Пасвячэнне ў медыцыну

Образование Чалавек і яго справа

Сёлета пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў рады медыкаў раёна папоўніліся 14 маладымі спецыялістамі. Сярод іх і тыя, хто адправіўся лячыць пацыентаў у сельскія ўчастковыя бальніцы. 20 лістапада ў Капылі адбылося ўрачыстае пасвячэнне маладога папаўнення ў прафесію.

Знаёмства з маладымі спецыялістамі

Вечар па традыцыі пачаўся ў Спаса-Узнясенскім храме г. Капыля, дзе сабраліся прадстаўнікі адміністрацыі УАЗ “Капыльская ЦРБ” і маладыя спецыялісты. Благачынны цэркваў Капыльскай акругі протаіерэй Сергій Чарны адслужыў набажэнства “Перад пачаткам усякай добрай справы”. Пасля службы айцец Сергій пажадаў маладым медыкам поспехаў у іх пачэснай прафесіі, заклікаў ісці па жыцці з Богам у сэрцы.

Далей прысутных чакала цікавая вечарына. Ва ўтульнай абстаноўцы, якая панавала ў зале, маладое папаўненне, адпіваючы з сімвалічнага кубка, дзе ўтрымліваліся “цярпенне, мудрасць і гуманнасць”, далі абяцанне годна выконваць свае абавязкі.

Падчас набажэнства ў Спаса-Узнясенскім храме

Са старажытных часоў своеасаблівым маральным кодэксам людзей у белых халатах з’яўляецца клятва Гіпакрата. Атрымліваючы дыплом урача, выпускнікі медыцынскіх устаноў бяруць на сябе адказнасць за жыццё пацыентаў. Менавіта пра гэта нагадаў галоўны ўрач Аляксандр Гайдзель, звяртаючыся да маладога папаўнення. Ён заўважыў: “Медыцына падобна на вялікі карабель, дзе ад зладжанасці дзеянняў каманды залежыць многае. У нашых руках самае дарагое — здароўе людзей. Па цяжкасці і псіхаэмацыянальных перагрузках работу медыцынскіх работнікаў можна параў-наць з работай касманаўта ці шахцёра. Хачу пажадаць вам перш за ўсё здароўя, вытрымкі, поспехаў у працы і каб вы замацаваліся на нашай капыльскай зямлі”.

Шмат добрых слоў у гэты вечар прагучала і ад старэйшых калег — урача-педыятра Анжэлы Пісарык, загадчыкаў педыятрычным аддзяленнем Капыльскай ЦРБ — Наталлі Нарэйкі, тэрапеўтычным аддзяленнем — Аксаны Мінчэні, урача-тэрапеўта Міхаіла Роўбуця, галоўнай медсястры Кацярыны Дземідовіч, старшыні прафкама Людмілы Лагун.

Пажаданні маладому папаўненню гучаць ад Анжэлы Пісарык

Гэты вечар, бясспрэчна, выклікаў шмат станоўчых эмоцый у маладых медыцынскіх работнікаў. А падарункі ад калектыву, якія ўручыў Аляксандр Гайдзель, будуць яшчэ доўга нагадваць пра пасвячэнне ў прафесію.

Тое, што медыкі яшчэ і творчыя людзі, паказала канцэртная праграма. Музычныя віншаванні ўдзельнікам мерапрыемства падарылі медсястра Вераніка Курыльчык, вадзіцель паліклінікі Андрэй Загорскі, стаматолаг-тэрапеўт Аксана Дварэцкая, а ўсмешкі ўсіх прысутных выклікала жартоўнае выступленне ветэрана працы Вольгі Ліс.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *