучваў. Сёння ўзнагароды, здымкі і шматлікія дакументы ветэрана вайны і міліцыі захоўваюцца ў Капыльскім раённым краязнаўчым музеі. У 1970 годзе ён цяжка захварэў. Далі знаць аб сабе раненне, канцлагер і некалькі тыдняў, праведзеных у балотах, у сцюдзёнай вадзе пад Смаленскам. Пачалася ган-грэна: урачы аднялі адну нагу, затым другую. Страшэнны боль не даваў спакою ні днём, ні ноччу. Ён не скардзіўся. Цяжкахворы, але імкнуўся ўсміхацца. Пайшоў з жыцця салдат Вызвалення ў 1971 годзе, пакінуўшы добрую памяць аб сабе.

Жыццё прадаўжаецца ў нашчадках. Унукі Ігар і Сяргей Губерты, палкоўнік і падпалкоўнік Узброеных Сіл Расіі, па крупінках збіраюць звесткі аб баявым і службовым шляху свайго знакамітага дзеда.

Барыс ДЗЕНІСЮК,

кіраўнік рэгіянальнага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў, член ГА “Беларускі саюз афіцэраў”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *