Мы — камсамольцы!

Маладзёжная палітыка Новости

Так маглі б сказаць пра сябе ўдзельнікі сустрэчы, якая прайшла ў другой гарадской адзінаццацігодцы і была прысвечана 92-й гадавіне са дня ўтварэння Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі.

Падчас мерапрыемства ў СШ №2

У постсавецкія гады жыццё былых актывістаў усесаюзнай арганізацыі склалася па-рознаму. Выхаванцы камсамола і сёння вельмі актыўныя, не разгубілі маладога запалу. Атрыманыя навыкі дазволілі ім адбыцца ў жыцці. Як глыбока ўпэўнены прадстаўнікі старэйшага пакалення, вельмі правільна, што ў краіне быў адроджаны маладзёжны рух. І хоць час заканамерна ўносіць свае карэктывы, існасць ад гэтага не змяняецца: моладзь трэба накіроўваць, выхоўваць на ідэалах, ставіць перад імі вызначаныя мэты і задачы. Толькі так можна выгадаваць годную змену, а значыць — будучыню краіны. Такія меркаванні выказвалі настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Скрыпінская, старшыня Капыльскай РАС ДТСААФ Аляксандр Касінскі — былыя камсамольскія лідары раённай арганізацыі, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №3 г. Капыля Святлана Буткевіч і вучаніца 11 класа гэтай навучальнай установы Святлана Шуманская.
«Мы не саромеліся ніякай працы: ехалі ў калгас, на будоўлю, працавалі на суботніках. А вышэйшай узнагародай было веданне таго, што мы прынеслі карысць сваёй краіне», — падкрэсліла былая камсамолка, а цяпер — спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Валянціна Корзун.
Як доказ гэтаму, на мультымедыйным экране прысутныя змаглі ўбачыць матэрыялы, якія адлюстроўвалі сутнасць, маштаб камсамольскіх спраў і непадробны аптымізм, які чытаўся ў вачах маладых людзей на здымках. Працягам тэмы сталі фота пра дзейнасць райкама ГА “БРСМ”, яго мерапрыемствы па добраўпарадкаванні, захаванні культурнай спадчыны, патрыятычнай накіраванасці.

Новыя члены раённай арганізацыі ГА “БРСМ”

Ва ўрачыстай абстаноўцы былыя камсамольцы і ганаровыя госці ўручылі білеты і значкі членаў ГА “БРСМ” 83-ом вучням з другой і трэцяй гарадскіх школ. А ў заканчэнне мерапрыемства адбыўся канцэрт, падрыхтаваны юнымі артыстамі СШ №2.
Па меркаванні першага сакратара раённага камітэта ГА «БРСМ» Наталлі Гарбацэвіч, такія мерапрыемствы выхоўваюць у моладзі павагу да працоўных подзвігаў старэйшага пакалення, захоўваюць і прымнажаюць традыцыі маладзёжнага руху ў нашай краіне. Самае галоўнае тое, што былыя камсамольцы поўныя запалу і аптымізму, шануюць свае сяброўскія сувязі. Гэта годны прыклад для моладзі.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *