Аграсацыяпраект: крок за крокам

Образование

У дзяржаўнай установе адукацыі “Капыльская дапаможная школа-інтэрнат” адбылася ўрачыстасць, прысвечаная 10-годдзю ўкаранення і рэалізацыі аграсацыяпраекта. Яго асноўная мэта — атрыманне прафесійнай сельскагаспадарчай падрыхтоўкі і адаптацыя выхаванцаў навучальнай установы да самастойнага жыцця.

На прыёме ў А. Жданені - дэлегацыя з Галандыі

Яшчэ да паездкі ў дапаможную школу-інтэрнат у райвыканкаме адбылася сустрэча дэлегацыі з Галандыі з кіраўніцтвам раёна. У сяброўскай атмасферы абмяркоўваліся разнастайныя пытанні, адным з якіх было далейшае супрацоўніцтва з фондам “Дзіцячыя дамы Беларусі”. Старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня  выказаў удзячнасць замежным гасцям за аказаную дапамогу ў рэалізацыі праекта і запэўніў, што службамі раёна праводзіцца вялікая работа ў адукацыйнай сферы і, у прыватнасці,  у Капыльскай дапаможнай школе-інтэрнаце.

Пасля галандцы наведалі гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства, міні-кірмаш, пазнаёміліся з прыгожымі капыльскімі краявідамі…

Г. Ван дэ Феер, М. Крэпская, А. Юшкевіч, А. Раеўская падчас агляду катэджаў для самастойнага пражывання выхаванцаў школы-інтэрната

Маштабная работа па рэалізацыі аграсацыяпраекта была праведзена дзякуючы намаганням шматлікіх структур. Прадстаўнікі гэтых устаноў і арганізацый сталі ганаровымі гасцямі на святочным мерапрыемстве ў Капыльскай дапаможнай школе-інтэрнаце. На своеасаблівы юбілей завіталі намеснік губернатара Мінскай вобласці Аляксандр Юшкевіч, старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, намеснік старшыні Ала Раеўская, вядучы спецыяліст аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Святлана Сысой, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Казак, дырэктар абласнога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ніна Віктароўская, а таксама галандская дэлегацыя на чале са старшынёй фонду “Дзіцячыя дамы Беларусі” Марыяй Элізабет Схраверус. Усё тут адпавядала сапраўднаму святу — прыгожа прыбраныя будынкі, шматлікія вясёлыя атракцыёны, дзе паўдзельнічаць мог кожны жадаючы, і, бясспрэчна, усмешкі дзяцей, якія шчыра віталі гасцей.

У класе па вывучэнні сельскагаспадарчых дысцыплін

У 2003 годзе паступова пачалася рэалізацыя праекта. Заняткі ў школе-інтэрнаце праводзіліся па асобнай навучальнай праграме. Так, вучні набывалі прафесійную падрыхтоўку, якая ў будучым дазваляла выпускнікам школы-інтэрната працаваць на сельскагаспадарчых аб’ектах. Для гэтага за сродкі фонду была набыта тэхніка, узведзены некалькі сельскагаспадарчых пабудоў — невялікія кароўнік і свінарнік, птушнік і гараж  для  захоўвання тэхнікі, сена- сховішча. Вялікая тэрыторыя дазволіла ўзвесці асобныя вальеры, дзе знаходзяцца козы, авечкі, індакачкі, трусы, куры, в’етнамскія свінкі, нават паўлін і фазан. Госці мерапрыемства на свае вочы ўбачылі падсобную гаспадарку, а таксама даведаліся, як утрымліваецца жывёла ў міні-гаспадарцы і як дзеці ажыццяўляюць догляд за ёй. Было адзначана, што добрую практыку будучыя аграрыі атрымліваюць і ў падшэфнай гаспадарцы — КСУП “С “Лясное”.

М. Схраверус (справа) уручае падарункі старшакласнікам

Ідэя самастойнага пражывання вучняў з’явілася крыху пазней. Яе прапанавала асабіста Марыя Элізабэт. Так, з 2008 года Капыльская дапаможная школа-інтэрнат  стала рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Апрабацыя мадэлі падрыхтоўкі навучэнцаў дапаможнай школы-інтэрната да самастойнага пражывання”. Наступным этапам у рамках рэалізацыі праграмы “Самастойнае пражыванне” стала будаўніцтва двухпавярховага катэджа для пражывання адзінаццацікласнікаў. Дзеці вучыліся гатаваць сабе ежу, прыбіраць пакоі пад наглядам выхавацеля. Адным словам, сумяшчалі вучобу і хатнія клопаты.  У хуткім часе быў уведзены ў строй другі дом, які складаўся з чатырох пакояў. У кожным з іх цяпер пражываюць па два чалавекі. Будаваўся аб’ект на сродкі фонду і мясцовага бюджэту пры актыўным удзеле ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама. Пасля з’явіўся яшчэ адзін чатырохкватэрны катэдж. У камфартабельных будынках, прызначаных як і папярэдні для пражывання вучняў 12 класа, маюцца асобныя ўваходы. За кошт фонду “Дзіцячыя дамы Беларусі” ў в. Калінаўка набылі дом для пражывання выпускнікоў, якія па нейкіх прычынах не змаглі працаўладкавацца. Трэба адзначыць, што ён у цяперашні час пустуе, таму аграсацыяпраект пацвярджае сваё прызначэнне.

Падарунак на памяць аб візіце

Гэта адзіны ў рэспубліцы праект такога роду, адзначалі прысутныя падчас афіцыйнай часткі, якая адбылася ў актавай зале навучальнай установы. Дзякуючы відэапрэзентацыі, якую каменціравала дырэктар  установы  Марына  Крэпская, удзельнікі мерапрыемства яшчэ раз узгадалі, як крок за крокам ён ажыццяўляўся. Было адзначана, што аграсацыяпраект здзейсніўся дзякуючы агульным намаганням фонду “Дзіцячыя дамы Беларусі”, райвыканкама, абласнога ўпраўлення адукацыі пры садзейнічанні Мінаблвыканкама, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Галандская дэлегацыя ва ўнівермагу №1 г. Капыля

Аляксандр Юшкевіч ад імя губернатара Мінскай вобласці Барыса Батуры павіншаваў асабіста Марыю Элізабэт Схраверус з 10-годдзем плённай працы ў галіне адукацыі Міншчыны і выказаў удзячнасць за праводзімую гуманістычную работу. На памяць аб святочнай падзеі гасцям, педагогам установы і вучням старэйшых класаў, якія былі непасрэднымі ўдзельнікамі аграсацыяпраекта, старшыня фонду “Дзіцячыя дамы Беларусі” і дырэктар дапаможнай школы-інтэрната ўручылі падарункі.

Сардэчныя песні — гасцям свята

Напрыканцы адбыўся канцэрт, падрыхтаваны выхаванцамі і настаўнікамі навучальнай установы.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 

 

 

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *