Святая Дзева Марыя, малi Бога пра нас!

Актуально Галоўныя падзеі

На працягу тыдня сотні праваслаўных горада і раёна спяшаліся ў Спаса-Узнясенскі храм г. Капыля, каб прыкласціся да іконы Божай Маці “Суцяшэнне”, папрасіць у Дзевы Марыі міласці, дапамогі і аховы. Пра яе цудадзейнасць вядома даўно. І маленькі цуд адбыўся, калі апоўдні ў нядзелю, пасля Боскай Літургіі і прычасці, каб здзейсніць Хрэсны ход вакол г. Капыля, ікону вынеслі з царквы. Шэрае, пахмурнае неба адразу праяснілася, і з-за хмар паказалася сонца…

З вялікай святыняй пад перазвон праваслаўныя прайшлі ад царквы па ўсёй кальцавой дарозе. На працягу шэсця вернікі спявалі царкоўныя песнапенні, а Благачынны цэркваў Капыльскай акругі, протаіерэй Сергій Чарны, настаяцель прыхода храма Успення Прасвятой Багародзіцы вёскі Васільчыцы, іерэй Андрэй Гладкі ўсім сустрэчным выгуквалі радаснае: “Святая Дзева Марыя, малі Бога пра нас!”

На кожным перакрыжаванні дарог Хрэсны ход спыняўся, і святары чыталі Евангелле, благаслаўлялі крыжам і акраплялі прысутных святой вадой. За чатыры гадзіны вернікі, сярод якіх было шмат людзей паважанага ўзросту, пераадолелі больш за 11 кіламетраў, пасля чаго ікону Божай Маці “Суцяшэнне” даставілі ў Спаса-Узнясенскі храм. Айцец Сергій павіншаваў усіх са святам і падзякаваў за малітву, стараннасць. “Няхай Гасподзь дае дабрабыт вашым сем’ям, добрае здароўе, а гораду нашаму — росквіт,” — сказаў ён напрыканцы Хрэснага ходу.

А ўжо ў панядзелак у Спаса-Узнясенскім храме адбылася саборная Боская Літургія з удзелам настаяцеляў храмаў Капыльскай акругі. Пасля гэтага ікона Божай Маці ад-правілася ў Свята-Благавешчанскі Лядзенскі манастыр.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *