Галоўныя клопаты вераснёўскіх дзён

Актуально Экономика

У цэнтры ўвагі аграрыяў Капыльшчыны — сяўба азімых збожжавых і ўборка кукурузы. Менавіта гэтыя пытанні сталі асноўнымі тэмамі семінара-нарады кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на чале са старшынёй райвыканкама Анатолем Жданенем. Як правільна арганізаваць работу ў гаспадарцы, даведваліся на прыкладзе ААТ “Старыца-Агра”.

Ідзе ўборка кукурузы на сілас каля вёскі Роспы.

На шматгектарным полі непадалёку ад аг. Старыца вялася сяўба азімай пшаніцы. Першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк засяродзіла ўвагу прысутных на перадпасяўной апрацоўцы глебы. “Менавіта пад азімую пшаніцу поле неабходна пераворваць, —  падкрэсліла яна. — Толькі тады можна атрымаць добры ўраджай. Ні ў якім разе не варта “захапляцца” дыскаваннем глебы. “Зразумела, што новыя дыскатары для апрацоўкі вельмі зручныя, — працягваў тэму Анатоль Жданеня. — Гэта мінімальная апрацоўка і мінімальныя затраты. Але неабходна запомніць простую ісціну: калі падрыхтоўка глебы ў мінулым годзе вялася менавіта гэтай тэхнікай, то сёлета палетак неабходна пераворваць. Дыскатар ні ў якім разе не заменіць плуга”.

Механізатары Уладзімір Лебедзь, Іван Кнышэвіч, Анатоль Шнітко на ўборцы кукурузы

Пра вядзенне пасяўной прысутным расказаў дырэктар ААТ “Старыца-Агра” Уладзімір Рудакоўскі. Азімы клін у сельгаспрадпрыемстве складае 1280 гектараў. Пад сяўбу ўжо ўнесены фосфарныя, калійныя ўгнаенні. “У гаспадарцы, — адзначыў Уладзімір Анатольевіч, — сяўба азімых будзе весціся дзвюмя сеялкамі — “Фэндт” і “Амазоне”. Прыкладна па 40 га ў дзень будзе праходзіць кожная з іх”. Па разліках кіраўніка гаспадаркі, сяўбу плануюць завяршыць за два тыдні. Уладзімір Рудакоўскі згадзіўся з тым, што дыскатары трэба выкарыстоўваць умела, і ў кожнай гаспадаркі павінен быць свой, індывідуальны, падыход.

Наступным прыпынкам стаў палетак ля в. Роспы, дзе ішла ўборка кукурузы на сілас. Бальнасць зямлі на гэтым полі невысокая — 19-21. Тым не менш, кукуруза ўрадзіла добрая — вышыня расліны гатунку “Ранальдзіньё” складае прыкладна тры метры. На нарыхтоўцы сіласу працавалі чатыры камбайны рознай мадыфікацыі. Удзельнікі нарады змаглі параўнаць якасць змельчанай масы ад “Нью Холанда”, “Фэндта” і двух беларускіх “Палессяў”.

Ідзе сяўба азімай пшаніцы

Пабывалі ўдзельнікі семінара і непадалёку ад комплексу “Чарнічнае”, дзе зажыналі першыя гектары кукурузы на зерне. У мінулым годзе гаспадарка гэту работу пачала 14-15 верасня. “Весці масавую ўборку яшчэ ранавата, — адзначыў намеснік дырэктара ААТ “Старыца-Агра” па раслінаводстве Андрэй Ашэўскі, дэманструючы вынікі праведзенага тэсту на апараце для вызначэння вільготнасці, якая складае 40%. Таму каля тыдня прыйдзецца пачакаць”. Спецыялісты гаспадаркі падкрэслілі, што культуру для ўборкі на зерне неабходна сеяць як мага раней. Калі выконваць усе тэхналагічныя патрабаванні па сяўбе і доглядзе раслін, тады і ўраджай будзе больш важкім. Гэта пацвердзіў і аналіз зерня кукурузы, узятай з розных палеткаў сельгаспрадпрыемстваў раёна.

На комплексе “Чарнічнае” ішла закладка сіласнай ямы. Ірына Кісляк яшчэ раз засяродзіла ўвагу кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на тэхналогіі выканання гэтай работы. Таксама ўдзельнікі семінара ацанілі якасць плюшчанага збожжа сёлетняга ўраджаю.

ААТ “Старыца-Агра” — сельгаспрадпрыемства, дзе ўсе працэсы адладжаны дасканальна. Акрамя вышэйадзначаных работ адкрытае акцыянернае таварыства вядзе масавую ўборку бульбы (усяго неабходна ўбраць 250 га). Паралельна ідзе ворыва, падрыхтоўка глебы пад азімую сяўбу. Акрамя гэтага, вядзецца наладка новай даільнай залы на 250 галоў у Чарнічным, а ў аг. Старыца рыхтуецца пляцоўка пад новае бульбасховішча на 8 тыс. тон.

А. Ашэўскі (у цэнтры) робіць замер вільготнасці зерня

Удзельнікі семінара абмеркавалі некаторыя іншыя пытанні. Так, па-ранейшаму адным з галоўных застаецца атрыманне малака. У параўнанні з мінулым годам Капыльшчына мінусуе па гэтым паказчыку. Таму Анатоль Іосіфавіч заклікаў адшукаць усе магчымыя рэзервы для таго, каб выправіць  сітуацыю. Такая ж пазіцыя кіраўніцтва раёна і па рэканструкцыі фермаў. Напрыканцы мерапрыемства кіраўнік раёна адзначыў: якія адносіны да справы ў гаспадарках, такія і вынікі работы.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ


Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *