Не абышлося без заўваг

Галоўныя падзеі

У ходзе месячніка па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый, які праходзіў на Капыльшчыне напрацягу кастрычніка, кантралюючымі органамі праводзіўся маніторынг стану тэрыторый горада і населеных пунктаў раёна. Супрацоўнікі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі абследавалі тэрыторыі, каб упэўніцца, наколькі добрасумленна суб’екты гаспадарання аднесліся да ўдзелу ў месячніку. Кіраўнікі гэтых службаў далі свае каментарыі.

Ігар ЧАРКАС, начальнік раённай інспекцыі ПРіАНА:

— У чацвер, 31 кастрычніка, быў арганізаваны рэйд з мэтай праверкі прадпісанняў, выдадзеных інспекцыяй па навядзенні парадку на замацаваных тэрыторыях. У ходзе яго выяўлена, што большасць прадпрыемстваў і арганізацый прынялі актыўны ўдзел у месячніку і пастараліся прывесці замацаваныя тэрыторыі ў належны стан. Так, на момант абследавання праводзіліся работы па ўборцы прылеглых тэрыторый ДУП “ПМК-194”, ПМК-11 ААТ “Салігорскводбуд”, ДУП “Капыльскае ПМС”. Работнікі КУП “Капыльская ЖКГ” займаліся ўборкай прыдамавых тэрыторый у райцэнтры па вуліцы Цімкавіцкай (дамы №№ 3, 5, 7) і праводзілі рэкультывацыю трасы па замене ПІ-трубы на вул. 50 год БССР. Філіялам КУП “Мінскаблдарбуд” — “ДРБУ №124” выконваліся работы па ўборцы дарожнага палатна па вул. Багдановіча ў Капылі. Выявілася, што цэх прыроднага і звадкаванага газу, ТАА “Капыльскі энергасэрвіс” таксама навялі парадак на замацаваных тэрыторыях. Не выканалі патрабаванні па ўборцы замацаваных тэрыторый некаторыя індывідуальныя прадпрымальнікі: А. А. Нікіфараў (вул. Прамысловая), С. А. Шчурскі (вул. Дзяржынскага).

На тэрыторыі Грозаўскага, Сл.-Кучынскага і Капыльскага сельсаветаў праведзены работы па ўборцы аб’ектаў сацыяльнай сферы, грамадзянскіх могілак і пахаванняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, знята агароджа на могілках у в. Загараўшчына, якая ўжо прыйшла ў непрыгоднасць, вядуцца работы па захаванні пустуючых сядзіб у аграгарадку Грозава, вёсках Праснакі, Міхалёўцы. На момант правядзення рэйду тэхнікай ААТ “Старыца-Агра” вялася падбуртоўка палігона цвёрдых камунальных адходаў у в. Свідзічы.

У якасці адмоўных прыкладаў можна прывесці нездавальняючы стан тэрыторый, якія прылягаюць да МТФ “Падгорцы” (ААТ “П-з Дусаеўшчына”) і МТФ “Чырвоны Партызан” (ААТ “Мажа-Агра”), якія не вызвалены ад арганікі, не прыведзена ў належны стан і зона строгай санітарнай аховы артсвідравін в. Падгорцы. ДЛГУ “Капыльскі лясгас” не былі прыняты меры па ліквідацыі сметнікаў на тэрыторыі дзяржаўнага ляснога фонду, што прылягае да вадаёма Астравок і месцаў адпачынку “Садкі” і “Крынічка” (кв. №№62, 46 і 37 Старыцкага лясніцтва). На момант рэйдавай праверкі КУП “Капыльская ЖКГ” не быў падбуртаваны палігон цвёрдых камунальных адходаў у Грозаве, вакол яго адсутнічалі агароджа і аншлаг, забруджана прылеглая тэрыторыя. ААТ “Праснакі” не выкананы патрабаванні інспекцыі па ліквідацыі несанкцыянаванага сметніка на землях гаспадаркі на тэрыторыі, якая прылягае да грамадзянскіх могілак у в. Загараўшчына.

Аляксей КАРОЛЬ, галоўны санітарны ўрач раёна:

— Па выніках маніторынгу за санітарным станам тэрыторый горада Капыля, які быў праведзены 28 і 29 кастрычніка, накіраваны рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых недахопаў 14 суб’ектам гаспадарання. Сярод іх ААТ “Капыльскі райаграсэрвіс”, СТАА “Капыльская вытворчасць будаўнічых сістэм”, Капыльскае райспажыўтаварыства, ДУП “ПМК-194” УП “Мінсксельбуд”, ДУП “Капыльскае ПМС”, ТАА “Капыльскі энергасэрвіс”, філіял “Капыльскае РБУ” ААТ “Універсалрамбуд”, ПВУП “Койко”, ІП Беразоўскі М. А., КУП “Капыльская ЖКГ”, ПБУП “РамАўтаГіс”, філіял КУП “Мінскаблдарбуд” — “ДРБУ №124”, ЛДД-653-65 РУП “Мінскаўтадарцэнтр”, Капыльскі філіял ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”.

Падрыхтавала Маргарыта САКОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *