Умець плаваць павінны ўсе!

Спорт Сцежкай здароўя

Адным з нешматлікіх фізічных заняткаў, які амаль не мае супрацьпаказанняў па ўзросце ці стане чалавека, з’яўляецца плаванне. Яно не патрабуе значных матэрыяльных укладанняў. З-за даступнасці і станоўчага эфекту плаванне надзвычай папулярна ва ўсіх узростах. Наколькі папулярны гэты від фізічных нагрузак у нас на Капыльшчыне? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Віктара Васілеўскага.

— Бясспрэчна, плаванне здаўна з’яўляецца дастаткова папулярным відам, у тым ліку і ў нас. Калі гаварыць пра нейкія колькасныя паказчыкі, то ўпэўнена можна канстатаваць, што ў перыяд ацяпляльнага сезона з года ў год усё больш людзей карыстаецца паслугамі фіз-культурна-аздараўленчага комплексу, у прыватнасці — малым і вялікім басейнамі. Толькі за мінулы год тут з задавальненнем паплавалі амаль 15 тысяч наведвальнікаў. Што ні кажыце, а для Капыля лічба даволі ўнушальная.

— Людзі якога ўзросту наведваюць басейн?

— Узрост нашых наведвальнікаў разнастайны — ад 5 гадоў і старэй. Вялікую колькасць складаюць дзеці школьнага ўзросту. Шмат аматараў здаровага ладу жыцця прыязджаюць з сельскай мясцовасці. Тут неабходна адзначыць добрую работу ў гэтым напрамку кіраўнікоў гаспадарак, прадпрыемстваў раёна, старшынь прафсаюзных камітэтаў. Сярод такіх сельгаспрадпрыемстваў — ААТ “Старыца-Агра”, “Піянер-Агра” і некаторыя іншыя. Пастаянна наведваюць фізкультурна-аздараўленчы комплекс і работнікі гарадскіх устаноў, арганізацый. Гэта — ЖКГ, лясгас, райспажыўтаварыства, Капыльскі філіял  ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”, ЦРБ, ДРБУ-124, РЭС, службы райвыканкама.

— А што рабіць тым, хто плаваць не ўмее, а жаданне навучыцца ёсць?

— Калі гаварыць пра школьнікаў, то з другой чвэрці на ўроках фізкультуры ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі будуць праходзіць навучанне плаванню. Для сельскіх школ спецыяльна арганізуецца падвоз да фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Дарэчы, у мінулым сезоне да нас прыязджалі нават школьнікі з Узды. Таксама будуць дзейнічаць групы па навучанні плаванню на платнай аснове як для маленькіх, так і для людзей дарослых.

— Дзякуй за размову.

Гутарыў Сяргей ЛАЗОЎСКІ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *