Памяці герояў прысвечана

Память

У Капылі адбыўся мітынг з нагоды Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, 25-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Ушанаваць памяць герояў да помніка землякам, якія загінулі падчас выканання інтэрнацыянальнага абавязку, прыйшлі прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй райвыканкама Анатолем Жданенем, ветэраны афганскай вайны, навучэнцы гарадскіх школ, жыхары горада.

Тая вайна паламала жыцці соцень маладых хлопцаў, але нягледзячы ні на што савецкія салдаты з гонарам выканалі свой абавязак, засталіся вернымі прысязе да канца. Менавіта такія словы гучалі з вуснаў выступоўцаў — старшыні райвыканкама Анатоля Жданені, старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Уладзіміра Лукашэвіча, намесніка раённага ваеннага камісара Капыльскага раёна, начальніка мабілізацыйнай групы маёра Сяргея Маргаліка, ад моладзі — навучэнкі гімназіі №1 г. Капыля Хрысціны Вадап’ян. Раскацісты залп прагучаў на Алеі герояў у гонар азнаменавання 25-годдзя вываду войскаў, у гонар сыноў, загінуўшых на афганскай зямлі. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі іх памяць, усклалі жывыя кветкі і вянкі да помніка.

Далей мерапрыемства працягвалася ў раённым Цэнтры культуры, дзе ў фае размясцілася выстава, якая расказвала пра суровыя дні вайны ў Афганістане. Удзельнікі мерапрыемства, перш за ўсё — падрастаючае пакаленне, даведаліся, як пачыналіся баявыя дзеянні на тэрыторыі ісламскай дзяржавы, пра колькасць воінаў, якія прайшлі суровыя выпрабаванні, загінуўшых землякоў — ураджэнцаў Капыльскага раёна. Намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская падзякавала воінам-афганцам за годнае выкананне воінскага абавязку, пажадала ім моцнага здароўя, а таксама ўручыла Падзячныя пісьмы старшыні райвыканкама Генадзю Чацверыку, Аляксандру Драко і Аляксандру Балажынскаму. Граматамі за патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення старшыня Капыльскай РАС ДТСААФ Аляксандр Касінскі адзначыў воінаў-афганцаў Віктара Новіка, Уладзіміра Лукашэвіча, Івана Шыманскага і Анатоля Ляха, а маёр Сяргей Маргалік зачытаў загад аб прысваенні чарговага звання (капітан) Уладзіміру Сцяпуру.

Шчодрых апладысментаў было ўдастоена кожнае выступленне выкладчыкаў Дзіцячай школы мастацтваў, якія дарылі прысутным добравядомыя песні ваенна-патрыятычнай тэматыкі.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

НА ЗДЫМКАХ: Моманты ўрачыстасці.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *