Смачнае лета ад «Лоцвінскіх удалух»

Культура

“Лоцвінскія ўдалухі” Галіна Дрожжа і Валянціна Шыманская

Мы зноў пачынаем гатаваць. На двары – лета,  таму і стравы, пра якія мы будзем гаварыць, прыгатаваны з агародніны і грыбоў. Без выкарыстання мяса. З намі побач – сапраўдныя гаспадыні з аматарскага  аб’яднання  “Лоцвінскія  ўдалухі” Галіна Дрожжа і Валянціна Шыманская.

Суп бульбяны з грыбамi

На першае мы будзем падаваць суп бульбяны з грыбамі. Для таго, каб яго прыгатаваць, возьмем 6-8 бульбін, грамаў 30 грыбоў, адну цыбуліну, зеляніну, 2 зубчыкі часнаку, 30 г грэцкіх арэхаў, алей, соль ды яшчэ перац.

Спачатку трэба адварыць грыбы, дробна іх пасекчы і абсмажыць на алеі. Дададзім соль і перац. У гэты ж час асобна паставім варыць і бульбу, каб было хутчэй. Калі яна зварыцца, да-станем і разамнём або пратром праз сіта і разбавім бульбяным адварам да гушчыні супу. У бульбяную масу нашай стравы пакладзём грыбы і пракіпяцім. Прыгатуем запраўку: для гэтага дробна парэжам кроп, пятрушку, сельдэрэй, відэльцам разамнём арэхі і дабавім іх у зеляніну. Цяпер крыху часнаку і солі – і цудоўны летні суп атрымаўся!

Аладкi

На другое мы будзем частаваць нашых блізкіх вядомымі бульбянымі аладкамі, але дабавім… рыбу і шампіньёны. Возьмем 10 бульбін, 1 яйка, зноў-такі зеляніну, крыху мукі, соль-перац на смак. Традыцыйна тром бульбу на дробнай тарцы, дадаём муку, сырое яйка, солім-перчым і перамешваем. Цяпер прыгатуем фарш. Адварым 100 г грыбоў (пажадана шампіньёнаў) і яйка. Прапускаем праз мясарубку 250 г філе рыбы, абсмажваем з цыбуляй і адваранымі грыбамі, зноў-такі солім-перчым, дадаём адно дробна пасечанае яйка, перамешваем з бульбяной масай. Цяпер на гарачую патэльню з алеем выкладваем цеста. Аб-смажваем да румянай скарыначкі з двух бакоў. Калі ўсе аладкі пасмажаны, складваем іх у форму і ставім у духоўку хвілін на 10. Гатовыя аладкі пасыпаем зелянінай.

На дэсерт – сухарыкi

Рэцэпт, як і спосаб прыгатавання, вельмі просты. Да паўлітры кефіру (або смятаны) дададзім адну шклянку цукру, тры яйкі, 100 г сметанковага масла і соды, гашанай воцатам. Мукі сыплем столькі, каб цеста адставала ад рук. Раскатаем яго, парэжам ромбікамі і – у духоўку хвілін на 20.

Вось такі сапраўдны беларускі абед мы прыгатавалі. Смачна есці!

Дзіяна ТКАЧЭНКА

 


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *