А што ў нашых суседзяў?

Новости

СЛУЦКІ РАЁН.

Шосты па ліку.

У галерэі мастацтваў урачыста прадставілі Слуцкі пояс, набыты пры фінансавай падтрымцы случчан.

Паводле слоў дырэктара краязнаўчага музея Наталлі Серык, гэта самы каштоўны з 40 тысяч экспанатаў Слуцкага музея. У музейных калекцыях Беларусі ўсяго 11 цэлых Слуцкіх паясоў, з іх 5 вытканы на Слуцкай мануфактуры. Гэты – шосты. А з’яўленне пояса ў Слуцкім музеі – самая важная падзея за 60 гадоў яго існавання. У краязнаўчым музеі рыхтуецца экспазіцыя для дэманстрацыі Слуцкага пояса. У бліжэйшы час можна будзе наведаць выстаўку. Два месяцы яна будзе бясплатнай.

КЛЕЦКІ РАЁН

Аддаць даніну павагі

Праз 68 гадоў жыхар г. Казані Яўген Сцяпанаў адшукаў магілу свайго бацькі Мусаева Г. В., які загінуў у ліпені 1944 года пад Клецкам.

Вялікую дапамогу ў гэтым аказалі супрацоўнікі Клецкага райваенкамата. Летапіс ваенных падзей сведчыць аб тым, што вызваленчыя баі пад Клецкам былі часткай Мінскай аперацыі, якая ўваходзіць у склад стратэгічнай аперацыі «Баграціён». У бітвах за яго вызваленне загінула 546 чалавек, якія пахаваны ў брацкай магіле на цэнтральнай плошчы горада. З іх больш за чатырыста імён не вядомыя. Аднак ужо ў мірны час на надмагільнай пліце ў скверы выбіта дванаццаць прозвішчаў салдат, асобы якіх устанавіць было няпроста. Апошняя – Мусаеў Г. В.

НЯСВІЖСКІ РАЁН

Вяртанне ў палац

У палацавым ансамблі музея-запаведніка «Нясвіж» адкрылася выстава ўнікальнага музейнага здабытку — радзівілаўскага спальнага гарнітура.

Камплект мэблі ў стылі часоў Людовіка XVI быў выраблены для князя Канстанціна Радзівіла ў XIX стагоддзі. Пасля першай дэманстрацыі яе грамадскасці ў Выставачнай зале 15 прадметаў княжацкай мэблі размесцяцца ў інтэр’ерах Нясвіжскага палаца. Больш чым месяц наведвальнікі музея змогуць дэталёва знаёміцца з кожным прадметам арыгінальнага гарнітура.

Падрыхтавала Маргарыта САКОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *