Камп’ютар і дзеці: за” і супраць”

Сцежкай здароўя

Сёння камп’ютары і ноўтбукі сталі неад’емнай часткай нашага жыцця. І вельмі часта ўзнікаюць пытанні: наколькі электронныя машыны шкодныя для здароўя нашых дзяцей і з якога ўзросту можна імі карыстацца?

Вывучаючы гэту праблему, сутыкаешся з разнастайнымі меркаваннямі і адказамі на пытанні. У большасці артыкулаў адлюстроўваюцца два бакі такіх зносін. Першы — карысны. Бясспрэчна, хлопчыкі і дзяўчынкі набываюць пэўныя ўменні, навыкі, што садзейнічаюць іх далейшаму развіццю, пашыраюць кругагляд. Бадай, гэта адзіная станоўчая прычына, якую адзначаюць у шматлікіх СМІ… Астатнія довады, якіх, дарэчы, набярэцца нямала, больш характарызуюць зносіны дзяцей з камп’ютарамі як непажаданыя, асабліва ў раннім ўзросце. З адмоўных прычын можна назваць:

— напружанне органаў зроку, якое прыводзіць да ўстойлівага стамлення вачэй;

— уздзеянне на цэнтральную нервовую сістэму. Даследаванні паказалі, што карыстанне камп’ютарам больш за 6 гадзін у тыдзень выклікае галавакружэнне і рассеянасць;

— негатыўныя вынікі для мышцаў рук, якія прыводзяць да парушэнняў кровазвароту і стамляемасці;

— парушэнне паставы (па-руску — “осанки”);

— перанапружанне шыйнага аддзела пазваночніка, якое вядзе да кіслароднага галадання мозгу, мігрэняў;

— іншая шкода. Тут можна адзначыць дэфіцыт актыўнай рухальнай дзейнасці, што вядзе да слабага фізічнага развіцця. Таксама парушаецца і псіхіка дзіцяці.

Калі дзеці ўсё ж такі карыстаюцца гэтай тэхнікай, то ёсць нават прыкладная формула, выведзеная сучаснымі вучонымі. Па ёй лёгка  палічыць  час, які юныя карыстальнікі могуць знаходзіцца за камп’ютарам: узрост дзіцяці неабходна памножыць на 3. Так, хлопчык ці дзяўчынка ва ўзросце 10 гадоў можа знаходзіцца ля экрана ўстройства не больш за 30 хвілін. Пры гэтым пасля карыстання неабходна адпачыць не менш за паўтары гадзіны (час, праведзены за камп’ютарам памножаны на 3). Непажадана, каб гэта тэхніка знаходзілася ў дзіцячым пакоі. Памяшканне, дзе стаіць камп’ютар ці ноўтбук, абавязкова трэба праветрываць.

Бясспрэчна, неабходна разумець, што камп’ютар можа нанесці шкоду здароўю хлопчыкаў і дзяўчынак. Але гэта не азначае, што электронную машыну неабходна зусім выключыць з іх жыцця, падкрэсліваюць даследчыкі. Проста карыстацца камп’ютарам неабходна ў меру!

Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *