Новыя тэхналогii – на ферме ў Жылiхаве

Актуально Галоўныя падзеі

У мінулы аўторак адбылося падпісанне акта прыёмкі даільна-малочнага блока (што тычылася будаўнічай часткі і добраўпарадкавання тэрыторыі) на рэканструіруемай малочнатаварнай ферме ў ЗАТ “Жыліхава”.

На шматлікіх нарадах, дзе закраналіся пытанні рэканструкцыі малочнатаварных фермаў, не раз з вуснаў старшыні райвыканкама Анатоля Жданені гучалі словы высокай ацэнкі работы кіраўніка ЗАТ “Жыліхава” Аляксандра Кукраша ў гэтым напрамку. Гаварылася, што ў многім дзякуючы яго настойлівасці, мэтанакіраванасці і зацікаўленасці ў хутчэйшым выкананні пастаўленай задачы будаўнічыя работы вяліся такімі тэмпамі. Не адмовіўся ад сваіх слоў кіраўнік раённай “вертыкалі” і падчас наведвання фермы прыёмачнай камісіяй.

Новая даільная зала

Будаўнічыя работы, як расказаў Аляксандр Кукраш, пачаліся ў лістападзе мінулага года. Менавіта тады з клюшак было зманціравана памяшканне даільнай залы, а з лютага 2013 года, пасля змены падраднай арганізацыі, работы на ДМБ пайшлі поў-ным ходам. Паралельна (гаспадарчым спосабам) ішла рэканструкцыя аднаго з двух кароўнікаў: практычна ўсё абсталяванне было зрэзана, заліта новая падлога, кармавыя сталы, пастаўлены сучасныя вокны з полікарбанату, металічныя дзверы, накрыты дах з празрыстым вільчаком, прадумана сістэма гноевыдалення і інш. Практычна такія ж работы былі праведзены і ў маі-ліпені на кароўніку № 3, калі адтуль на кругласутачную пасьбу былі выведзены каровы.

У даільнай зале зманціравана сучаснае абсталяванне “Свінговер” 2х16 фірмы “Унібокс”. Зала спраектавана такім чынам, каб забяспечыць максімальны камфорт для абслуговага персаналу і жывёлы пры адначасовым павышэнні вытворчасці і эфектыўнасці. Усяго тут будуць задзейнічаны тры даяркі замест сённяшніх дзесяці, слесар. “Паколькі ўвесь працэс кантралюецца камп’ютарам, — расказвае Аляксандр Паўлавіч, — мы прынялі рашэнне накіраваць на курсы спецыяліста, які будзе на ім працаваць”.

Нямала зроблена і па добраўпарадкаванні тэрыторыі: пера-планаваны і ў асноўным забетаніраваны выгульныя двары, вакол будынкаў зроблена адмостка з водаадводамі, знайшлося нават месца і для клумбы, куды ў хуткім часе будуць пасаджаны кветкі.

Ідзе падпісанне акту прыёмкі

“У сувязі з правядзеннем рэканструкцыі фермы ўзнікла праблема, якую неабходна было тэрмінова рашаць, — расказвае Аляксандр Кукраш. — Нам не было куды ставіць сухастойных кароў. А паколькі МТФ размешчана побач з машынна-трактарным дваром, урэзаліся ў яго тэрыторыю — на базе аднаго з ангараў для захоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі зрабілі цэх сухастою. Жывёла раздзелена на два перыяды, ёсць магчымасць пасля расцёлу на працягу 5-6 дзён утрымліваць яе тут жа, паколькі мы паставілі невялікую даільную ўстаноўку на чатыры галавы”.

Лагічна, што цяпер у гаспадарцы заклапочаны праблемай фарміравання статка на ферме, дзе заканчваецца рэканструкцыя. Паводле слоў кіраўніка сельгаспрадпрыемства, у асноўным гэта будуць цялушкі і першацёлкі, якія расцяліліся некалькі месяцаў таму. Іх будуць збіраць з усёй гаспадаркі.

“Безумоўна, мы панеслі вялікія расходы, — адзначае Аляксандр Паўлавіч. — На будаўнічыя работы ўжо пайшло 4 млрд уласных сродкаў. Да таго ж больш за 2 млрд рублёў было выдаткавана з бюджэту. Акрамя таго ў лізінг былі набыты даільная зала і халадзільнік на 8 тон, за якія мы будзем вымушаны разлічвацца на працягу 7 гадоў. Але я думаю, што гэтыя затраты апраўдаюць сябе. Кармы ў нас ёсць, цяпер справа за выкананнем тэхналогіі, без якой выніку не будзе”.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара

 



 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *