Каб не было пустуючых сядзiб

Мясцовы час

Прыемна, калі населены пункт мае прывабны выгляд, а навокал – прыгожыя сядзібы і дагледжаныя зямельныя ўчасткі, сады і агароды. Аднак, на вялікі жаль, вёскі нашы старэюць і пусцеюць. Пакінутых сядзіб хоць і становіцца менш з уступленнем у сілу Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці”, але хвалюючае пытанне па-ранейшаму застаецца.

Праблема зносу састарэлых хат і гаспадарчых пабудоў на тэрыторыі Капыльшчыны сапраўды існуе. Па апошняй інвентарызацыі налічваецца толькі 1783 пустуючыя дамы, не гаворачы пра іншыя пабудовы. У сельсаветах створаны камісіі, якія праводзяць агляд сядзіб, і ў выпадку выяўлення будынкаў,  што не выкарыстоўваюцца больш за тры гады, складаюць на кожны з іх акт і ўключаюць у рэгістр.  Даволі часта вельмі складана весці пошук нашчадкаў: нават робяцца запыты ў іншыя краіны, дзе пражываюць сваякі, вядзецца перапіска, каб атрымаць дазвол на знос. Але калі на працягу трох гадоў сваякі не вызначаюцца з афармленнем спадчыны, то дом уключаецца ў рэгістр і праз суд можа стаць уласнасцю сельсавета, які ўжо і прымае рашэнне аб зносе.

Належным чынам наладжана гэта работа ў Бабаўнянскім сельсавеце. Як паведаміла яго старшыня Ірына Запольская, на тэрыторыі сельсавета знаходзіцца 25 населеных пунктаў, у якіх налічваецца 1235 дамоў, у тым ліку 159 пустуючых, 19 – старых, 12 старых хлявоў, 32 фундаменты. З пачатку года ў адпаведнасці з Указам №100 знесены два дамы сіламі КСУП “С “Лясное” і нашчадкамі, па два будынкі і фундаменты – сіламі Капыльскага райспажыўтаварыства, тры старыя хлявы – нашчадкамі. Сельгаспрадпрыемствамі і сельвыканкамам захавана 17 фундаментаў.

– Дэпутат раённага і сельскага Савета дэпутатаў, дырэктар РСУП “Бабоўня” Віталь Курачаў па-гаспадарску аднёсся да даручанай справы па навядзенні парадку ў населеных пунктах, – адзначае старшыня сельвыканкама Ірына Запольская. – Работы праведзены на адным участку па вул. Цэнтральнай у Бабоўні і на сямі па вул. Ленінскай у Лоцвінах. Пасля захавання фундаментаў праводзілася раскарчоўка садоў, заворванне і сяўба сельскагаспадарчых культур. Сёлета сельгаспрадпрыемствам заарана і прыцягнута ў севазварот больш за 70 га пустуючых зямельных участкаў у вёсках Лоцвіны, Выня, Засцеб’е, Бабоўня, часткова ў Рымашах. Зараз у в. Выня вядзецца выкарчоўка дрэў, якія перашкаджаюць пры апрацоўцы пустуючых участкаў. Хаця гаспадаркай  і нямала зроблена, але работы па навядзенні парадку ў населеных пунктах працягваюцца.

Сергей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *