Да сур’ёзнай тэмы — сур’ёзны падыход

Пастановы. Дэкрэты. Дырэктывы.

Праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць у ходзе рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 ад 24 лістапада 2006 года “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, былі абмеркаваны падчас пасяджэння каардынацыйнага савета, створанага ў райвыканкаме.

Адбылася жорсткая прадметная размова, падчас якой былі ахоплены ўсе аспекты дзейнасці зацікаўленых службаў, накіраваныя на падтрымку дзяцей, што апынуліся ў складаных сямейных абставінах. Намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская, яна ж старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і старшыня каардынацыйнага савета па рэалізацыі Дэкрэта № 18, адзначыла: “Тэма, якую мы сёння абмяркоўваем, вельмі сур’ёзная, таму і падыход да яе павінен быць адпаведным”.

Пасяджэнне савета праходзіла ў форме семінара-нарады, паколькі былі агучаны не толькі недахопы ў рабоце, але і прагучалі рэкамендацыі, як палепшыць дзейнасць пэўных арганізацый і структур у абазначаным напрамку. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Зоя Дайняк абазначыла праблемы ў арганізацыі работы па абароне правоў непаўналетніх, якія маюць у гэтым патрэбу. Статыстыка сведчыць, што з пачатку рэалізацыі Дэкрэта № 18 у камісію паступіла 134 хадайніцтвы аб прызнанні таго, што дзеці маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне (было задаволена 122). Найбольш актыўна працавалі аддзел адукацыі, спорту і турызму Капыльскага райвыканкама, цэнтральная раённая бальніца, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Трэба сказаць, што рашэнне аб змяшчэнні дзяцей у сацыяльны педагагічны цэнтр прымаецца толькі пасля таго, як камісіяй будзе грунтоўна вывучана ступень рызыкі для непаўналетняга, пры гэтым улічваюцца сваяцкія сувязі і іншыя ўмовы. Здараецца, што бацькі бяруцца за розум: тэрмінова паляпшаюць умовы жыцця, змяняюць адносіны да алкаголю і сваіх паводзін. Гэта ў тым выпадку, калі яны яшчэ не страцілі свайго бацькоўскага інстынкту. Аднак часта бывае наадварот. Таму, паводле слоў Зоі Леанідаўны, былі выпадкі, калі першыя памкненні гора-бацькоў палепшыць сітуацыю аказваліся апошнімі, і дзеці ўсё ж такі накіроўваліся ў прытулак, а іх бацька і маці папаўнялі рады абавязаных асоб і павінны плаціць дзяржаве за тое, што яна выхоўвае іх крывінак.

У раёне з 2007 года па 1 кастрычніка 2013 года было прызнана, што 242 дзіцяці з 129 сем’яў мелі патрэбу ў абароне дзяржавы.

Працэс рэабілітацыі сям’і таксама няпросты, і прымае ў ім удзел мноства зацікаўленых структур. Толькі ці заўсёды ён рэзультатыўны? Сапраўды, за названы перыяд 181 дзіця вярнулася ў свае родныя сем’і, аднак ёсць і іншыя прыклады. Нежаданне бацькоў пакончыць з п’янствам, і як вынік — неналежныя жыллёва-бытавыя ўмовы, антысанітарыя, адсутнасць прадуктаў харчавання і інш. прывялі да таго, што з 2007 года 51 чалавек быў пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах сваіх непаўналетніх дзяцей.

Падчас семінара, на які, дарэчы, былі запрошаны старшыні сельвыканкамаў, дырэктары школ, намеснікі кіраўнікоў прадпрыемстваў па ідэалагічнай рабоце, прадстаўнікі іншых зацікаўленых структур, ішла размова пра выяўленне фактаў сямейна-бытавога насілля, папярэджванне п’янства і алкагалізму, правя- дзенне індывідуальных прафілактычных мерапрыемстваў згодна з патрабаваннямі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” і ролі, якая адводзіцца аддзелу ўнутраных спраў.

Намеснік начальніка Капыльскага РАНС Віталь Буняк агучыў рэзультаты абследавання домаўладанняў (кватэр) грамадзян на іх адпаведнасць Правілам пажарнай бяспекі. Першачарговая ўвага надавалася тым людзям, паводзіны якіх выклікаюць пільную ўвагу з боку ўсіх зацікаўленых структур, або яны самі знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Паводле слоў Віталя Міхайлавіча, адчуваецца раз’яднанасць у дзеяннях зацікаўленых службаў. Не заўсёды неадкладна рэагуюць на заўвагі аддзела РАНС у сельвыканкамах, на прадпрыемствах, у чыёй уласнасці знаходзяцца праблемныя дамы, няма належнага абмену інфармацыяй з Энерганаглядам, Капыльскай ЖКГ, установамі адукацыі і інш.

Інфармуючы прысутных аб рабоце медустаноў па выкананні Дэкрэта № 18, загадчыца паліклінікі УАЗ “Капыльская ЦБР” Наталля Пінчук акцэнтавала ўвагу на праблемах, якія ўзнікаюць пры штогадовым праходжанні медыцынскага кантролю абавязанымі асобамі, а дакладней — па іх дастаўцы ў медустанову. І тут патрабуецца дапамога ўчастковых інспектараў міліцыі, кіраўніцтва тых прадпрыемстваў, дзе працуюць абавязаныя асобы.

Наогул, у рабоце з людзьмі, якія абавязаны кампенсаваць затраты дзяржаве на апеку над іх дзецьмі, існуюць пэўныя цяжкасці. Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама начальнік сектара занятасці Іван Бабко, адна з іх — працаўладкаванне абавязаных асоб. І хаця для іх прадугледжваецца броня, тым не менш, кіраўнікі прадпрыемстваў неахвотна бяруць такіх людзей на работу, а некаторыя наогул імкнуцца ад іх пазбавіцца. Аднак такія працоўныя адносіны рэгулююцца ў тым ліку Дэкрэтам № 18, а яго парушэнне, як адзначыў Іван Мікалаевіч, можа прывесці да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь. Начальнік сектара занятасці гаварыў і пра неабходнасць дадатковых мер па павышэнні эфектыўнасці ўзаемадзеяння ўсіх суб’ектаў прафілактыкі, узмацненне спагнання з абавязаных асоб — парушальнікаў працоўнай дысцыпліны, што дасць магчымасць павялічыць працэнт пакрыцця сродкаў на ўтрыманне дзяцей. Было нагадана, што адным са шляхоў спагнання запазычанасці з такіх гора-бацькоў з’яўляецца здача іх кватэр па дагаворах найму і паднайму, што таксама прадугледжвае Дэкрэт № 18.

Дарэчы, на 1 кастрычніка бягучага года працэнт пакрыцця сродкаў на ўтрыманне дзяцей склаў па раёне 55,08, пры сярэднеабласным — 66,4.

Аднак усе вышэйназваныя дзеянні з’яўляюцца ў многім ужо другаснымі, паколькі выцякаюць з больш важкай праблемы. Менавіта ад таго, наколькі своечасова выяўляюцца сем’і, дзе ёсць недахопы ў выхаванні дзяцей, стварэнні для іх належных умоў жыцця, залежыць у многім далейшы лёс гэтай сям’і. Гэтай работай займаюцца многія службы, у тым ліку і дзяржаўная ўстанова адукацыі “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Капыльскага раёна”. Трэба сказаць, што апошнім часам і ў каардынацыйнага савета, і ў камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама з’явілася шмат пытанняў па дзейнасці СПЦ, а таму яго дырэктару Алене Стасевіч давялося трымаць сур’ёзную справаздачу.

Не павінны заставацца ўбаку ад такой праблемы, як сацыяльна небяспечнае становішча дзяцей у сем’ях, і простыя людзі: суседзі, калегі гора-бацькоў. Як нельга дарэчы будзе прывесці словы з любімай некалі песні “От людей на деревне не спрятаться, нет секретов в деревне у нас…”. А таму наша неабыякавасць, уменне перажываць за чужых дзяцей, як за сваіх, дазволіць вырашаць многія праблемы ў самым пачатку іх зараджэння.

Маргарыта САКОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *