Сучасныя фермы i якасць малака — паняццi недзялiмыя?!

Экономика

Раздача кармоў у ААТ “Піянер-Агра”
Раздача кармоў у ААТ “Піянер-Агра”

Малако — гэта грошы! Вядома ж, ніхто не будзе аспрэчваць гэтую ісціну. Але каб іх зарабіць, трэба нямала папрацаваць. “Малочныя грошы” — адна з асноўных крыніц даходаў аграрнага сектара. Дзякуючы ім сельгасвытворцы могуць вырашаць нямала задач, у тым ліку і пытанне росту заработнай платы. Летам кожная гаспадарка імкнецца максімальна выкарыстаць усе магчымасці “вялікага малака”, каб пакласці ў кішэню дадатковую капейку. Гэта ў тэорыі. А як усё адбываецца на практыцы?

Падчас рэйду, арганізаванага ўпраўленнем райсельгасхарчу сумесна з Капыльскім філіялам ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”, былі наведаны два сельгаспрадпрыемствы — адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Піянер-Агра” і “Праснакі”. У абодвух у ходзе рэканструкцыі малочнатаварных фермаў былі пабудаваны новыя даільныя залы. Лагічна было б думаць, што ў гаспадарках вырасла як колькасць, так і якасць прадукцыі. Аднак лічбы не поўнасцю пацвярджаюць гэта меркаванне.

Паводле інфармацыі ўпраўлення райсельгасхарчу па стане на 6 чэрвеня 2014 года (дзень наведвання гаспадарак рэйдавай брыгадай. — Аўт.) з ААТ “Піянер-Агра” на перапрацоўчае прадпрыемства паступіла 16 тон 50 кг малака, і ўсё гатункам “экстра”. ААТ “Праснакі” паставіла ў гэты дзень 7820 кг прадукцыі, 72,9% яе — вышэйшым гатункам, астатняе прынята першым. Розніца паміж малаком “экстра” і вышэйшым гатункам выліваецца ў 540 тыс. руб. на адной тоне, паміж “экстра” і першым гатункам — у 880 000 рублёў. Каментарыі, як кажуць, непатрэбны: як спрацавалі — так і атрымалі. У чым сакрэт поспеху і прычыны недапрацовак? Менавіта гэта і пастаралася высветліць рэйдавая брыгада.

Ні на крок ад тэхналогіі

Ля ўваходу на малочнатаварны комплекс “Ванелевічы” нас сустрэла яго загадчыца Галіна Торык. Праз некалькі хвілін пад’ехаў галоўны заатэхнік гаспадаркі Аляксандр Канаваленка, неў-забаве пацікавіўся мэтай візіту гасцей і кіраўнік сельгаспрадпрыемства Аляксандр Макарчук. На пытанне, што ж дапамагае атрымліваць малако толькі гатункам “экстра”, галоўны заатэхнік упэўнена адказаў: “Сакрэту тут ніякага няма. Мы проста дакладна выконваем патрабаванні тэхналогіі кармлення, даення і ўтрымання жывёлы”.

І сапраўды, нехта можа сказаць, што гэта дробязі, але без халатаў нас у даільную залу не прапусцілі. На свае вочы давялося паназіраць, як падчас дойкі аператары Наталля Муха, Алена Сцяпчук і Алена Вашчылка спрытна выконваюць усе неабходныя аперацыі. Інфармацыя пра самаадчуванне кожнай каровы, яе прадукцыйнасць  паступае на камп’ютар, а за ўсім гэтым пільна сочыць заатэхнік Вольга Каросцій. Малако паступае адразу ў халадзільнік (іх на комплексе два — па восем тон кожны), і так на ўсіх фермах. Дастаўляецца прадукцыя на завод сваімі малакавозамі, што таксама мае вялікае значэнне.

Як расказаў Аляксандр Канаваленка, уся жывёла на комплексе (а тут доіцца 432 каровы) раздзелена згодна з яе фізіялагічным станам на пяць груп: да 100 дзён лактацыі, са 100 да 200 дзён лактацыі, ад 200 і да запуску. Сухастойныя каровы таксама па-дзяляюцца на два перыяды. У адпаведнасці з гэтым распрацавана і пяць рацыёнаў кармлення. Сёння тут надой ад адной каровы ў сярэднім складае звыш 20 кг малака, 50 рагуль даюць за дзень па 30 і больш кілаграмаў.

Паводле слоў Аляксандра Уладзіміравіча, вялікая ўвага надаецца падтрыманню чысціні і парадку ў жывёлагадоўчых памяшканнях, старанна прамываецца даільнае і халадзільнае абсталяванне. Кожны чацвер у абавязковым парадку праводзіцца санітарны дзень як на комплексе, так і на астатніх фермах. Пастаянна ў наяўнасці пілавінне, якое завозіцца з дрэваапрацоўчага цэха.

Каровы ўтрымліваюцца беспрывязна, раздача кармоў і выдаленне арганікі — мабільныя. Давялося назіраць, як праводзілася раздача кармоў суха-стойным каровам кормараздатчыкам “Хозяин”. Нельга не ўзгадаць яшчэ пра адну, здавалася б, невялікую зручнасць для кароў. Устаноўлены спецыяльныя шчоткі, каля якіх рагуля можа пачухаць сабе спіну або бок. Як кажуць, улічылі ўсе пажаданні.

Калі хочаш мець добрыя вынікі ў вытворчасці малака, трэба клапаціцца пра ўзнаўленне статка. Вось яшчэ адзін нюанс, які добра працуе ў ААТ “Піянер-Агра”. У кароўніках на сталах ляжаць спецыяльныя журналы, куды жывёлаводы заносяць нумары кароў, якія прыходзяць у ахвоту. Адпаведна — атрымліваюць за кожную галаву даплату. За месяц для самых уважлівых набягае сума да 250 000 рублёў — чым не стымул!

Зазірнулі мы і ў лабараторыю. Яе загадчыца Таццяна Міцкевіч прадэманстравала неабходны набор абсталявання і рэактываў. І тут усё ў поўным парадку. Такі ж парадак і на прыфермскай тэрыторыі. У рад выстраіліся тры сянажна-сіласныя траншэі, адна з якіх ужо запоўнена сенажом новага ўраджаю. Побач — безліч рулонаў, абматаных стрэйч-плёнкай, дзе таксама знаходзіцца сянаж. З другога боку — такія ж (толькі ў сетцы) катушкі і роўненькія прамавугольнікі леташняй саломы. І навокал — ні смяцінкі. Нібы і не на ферме знаходзішся.

Можна прыводзіць яшчэ нямала станоўчых прыкладаў (адмоўных проста не знайшлі) таго, як у ААТ “Піянер-Агра” па-гаспадарску адносяцца да справы, якой займаюцца.  Аднак час пераключыцца на іншую гаспадарку.

Намінанты на “брудную цадзілку”

Напрыканцы мінулага стагоддзя ў нашым раёне практыкаваліся сумесныя рэйды супрацоўнікаў Капыльскага МСЗ, райЦГЭ і рэдакцыі газеты “Слава працы” з мэтай праверкі санітарнага стану малочнатаварных фермаў. Па выніках такіх паездак вызначалася гаспадарка, у адрас якой было выказана сама болей заўваг, і ёй уручалася віртуальная “брудная цадзілка”. Калі б такія ацэнкі даваліся зараз, то адным з галоўных намінантаў на такі “прыз”, безумоўна, стала б ААТ “Праснакі”.

Пачнём з адносін кіраўніцтва гаспадаркі да правядзення праверкі. Ні дырэктар Руслан Сухаверх, ні галоўны заатэхнік Ніна Збіроўская на малочнатаварнай ферме так і не паказаліся (хаця добра ведалі аб нашым прыездзе). Не было на рабочым месцы і лабаранта Людмілы Дзьякавай, таму ўсе тлумачэнні давялося даваць загадчыцы МТФ “Праснакі” Таццяне Аўчыннік. Калі не ўдавацца ў дэталі, то ўбачанае можна ахарактарызаваць некалькімі словамі: бруд, безгаспадарчасць, абыякавасць да справы.

У падсобным памяшканні МТФ “Праснакі”
У падсобным памяшканні МТФ “Праснакі”

Паколькі на ферме арганізавана толькі двухразовае даенне, паназіраць за працэсам дойкі нам не давялося. Як расказала Таццяна Аляксандраўна, увесь дойны статак знаходзіцца кругласутачна на пашы. Адну яго частку дояць у перасоўнай даільнай устаноўцы, другую, куды ўваходзяць маладыя, больш прадукцыйныя каровы, — на ферме ў даільнай зале. Здаецца, ферма і забяспечана неабходнымі мыючымі сродкамі, аднак таго, што яны прымяняюцца на практыцы, не відаць. Брудна як у даільнай зале, так і ў памяшканні, дзе знаходзіцца халадзільнік. Такое ўражанне, што тут забыліся пра неабходнасць падтрымання санітарнага парадку. У малочнай на падлозе вада, пясок. Плітка нават не ачышчана ад раствору, а рэканструкцыя закончылася ў лістападзе мінулага года. Новенькую каляску для раздачы кармоў прыстасавалі пад сметнік, а асфальт перад уваходам на ферму “згубіўся” пад слоем зямлі, смецця, саломы.

У жывёлагадоўчых памяшканнях, нібыта падрыхтаваных да дэзінфекцыі, смецце, вада, якая стаіць ў каналах для выдалення гною, ужо пакрылася цвіллю — яна там, відаць, не адзін ты-дзень. Тэрыторыя вакол фермы не абкошана.

— Чым вы займаліся ўчора, падчас санітарнага дня? Чаму не наведзены парадак? — спыталіся ў загадчыцы.

— Прыбіралі на вуліцы, вакол фермы, — прагучала ў адказ.

— А чаму пра малочную забылі? Чаму халадзільнік брудны?

— Там лабарантка павінна мыць.

— Па вялікім рахунку, менавіта Вы, як загадчыца фермы, адказваеце за ўсё!

— Я не паспяваю сачыць за ўсім: і на пашы, і на ферме…

Вось такі дыялог атрымаўся. А яшчэ мы даведаліся, што на ферме ўжо больш за тыдзень не працуе каналізацыя і сцёкі даяркі выносяць вядром. Адсутнічае святло ў душавой, паколькі там адарваўся патрон і няма куды ўкруціць лямпачку (і гэта ў новым памяшканні!). А пра тое, што ў кабінеце загадчыцы столькі мух, што ад іх адбіцца цяжка, ужо і казаць не варта.

Асобная тэма — абнаўленне інфармацыі на стэндах. Там вісяць рацыёны, распрацаваныя на зімова-стойлавы перыяд, вынікі работы за 2013 год і за тры месяцы 2014-га. Праўда, ёсць бюлетэнь штодзённых надояў на чэрвень, у ім добрасумленна прастаўлена заданне для кожнага аператара, але няма ніводнай ад-знакі аб яго выкананні (нагадваем, былі на ферме 6 чэрвеня!). Пра якую якасць малака можна тут гаварыць…

У рэйдзе ўдзельнічалі:

Аляксандр СІВІРУХІН, дзяржаўны ветэрынарны інспектар па Капыльскім раёне ДУ “Капыльская райветстанцыя”;

Наталля ЯЗЭПЕНКА, спецыяліст па нарыхтоўцы сыравіны Капыльскага філіяла ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”;

Алена ПАЎЛЮШЧЫК, галоўны спецыяліст упраўлення райсельгасхарчу;

Маргарыта САКОВІЧ, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Слава працы”

Фота Маргарыты САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *