Добрая справа — усёй грамадой

Пошта "СП"

Стаяць апошнія дні позняй восені. Людзі закончылі палявыя работы і, уладкаваўшы хатнія справы, наведваюць магілы сваіх продкаў, каб у гэтыя святыя дні пабыць тут, сабраць апаўшае лісце, што-небудзь паправіць перад доўгай зімой.

Бабаўнянскія могілкі, што ля дарогі Капыль—Пясочнае, на Дзяды асвяціў святар прыхода святых Пятра і Паўла ў г. Капылі Аляксандр Тарасевіч. На змену састарэлай драўлянай агароджы мясцовы сельвыканкам пачаў ставіць бетонную — такія ж агароджы будуць і на іншых могілках Бабаўнянскага сельсавета. Але для гэтага патрабуецца шмат грошай. Сельскі Савет звярнуўся па дапамогу да насельніцтва, і людзі з разуменнем адгукнуліся.

Як расказала старшыня сельвыканкама Ірына Запольская, у Бабоўні ўжо сабрана 9 мільёнаў рублёў, у Печуранах — больш за 3 млн руб., у Выні і Рымашах — па 2 млн руб., у Бабавенцы, дзе засталося толькі сем хат, — 1 млн 200 тыс. рублёў. Тут, пачуўшы пра патрэбу, з горада дзеці прыслалі грошы сваім бацькам З. Шпакоўскай, Г. Чалевіч, Л. Рымашэўскай, М. Юха, Л. Смоль- скай, І. Слабкевіч. Так і ў іншых населеных пунктах. Напрыклад, у Печуранах акрамя самой маці І. Салёнай грошы далі яе дзеці, у Рымашах падтрымку агульнай справе зрабіў М. Стульба, які ахвяраваў 1 млн рублёў.

Збор сродкаў працягваецца. Спадзяёмся, што гэту добрую справу падтрымаюць і іншыя жыхары Бабаўнянскага сельсавета, адгукнуцца і тыя людзі, чые бацькі, дзяды і прадзеды пахаваны на нашых вясковых могілках. Бо добра вядома: як мы адносімся да сваіх памерлых продкаў, так у будучым будуць ставіцца да нашых месцаў пахаванняў нашы дзеці і ўнукі, назіраючы зараз за тым, што робім мы.

Уладзімір КОЎШ,

старэйшына в. Бабавенка

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *