Закладваецца будучы ўраджай

Актуально Экономика

Аграрыі КСУП “Грозава-агра” яшчэ на мінулым тыдні распачалі сяўбу азімых збожжавых. Першыя палеткі заняла азімая пшаніца гатунку “Фінэзія”, элітнае насенне якой было закуплена ў ААТ “Ціміразеўскі”. На дадзены момант у сельгаспрадпрыемстве пад ураджай 2014 года ўжо пасеяна  звыш 170 га. Увогуле ж па плане азімыя зоймуць 800 га: 400 – пшаніца і 400 – трыцікале.

Механізатар А. Нераненя з галоўным аграномам М. Млынарчыкам

— Пад сяўбу азімых у нас ужо падрыхтавана 370 га глебы, — адзначае галоўны аграном КСУП “Грозава-агра” Мікалай Млынарчык. — Пры спрыяльных умовах надвор’я да 25 верасня з заданнем павінны справіцца. Збояў з забеспячэннем палівам  пакуль што не было. Насенны матэрыял (па 100 т пшаніцы і трыцікале) таксама падрыхтаваны, правераны і адпавядае стандартам. Насенне пратручваецца, праводзіцца інкрустацыя, да яго дадаецца мікраўгнаенне “Сейбіт”.

На падрыхтоўцы глебы заняты два трактары з плугамі, на якіх добрасумленна працуюць вопытныя механізатары Іван Васцянаў і Аляксандр Машэй. Калі першы з іх наладжваў сваю тэхніку на мехдвары, другі шчыраваў на полі. Таму менавіта з ім адбылася наша сустрэча. Аляксандр ужо 17 гадоў працуе ў родным сельгаспрад- прыемстве. Любоў да зямлі яму прывіта з дзяцінства. Яго бацькі, два браты — усе заняты ў сельскай гаспадарцы. Жонка працуе ў сталовай, а сын – сямікласнік мясцовай школы. Сям’я набыла ў Грозаве дом, паціху яго абустроілі і лічаць, што жыць у родных мясцінах лепей, чым дзе.

Механізатар А. Машэй

А вось наша першае знаёмства з Аляксандрам Нераненем, які зараз заняты на сеялцы, адбылося некалькі гадоў таму, калі ён працаваў на камбайне і быў лідарам жніва сярод моладзі ў раёне.

— Ужо гадоў чатыры, як пайшоў з камбайна, — гаворыць Аляксандр. — Цяпер я поўнасцю займаюся сяўбой. На мне і рапс, і азімыя, і яравыя, толькі падчас нарыхтоўкі кармоў магу перасесці на кормаўборачны камбайн.

Яно і сапраўды так. За год механізатару даводзіцца пасеяць каля 1,5 тысячы гектараў. Увогуле ён адзін паспяхова спраўляецца з усімі пасяўнымі плошчамі ў гаспадарцы. У КСУП “Грозава-агра” Аляксандр з 2000 года, пасля службы ў арміі. Маладая сям’я жыве ў доміку, што выдзеліла сельгаспрадпрыемства, выхоўваюць сына-школьніка.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота Паўла ШЭІНА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *