Перамогі капыльскіх лёгкаатлетаў

Спорт

У кастрычніку адбылося некалькі знакавых падзей у спартыўным жыцці вобласці, дзе прымалі ўдзел і юныя капыльскія спартсмены.

Удала стартавалі нашы землякі на першынстве Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы, якое праходзіла ў сталіцы краіны. Марына Нікалаеня  і Руслан Гарнастай сталі пераможцамі ў сваіх узроставых групах на дыстанцыі 600 метраў. Нядрэнна паказала сябе і Ганна Баразнёнак, якая прыйшла на фініш з трэцім вынікам. Пастаянны ўдзельнік, неаднаразовы пераможца раённых лёгкаатлетычных кросаў Дзяніс Дубіна стаў прызёрам у бегу на 1500 м, паказаўшы трэці час дня.

Марыне Нікалаені надоўга запомніцца Чэмпіянат Мінскай вобласці па кросе, які праходзіў у г. Мінску. Да апошніх метраў дыстанцыі  вяла яна барацьбу за вышэйшую прыступку п’едэстала гонару. У выніку юная спартсменка 1000 м пераадолела з вынікам 3 хвіліны 20 секунд, паказаўшы другі час дня.

На адкрытым першынстве Плешчаніцкай дзяржаўнай абласной спартыўнай школы алімпійскага рэзерву па лыжаролерах, якое на мінулым тыдні стартавала ў г. п. Плешчаніцы, капыляне паказалі выдатную фізічную падрыхтоўку і волю да перамогі. На дыстанцыі тры кіламетры сярод юнакоў не было роўных Руслану Гарнастаю, які заняў першае месца. Ганна Баразнёнак была лепшай сярод равесніц на 3000 м. Дастойна выступіла і Зінаіда Шчалкун, якая 6-кіламетровую дыстанцыю пераадолела за 16 хвілін 58 секунд. У яе — другі вынік дня.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *