Неабыякавы да праблем людзей

Чалавек і яго справа

Свой почырк ёсць у кожнага работніка, на якой бы пасадзе ён ні працаваў. У начальніка Капыльскага цэха прыроднага і звадкаванага газу Мікалая Варвашэні ў яго аснове — адказнасць, добрасумленнасць і неабыякавасць да праблем простых людзей.

Нарадзіўся Мікалай Міхайлавіч у вёсцы Семежава. Там жа атрымліваў і сярэднюю адукацыю. З маленства хлопец не цураўся ніякай работы, ведаў, што сумленная праца прыносіць і маральнае, і матэрыяльнае задавальненне. З першага класа, бываючы на ферме разам з маці, ён навучыўся даіць кароў, а свае першыя грошы (6 рублёў 15 капеек) зарабіў на будоўлі будучы вучнем трэцяга класа. Пасля школы адразу паступіў у Маладзечанскае радыётэхнічнае вучылішча па спецыяльнасці “кантралёр радыёапаратуры”. Першыя крокі ў прафесію зрабіў на маладзечанскім радыёзаводзе “Спутник”. Пасля ў 1981 годзе быў прызваны на тэрміновую службу. Армейскія будні праходзілі ў г. Загорску Маскоўскай вобласці (цяпер — Сергіеў Пасад). І тут маладому хлопцу давялося адточваць сваё майстэрства па атрыманай у Маладзечне спецыяльнасці, таму што служба праходзіла ў радыётэхнічных войсках.

У 1983 годзе, пасля звальнення ў запас, Мікалай Міхайлавіч уладкаваўся працаваць на вытворчае аб’яднанне “Інтэграл”. Але праз год вярнуўся-такі ў родную вёску, дзе яго працоўная дзейнасць працягвалася на пасадзе электраманцёра Семежаўскага ўчастка Капыльскіх электрасетак. Паралельна атрымліваў вышэйшую адукацыю: у 1985 годзе Мікалай Варвашэня стаў студэнтам-завочнікам Інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. Адказнага, працавітага і здольнага маладога спецыяліста не магло не заўважыць кіраўніцтва электрасетак. У хуткім часе яго назначаюць на пасаду майстра ўчастка. За гэты час шмат эпізодаў, звязаных з прафесійнай дзейнасцю, засталося ў памяці. Але больш за ўсё ўзгадваюцца падзеі напярэдадні 1989 года, калі з-за дрэнных умоў надвор’я (быў моцны галалёд, пад цяжарам заледзянелых правадоў ламала электрычныя апоры) у вёсцы прапала святло. Разам з бацькам, які таксама працаваў электрыкам на гэтым участку, яны сустрэлі навагодняе свята, устараняючы праблемы з электрычнасцю.

У 1996 годзе Мікалай Міхайлавіч становіцца галоўным інжынерам, а яшчэ праз шэсць гадоў — начальнікам Капыльскіх электрасетак. За 29 гадоў працоўнай дзейнасці на розных пасадах ён атрымаў шмат падзяк, неаднаразова быў адзначаны граматамі кіраўніцтва Слуцкіх электрасетак, Міністэрства энергетыкі, узнагароджаны знакамі “Ганаровы работнік беларускай энергасістэмы” і “Выдатнік беларускай энергасістэмы”. Крыху менш за год таму прапанавалі новую пасаду — начальніка цэха прыроднага і звадкаванага газу, дзе ён цяпер і працуе.

Тройчы Мікалай Варвашэня абіраўся дэпутатам у раённы Савет дэпутатаў. Да яго часта звярталіся выбаршчыкі з просьбай вырашыць тую ці іншую праблему. Калі гэта датычылася яго сферы (на той час — як начальніка электрасетак), пытанне вырашалася практычна ў той жа самы момант.  А калі патрабавалася дапамога іншай службы ці прадпрыемства — дамаўляўся і з імі,  кантралюючы ход справы да поўнага ўстаранення праблемы.

Мікалай Міхайлавіч — чалавек рознабаковы. Добра ведае гісторыю Семежава, свой радавод, гадзінамі можа расказваць цікавыя аповеды пра мінулае роднай старонкі. Надзейным тылам для Мікалая Варвашэні заўсёды была сям’я. Жывучы ў Капылі, ён і цяпер часты госць у Семежаве, дзе жыве бацька. Дапамагае па гаспадарцы, часам раіцца з ім па якіх-небудзь пытаннях ці проста прыязджае перакінуцца словам. Вялікім шчасцем у сваім жыцці лічыць з’яўленне на свет доўгачаканых дзяцей — двайнятак Соф’і і Мішы. Любая жонка Алена Андрэеўна, якая, дарэчы, таксама родам з Семежава, падарыла іх у першы дзень вясны ў 2010 годзе. Вольны час Мікалай Варвашэня любіць праводзіць разам з сям’ёй, бываючы на разнастайных цікавых мерапрыемствах, праводзімых у горадзе, раёне.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

НА ЗДЫМКУ:  М. М. Варвашэня на прагулцы са сваімі дзецьмі.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *