Каб рос дабрабыт людзей

Актуально

Напярэдадні ІV Усебеларускага народнага сходу ў працоўных калектывах і грамадскіх арганізацыях падводзяцца вынікі работы ўсіх галін народнай гаспадаркі за мінулую пяцігодку і ставяцца новыя задачы на бліжэйшую перспектыву.

Аб развіцці раёна за гэты перыяд расказвае Анатоль Жданеня, старшыня Капыльскага раённага выканаўчага камітэта, адзін з дэлегатаў народнага форуму:

— Ад Капыльшчыны на ІV Усебеларускі народны сход выбраны 10 дэлегатаў. Усе мы ўдзячны за тое, што нам аказаны такі давер. Думаю, што кожны з нас пасля вяртання дамоў данясе да сваіх працоўных калектываў пастаўленыя на форуме задачы.

Асноўным прынцыпам дзяржаўнага будаўніцтва, зацверджанага ІІІ Усебеларускім народным сходам, было патрабаванне кардынальна павысіць якасць жыцця. Тэзіс “Дзяржава для народа” быў вызначаны як новая ступень развіцця сацыяльнай дзяржавы, якая дзейнічае на дабрабыт народа.

Безумоўна, за гэты час многае было зроблена як у Беларусі, так і ў нашым раёне. Спынюся толькі на некаторых аспектах.

У адпаведнасці з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Капыльскага раёна на 2006—2010 гады было даведзена 11 асноўных важнейшых параметраў развіцця эканомікі раёна. За пяць гадоў выкананы сем. Не забяспечана выкананне па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, па росце рэальнай заработнай платы, па прыцягненні інвестыцый у асноўны капітал, па ўво-дзе жылля. Аднак станоўчая тэндэнцыя адзначаецца па ўсіх без выключэння паказчыках: у паўтара раза павялічыўся аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі, 1,6 раза – вытворчасць спажывецкіх тавараў, на 19% больш выраблена валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак, у 1,8 раза больш прыцягнута інвестыцый у асноўны капітал, у 2,7 раза ўзрос экспарт тавараў і ў 3,6 раза – экспарт паслуг, на 69% больш прададзена тавараў насельніцтву праз усе каналы рэалізацыі, у 1,6 раза павялічаны аб’ём платных паслуг насельніцтву, рост рэальнай заработнай платы склаў 49%, уведзена ў эксплуатацыю больш за 61 тысячу кв. м жылля.

Паколькі раён сельскагаспадарчы, то звернем большую ўвагу на гэту галіну. За апошнія пяць гадоў значна вырасла вытворчасць збожжа, бульбы, агародніны, малака і мяса. Гэта звязана ў першую чаргу з тым, што сельская гаспадарка атрымала добрую падтрымку ад дзяржавы ў тэхнічным пераўзбраенні, амаль да 80%. Былі набыты новыя энерганасычаныя трактары. Напрыклад, за апошні год з’явіліся 25 такіх трактароў, 25 збожжа-ўборачных камбайнаў, якія не ўступаюць замежным аналагам. Тое ж можна сказаць і пра новыя пасяўныя агрэгаты. Павялічылася ўраджайнасць культур, расла вытворчасць, а значыць і заработная плата, і дабрабыт насельніцтва.

Шмат чаго зроблена і па Праграме развіцця і адраджэння вёскі. На Капыльшчыне з’явіліся 15 аграгарадкоў, пры іх увядзенні добраўпарадкоўваліся сельскагаспадарчыя аб’екты, абнаўлялася інфраструктура.

Безумоўна, на ўсенародным форуме будзе пастаўлена задача па выраўноўванні заработнай платы ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. Напомню, да канца гэтага года яна павінна дасягнуць 320-360 долараў на сельгаспрадпрыемствах, 500 – у іншых галінах. Вядома ж, мы над гэтым працуем, а дасягнуць такіх мэт магчыма за кошт росту вытворчасці.

Перад намі стаіць задача атрымаць вал збожжа каля 200 тыс. тон (атрымлівалі 140-160 тыс. тон), цукровых буракоў – 250 тыс. тон (каля 190 тыс. т), бульбы – да 22 тыс. тон (20 тыс. тон) пры змяншэнні гаспадарак, якія займаюцца вырошчваннем гэтай культуры.

Тэмпы будаўніцтва жылля павінны заставацца на такім жа ўзроўні. Сёння ў нас на вёсцы практычна няма чаргі, амаль падобная сітуацыя і ў горадзе.

Прыемна адзначыць, што назіраюцца зрухі і ў развіцці прамысловасці ў раёне. Так, на базе завода жалезабетонных вырабаў створана прадпрыемства “Бетон-Бокс” сумеснага беларуска-італьянскага прадпрыемства “Унібокс”. Там ужо адкрыта 61 працоўнае месца. Плануецца, што ў наступным годзе вытворчасць жалезабетона будзе даведзена да 51 млрд руб. Акрамя таго, СТАА “Капыльская вытворчасць будаўнічых сістэм” выкуплены былы завод драўляных вырабаў, які будзе выпускаць прадукцыі ад 50 да 70 млрд руб.

Будуць прыцягвацца ў раён і іншыя інвестыцыі. Да нас звярнулася ТАА “Будтэхімпульс” наконт будаўніцтва свінагадоўчага комплексу на 30 тыс. галоў з узвядзеннем камбікормавага цэха, мясаперапрацоўчага прадпрыемства, цяплічнай гаспадаркі, кансервавага завода і, вядома ж, будаўніцтва жылля ў г. Капылі прыкладна на 260 чалавек. Кошт гэтага праекта ацэньваецца ў 51 млн долараў.

Наш раён з’яўляецца прывабнай базай для інвестыцый. А гэта новыя працоўныя месцы, прыцягненне працоўных рэсурсаў. А як вядома, будзе развівацца прамысловая вытворчасць, будуць дадатковыя даходы ў бюджэт, а значыць — і рост дабрабыту жыхароў раёна.

Прыярытэтнымі напрамкамі ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна на бліжэйшую перспектыву стануць: развіццё прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці на аснове інавацыйнай дзейнасці; падтрымка сярэдняга і малога бізнесу; прадпрымальніцкай ініцыятывы; прыцягненне інвестыцый; пашырэнне экспарту. Таксама неабходна павысіць прыцягальнасць сельскай працы і ладу жыцця, удасканаліць сацыяльную сферу аграгарадкоў; ажыццявіць комплекс дзейсных мер па павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва раёна, яго матэрыяльнага дабрабыту.

Запісаў Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *