Бягом i летам, i зiмой

Сцежкай здароўя

Гэтага даволі высокага, атлетычнага, добразычлівага і ўсмешлівага маладога мужчыну добра ведаюць жыхары аграгарадка Мажа, вёсак Сцяпуры, Калодзезнае… Сяргей Місючэнка проста “прымільгаўся” сельскім жыхарам гэтых населеных пунктаў. І “вінавата” ў гэтым хобі Сяргея — бег. Менавіта праз вышэйназваныя вёскі праходзіць яго шматкіламетровы маршрут, па якім шэсць дзён у тыдзень (!) прабягае Сяргей. І не важна:  гэта цёплае лета ці марозлівая зіма. А кіламетраў у гэтым маршруце — ажно 30!

Спортам захапіўся, як часта бывае, яшчэ са школы. Спачатку займаўся лыжамі ў секцыі тады яшчэ першай школы (цяпер — гімназія №1) пад кіраўніцтвам Анатоля Сенюка. Пасля захапіўся і бегам. Першым сур’ёзным стартам старшакласніка стала спартыўнае свята “Капыльскае кальцо” ў 1990 годзе. Тады Сяргей пераадолеў пяць кіламетраў. Праз год дыстанцыя была ўжо больш сур’ёзнай — 11 км.

Невялікі перапынак — тэрміновая служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь — не паўплываў на захапленне. Працаўладкаваўшыся, Сяргей працягваў трэніроўкі, пастаянна выступаў на разнастайных раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Мінск, Гродна, Віцебск, Маладзечна — няма, мабыць, ніводнага горада Беларусі, дзе б ні выступаў капыльскі спартсмен-аматар. Зразумела, пры ўмове, што там праводзіліся спаборніцтвы.

З’яўляючыся работнікам КУП “Капыльская ЖКГ”, Сяргей Місючэнка ўваходзіць у склад спартыўнай каманды прадпрыемства. Неаднаразова камунальнікі, прымаючы ўдзел у раённых летніх і зімніх спартакіядах, выходзілі пераможцамі. І, мяркую, дзякуючы, у тым ліку добраму выступленню  Сяргея. Яго, як спартсмена-мнагаборца заўважылі ў абласной структуры. З таго часу Місючэнка адстойвае гонар галіновага прафсаюза — работнікаў мясцовай прамысловасці вобласці, куды ўваходзяць і члены прафсаюза капыльскай камунальнай службы. Неаднаразова ён станавіўся пераможцам рэспубліканскай галіновай спартакіяды.  Два гады запар сваю ўніверсальнасць Сяргей дэманстраваў у пяці відах праграмы — бег 60 м, падцягванне, скачок у даўжыню з месца, плаванне і бег 1000 м. З нядаўніх поспехаў — трэцяе месца ва ўзроставай групе 30-39 гадоў на “Капыльскім кальцы”, перамога ў абласным кросе на Нарачы, які адбыўся ў сярэдзіне чэрвеня, першае месца на дыстанцыі 10 км на свяце спорту, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Трэніроўкі з нядаўняга часу праводзіць разам з дырэктарам ДЮСШ АФП работнікаў АПК, вядомым спартсменам Дзмітрыем Булам. Па словах Сяргея, больш вопытны бягун заўсёды дасць слушную параду, параіць больш дасканалую сістэму трэніровак.

Наперадзе — рэспубліканская спартакіяда работнікаў мясцовай прамысловасці, дзе Місючэнка безумоўна будзе адным з фаварытаў, таму што сур’ёзна рыхтуецца да яе. Асабліва — да бегавых дысцыплін.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

НА ЗДЫМКУ: С. Місючэнка (у цэнтры пад №872) на “Капыльскім кальцы-2012”.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *