Як семежаўцы Каляды адзначалі

Память

Дзякуючы гісторыі і багатым традыцыям свайго маленькага краю, жыхары вёскі Семежава змаглі падзяліцца рэцэптамі сваёй народнай кухні ў рамках праекта “Кулінарныя традыцыі Беларусі”. Раней мы пісалі ў “Слава працы” аб кнізе “Народная кухня Семежава”, дзе змешчаны матэрыялы гутарак з мясцовымі жыхарамі аб традыцыях харчавання. На гэты раз, паважаныя чытачы, у вас з’явілася ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з каляднымі прысмакамі семежаўцаў, якія мы прыводзім даслоўна.

Запісана ад Марыі Сямёнаўны Лосік, 1933 г. н.:

–  Хрэн ужывалі. Ну з чым гэта, к Вялікадню, Калядам натарым, ды ў баначкі, і ён гэта, змацуецца, і з салам елі, і з каўбасой, тыя годы не было куплёнай каўбасы каб. Ну, у грыбы ж хадзілі, ды за ягадай. Маліліся перад тым, як садзіцца за стол, уставалі, маліліся тожа, благадарылі. Ну як жа ж, гаспадара то ў нас не было, бацьку забралі ў трыццаць сядзьмом гаду, гэта яжоўшчына, то гаспадара не было. Мы самі, маці да мы.

Запісана ад Веры Іванаўны Русак, 1938 г. н. і Зінаіды Аляксееўны Цераховіч, 1941 г. н.:

– Перад Калядамі куццю варылі, кашу перловую. Ну яна была посна. З унутранасцей дзелалі вантрабянку. Калбасу такую. Бралі ўнутранасьці, ну трошкі мяса дабаўлялі і ў каўбасу. Кроўю не дапаўнялі. Клёцкі рабілі на святыя разы, картошку бралі, церлі картошку, разміналі гэтую картошку і аджымалі гэтую картошку, і такія вот круглінькія клёцкі дзелалі. Малако кіпіць і кідаеш туды – яны паварацца там. Унутр нічога не лажылі. Проста картошка і ўсё.

Запісана ад Надзеі Фёдараўны Хартановіч, 1932 г. н.:

– Перапечкамі каляднікаў частавалі. Перапечкі пяклі. Замесім цесто, да гэтаго яно падыдзе, ужо ставім у печ. Ужэ накладом булачкі гэтыя, у печ паставім, яны ужо папякуцца. Перапечкамі і прымалі. Гарэлкі не давалі. У тае гады паняцця не было, не. Ні гарэлак ніякіх, нічога. Не было і паняцця ў нас пра гэту гарэлку. Гэта тады шчадрэц называлі, ходзяць шчадруюць. І цяпер ходзяць каляднікі, і ніколі не мінаюць мяне гэтыя дзеці.

На Коляды стол накрываем, у тыя разы і садзімоса.      Калі садзімоса кушаць, то гаспадар сядзеў на вугле, дзе іконкі. Пастаянна малітву чытаў. Мы без малітвы ніколі не сядзелі, калі малітву не пачытаем. Гаспадар малітву чытаў па-беларускі.

Запісана ад Любові Рымжы, 1937 г. н.:

– А на Коляды хто што маглі, тое і прыгатаўлялі: мачанку варылі, каўбасы, трошкі мьяса, трошкі сала, луку, ставіш – жарыцца, потым трошкі падталочваеш, можна і яйцо. Адны казалі: “Бі яйцо! Хай знаюць, што я багаты!”

Запісана ад Веры Васільеўны Рамашка, 1937 г. н.:

– Каляды адмячалі. Гатавалі ў тыя ж годы мачанку, бліны пеклі – ды з мачанкай гэтай елі, на Коляд, – ды масла варылі ці што там з ім рабілі, ды сало, сало это цвердзенькая – яго абварвалі. Куццю гатавалі. Сапраўдная куцця з чаго ці з ячменю, неабходна яго ў ступе абталчы, ці з пшаніцы – тожа трэба ў ступе талоч. Потым эту крупу варыш у чыгунчыку, да вады, да соліш, да трошкі падсалодзіш. Адну куццю на Коляды гатавалі – на Коляды ж не гатовілі куццю, перад Коляды, на памінальны дзень – тады ж памінальныя дні перад Колядамі. Еслі невялікая сям’я, то застанецца і на Коляды яшчэ. Посная куцця – з хлебам і соллю.

Запісана ад Вольгі Вікенцьеўны Кіеня, 1927 г. н., і Аляксандра Васільевіча Перасяляк, 1949 г. н.:

– На Каляды шчодравалі: трынаццатага январа, перад старым новым годам, на Шчодру, хадзілі шчадраваць. К родственнікам у асноўным хадзілі, к саседзям. Нам што ў каго есць давалі, а мы па Падмажжу хадзілі. На Каляды дзеўкі, якія замуж хацелі, гадалі. На Каляды абавязкова рабілі куццю: з перлоўкі, а раней з проса. Куцця гэта само сабой, а так другія блюды – халоднае рабілі, абавязкова стараліся закалоць к Калядам.

Падрыхтаваў Павел ШЭІН

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *